19 красавiка 2024, Пятніца, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правакатары і героі – у чым розніца?

15
Правакатары і героі – у чым розніца?

Назіраючы за падзеямі ва Ўкраіне кожны можа адказаць для сябе на пытанне пра тое, у чым розніцца паміж мірнымі мітынгоўцамі, і – з іншага боку – правакатарамі.

Як старонняму, непарадузятаму назіральніку адрозніць першых ад другіх у сітуацыі, калі і першыя са зброяй у руках, і другія са зброяй; і першыя захопліваюць дзяржаўныя будынкі, і другія захопліваюць – як тут разабрацца, дзе мірны пратэстовец, а дзе злачынцца? Адказ на гэтае пытанне дае назіранне за спробамі анэксіі Расеяй часткі Ўкраіны.

Калі ў Кіеве мірныя пратэстоўцы бралі ў рукі зброю і кактэлі, дык рабілі гэта толькі дзеля таго, каб абараніць сябе, каб не стацца лёгкаю здабычаю для тых, хто збіраўся іх весці як бараноў на зарэз. У Крыме мітынгоўцы бяруць зброю і кідаюць светла-шумавыя гранаты, калі ўлада супраць іх не тое, што страляць не пачынала, а нават ніводнага беркутаўца са шчытом не выставіла.

Калі ў Кіеве мірныя мітынгоўцы захоплівалі дзяржаўныя будынкі, дык рабілі гэта адкрыта і прадстаўляліся журналістам. Калі ж мітынгоўцы захапілі Дзяржадміністрацыю Крыма, дык яны хавалі свае твар і адмаўляліся прадстаўляцца.

Калі ў Кіеве людзі атачылі Раду, яны публічна агучылі, што робяць гэта дзеля таго, каб Рада сабрала ў кучу ўсю сваю палітычную волю і спыніла грамадзянскую вайну ва Ўкраіне. На тым вырашальным паседжанні Рады, якое адбывалася 22 лютага, свабодна прысутнічалі журналісты, кожны дэпутат адкрыта мог выказваць сваю волю, у кожнага чалавека былі сродкі сувязі. Калі ж невядомыя правакатары захапілі Парламент Крыма, яны амовіліся запускаць у будунак журналістаў (апроч расейскіх тэлеканалаў!) і нікому не была вядома мэта, з якою адбываеца забурэнне. Апроч таго, ва ўсіх дэпутатаў – вы толькі падумайце сабе! – адабралі сродкі мабільнай сувязі, каб ніхто не перадаў “на волю”, што кворуму-та няма!

Разумеце, якая аграменная розніца паміж мітынгоўцамі Кіева, якіх увесь свет называе героямі, і мітынгоўцамі Крыма, якіх апроч як правакатарамі і бандытамі не назавеш.

Нехта можа і паспрабуе запярэчыць, заявіўшы, што крымскія мітынгоўцы не правакатары, а такія ж грамадзяне Ўкраіны, як і мітынгоўцы Кіева і іншых гарадоў, але тут ёсць яшчэ адно істотнае “але”, якое з усёй паўнатою дазваляе называць крымскіх мітынгуючых правакатарамі. Гэтае “але” называецца “сцяг” ці, калі па-ўкраінску, “прапор”. Калі па ўсёй Украіне супраціўнікі рэжыма Януковіча неслі перад сабою сіне-жоўты сцяг Украінскай дзяржавы, дык цяперашнія мітынгоўцы аўтаноміі садралі гэты сымбаль Украіны з Парламента Крыма, які яшчэ ніхто не аспрэчыў як неад’емную частку Украіны, і ўзнялі над будынкам Рады сцяг суседняй краіны – Расейскай Фэдэрацыі. І што, нехта памыліцца, калі назаве такіх мітынгоўцаў правакатарамі?

Многім беларусам гэты ўчынак крымскіх правакатараў нагадаў такія ж бандыцкія дзеянні, якія адбываліся ў Менску 14 траўня 1995 года, калі на будынку парламента беснаватыя неакамуністы без ніякага права і закона дралі на кавалкі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг беларускага народа.

На жаль, Расея і бандыцкія рэжымы, ёю падтрымоўваемыя, іншым чынам дзейнічаць і не ўмеюць, нават калі б мелі на тое жаданне. А можа і на нашае шчасце, што не могуць і не ўмеюць, бо гэта нядобра, каб злачынства чынілася пад тым жа сцягам, пад якім чыніцца і дабро.

І як бы не хацелася адваротнага крэмлёўскім тэхнолагам, але прыйдзе дзень, калі над Парламентам Беларусі будзе вольна лунаць бел-чырвона-белы сцяг, а ў падручніках гісторыі будуць чытаць маленькія беларусы пра герояў, якія ахвяравалі сабою пад бел-чырвона-белым сцягам, і бандытаў, якія пад чырвона-зялёным нішчылі беларускасць і множылі беззаконні.

Як бы не тужыліся імперскім шавіністы, хуткі той дзень, калі над Парламентам Крыма будзе мірна лунаць синьо-жовтий прапор, а ў крымскія школьнікі будуць чытаць у падручніках гісторыі пра герояў, якія під тим прапором паміралі, і правакатараў, якія пад сцягам Расеі спрабавалі адарваць ад Украіны родную школьнікам паўвыспу.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках