18 красавiка 2024, Чацвер, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Булгакаў: Лукашэнка паставіў усе фішкі на Крэмль

38
Валерый Булгакаў: Лукашэнка паставіў усе фішкі на Крэмль

У канфлікце паміж Расеяй і Украінай беларускі кіраўнік пайшоў ва-банк.

Такое меркаванне выказаў гісторык, палітолаг Валерый Булгакаў, каментуючы сайту charter97.org заяву Лукашэнкі аб тым, што «ніякія «крамлі» на яго не ціснуць».

«Відавочна, Крэмль у такой сітуацыі апынуўся сам-насам з адстойваннем сваёй пазіцыі на міжнароднай арэне. Фактычна ні адна дзяржава ў свеце, у тым ліку на прасторы так званай Садружнасці незалежных дзяржаў, не падтрымала яго агрэсіўных дзеянняў. Таму сама па сабе сітуацыя спрыяла і штурхала да прамога або ўскоснага скланення да дзеянняў, на якія пайшло беларускае кіраўніцтва, а менавіта - размяшчэнне ў Беларусі 15 баявых расейскіх самалётаў», - сказаў ён.

Палітолаг адзначыў, што ў пачатку канфлікту, калі ніхто не адчуваў, што ён зойдзе так далёка, лукашэнкаўская пазіцыя была досыць умеранай.

«Але за некаторы час адбыўся паварот ад нейкага больш ці менш ураўнаважанага падыходу да безумоўнай падтрымкі Крамля, хоць яна яшчэ мае свае рамкі. Лукашэнка тут ідзе да канца, таму што Расея была і застаецца асноўным геапалітычным спонсарам Беларусі. І ў такой сітуацыі ён фактычна зрабіў свой выбар, які для яго сапраўды быў вельмі абмежаваны. Бо любое падлашчванне з Захадам і непрыняцце крамлёўскіх рашэнняў магло азначаць пагаршэнне яго пазіцый у Беларусі як мінімум у кароткатэрміновым плане. Лукашэнка выдатна разумее, што без Расеі ў гэтага рэжыму няма будучыні, і папросту ўсе свае фішкі паставіў на Расею, да канца не адчуваючы, ці выйдзе яна пераможцам», - дадаў Валерый Булгакаў.

Нагадаем, учора на пасяджэнні Савета бяспекі беларускі дыктатар сказаў, што «пры вызначэнні пазіцыі Беларусі па сітуацыі ва Украіне ён зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў краіны».

«На мяне ніхто не цісне, ніякія «крамлі» і іншае на мяне ніколі не ціснулі», - заявіў ён.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках