25 красавiка 2024, Чацвер, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААЦ назвалі ворагам інтэрнэту

11
ААЦ назвалі ворагам інтэрнэту

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку ўключаны ў сусветны спіс ворагаў інтэрнэту.

Справаздача складзеная міжнароднай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў».

У гэтым годзе спіс ворагаў інтэрнэту ўяўляе сабой пералік арганізацый, якія ва ўсім свеце замінаюць свабодзе выказвання ў Інтэрнэце, перадае «Радыё Свабода».

Беларускі ААЦ з'яўляецца арганізацыяй, чые функцыі выходзяць далёка за межы цэнзуры ў Інтэрнэце, шпіянажу за журналістамі і курыравання правайдэраў, сцвярджаюць аўтары справаздачы. Таксама адзначаецца, што Указ №60 «Аб мерах па ўдасканаленні нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт» абавязвае правайдэраў выкарыстоўваць SORM (сістэму тэхнічных сродкаў для забеспячэння функцый аператыўна-даследчых мерапрыемстваў) для адсочвання інтэрнэт-актыўнасці.

У Расеі падобныя функцыя выконвае ФСБ. Сярод іншых ворагаў інтэрнэту аўтары называюць арганізацыі ў Кітаі, Узбекістане, Туркменістане, Саудаўскай Аравіі і іншых краінах.

На гэты раз у спіс трапілі тры арганізацыі, якія дзейнічаюць у дэмакратычных краінах - Агенцтва па нацыянальнай бяспецы (NSA) у ЗША, Цэнтр урадавай сувязі (GCHQ) у Велікабрытаніі і Цэнтр развіцця тэлекамунікацый (C-DOT) у Індыі.

Даклад пачынаецца са згадкі пра выступленне галоўнага рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай у Вене на канферэнцыі АБСЕ ў лютым 2013 года. Рэагуючы на выступленне на канферэнцыі намесніка начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку Уладзіміра Рабаволава, Наталля Радзіна заявіла наступнае:

«У 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка, якога справядліва называюць «апошнім дыктатарам Еўропы», падпісаў указ аб рэгуляванні інтэрнэту. Выконваць гэты ўказ даручана новастворанай структуры - Аператыўна-аналітычнаму цэнтру, прадстаўніка якога мы тут бачым...

Паводле гэтага ўказу (ён дзеліцца на 2 часткі), ажыццяўляецца поўная рэгістрацыя карыстальнікаў і захоўваецца інфармацыя пра аказаныя ім паслугі. Далей - увесь бізнес пераводзіцца на беларускі хостынг. Выконваць гэты ўказ даручана ААЦ, і, згодна з іх рэкамендацыямі, сапраўды ўводзяцца «чорныя спісы». У чорныя спісы трапілі апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Был пыл у вочы - маўляў, гэта дзіцячая парнаграфія і таму падобнае. І пад гэта ўсё трапілі вядучыя інтэрнэт-рэсурсы. Мы губляем велізарную аўдыторыю з-за гэтага. Таму што эканоміка ў Беларусі - дзяржаўная, а сайты з чорных спісаў забароненыя да прагляду ў дзяржаўных установах.

Сёння прадстаўнік ААЦ казаў пра тое, што неабходны дыялог, і як добра, што тут ёсць журналісты. Так, я сёння магу быць тут. Але, калі б я была ў Беларусі, я была б у турме».

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку быў створаны 21 красавіка 2008 года ўказам кіраўніка. Эксперты адзначаюць ключавую ролю арганізацыі ў абмежаванні інтэрнэт-свабоды ў Беларусі, увядзенні і рэалізацыі адпаведных заканадаўчых нормаў (сярод іх і Указ №60) і функцыянаванні «чорнага спісу» інтэрнэт-рэсурсаў, заблакаваных у дзяржаўных установах Беларусі.

Беларусь уваходзіць у лік ворагаў інтэрнэту трэці год запар.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках