29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Халуйскі батальён штурмуе Крым

14
Халуйскі батальён штурмуе Крым

Паўднёвы напрамак для Расіі сёння стратэгічны.

Яшчэ зусім нядаўна віравала там Алімпіяда. І пакуль наіўны свет дзівіўся падзеям, што адбываліся ў Сочы, крамлёўскі правадыр скіроўваў паціху войска да ўкраінскай мяжы. Неблагая сабралася групоўка. І шмат каму ўжо зразумела, што Крым Расія праглыне. Нездарма ж мудры вайскавод на пярэдні край кінуў галоўны свой калібр – расійскую інтэлігенцыю.

Сапраўды, было даволі дзіўна. Тут такія падзеі. Адразу пасля спартовага свята апынуліся ледзь не на парозе трэцяй сусветнай вайны. Ва ўсякім разе, халоднай. А інтэлігенцыя маўчыць. Хіба толькі рокеры крычаць. Ды невялікая купка нязгодных на плошчы. А дзе ж усе тыя, хто лічыцца здаўна сумленнем нацыі?

Навальніца збіралася доўга. І вось нарэшце грымнула. Яны выказалі тое, што набалела. Усе разам. Адначасова. І сутнасць палымянай іх прамовы сканцэнтравалася ў адным радку. Вось ён, нібы адліты ў бронзе. На зайздрасць нашчадкам. На стагоддзі. Да скону дзён. Напэўна, гэтак пішуць крывёю сэрца. Аднойчы ў жыцці.

“Вот почему мы твердо заявляем о поддержке позиции президента Российской Федерации по Украине и Крыму”.

“Вот почему” – зусім неістотна. Там штосьці наконт агульнай гісторыі ды гэткіх жа каранёў.

Пра духоўнасць таксама – як жа без яе? І зразумела, пра “общность народов”. Звычайная імперская лухта, якая пераліваецца штодзённа на старонках патрыятычнай прэсы. А вось “мы твердо заявляем о поддержке позиции президента РФ по Украине и Крыму” - гэта ўжо не жарты. Фактычна гэта індульгенцыя. Яны яшчэ не ведаюць, што ён наважыўся там учмурыць, але падтрымліваць безумоўна.

Штосьці падобнае не так даўно змайстравала іншая творчая група. Калектыўны ліст Януковічу. Аднак стрэл быў халасты. Адрасат збег з месца падзей, не дачакаўшыся падтрымкі творчых аднадумцаў. Ды і аўтографы свае пад тым лістом пакідалі пераважна штатныя савецкія падпісанты. Людзі сталага ідэалагічнага пакалення.

А тут – панарама зусім іншая. Больш за трыста асоб падпісалі ліст. Пераважна зоркі першай велічыні. Вядомыя майстры. Уладзімір Співакоў. Аляксей Баталаў. Юры Башмет. Карэн Шахназараў. Павел Лунгін. Юры Бутман. Дзяніс Мацуеў. Алег Табакоў. І шмат хто яшчэ – з таленавітых і запатрабаваных. Здавалася б, дзе яны, а дзе той Пуцін. Аднак жа рызыкнулі рэпутацыяй. Самі сябе заштурхнулі ў халуйскі натоўп, закліканы стварыць ілюзію ўсенароднай падтрымкі імперскага дзікунства.

А як жа іх удзячная кіеўская публіка? Ды ўсё ў норме. Кінулі з віртуознай лёгкасцю. Яны ж – зоркі сусветнай велічыні. Адной краінай меньш, адной больш, у чым праблема?

Так, і ў гэты час ёсць шмат людзей, якія не баяцца і на кампрамісы не ідуць. Рашуча выказаліся супраць імперскай агрэсіі Уладзімір Вайновіч, Андрэй Бітаў, Эльдар Разанаў, Лія Ахеджакава, Алег Басілашвілі, Зміцер Быкаў, Андрэй Макарэвіч, Юры Шэўчук, Сяргей Гандлеўскі ды іншыя вядомыя людзі. Але расійскае грамадства зрабіла выгляд, што іх не пачула.

Дзіўны выбар зрабілі падпісанты вернападданніцкага ліста. Цяпер злачынства, якім стане акупацыя чужой тэрыторыі, крамлёўскі правіцель падзеліць не з якой-небудзь мясцовай шпаной, а найперш з вядомымі дзеячамі расійскага мастацтва.

Кажуць, іх прымусілі. Шмат у каго выйсця іншага проста не было. Але наўрад ці гэта так. Ужо якія магчымасці прымусу былі ў савецкай ўлады. Аднак Мсціслаў Растраповіч і Галіна Вішнеўская не пабаяліся ў сваім доме даць прытулак былому сталінскаму зэку – вядомаму пісьменніку, за якім няспынна сачыла КДБ. За гэты дзёрзкі ўчынак яны заплацілі высылкай. У той час – без надзеі на вяртанне.

Віктар Астаф’еў кожным творам сваім пасылаў ненавіснай уладзе праклёны. Цкавалі яго ўсё жыццё. Не зламіўся, не змоўк.

А гарачым летам 1968 года на галоўную плошчу Масквы з дзіцячым вазком выйшла паэтка Наталля Гарбанеўская. Ратаваць гонар краіны. У той самы час, калі ў Прагу ўваходзілі савецкія танкі.

Творчыя людзі заўсёды кудысьці імкнуцца. У тыя часы – на плошчу, да волі. Цяпер – бліжэй да ўлады. І гэты мастацкі батальён не прападзе і на вайне не згіне. У горшым выпадку дзе-небудзь за мяжой, як гэта ўжо было не аднойчы, перад ягонымі ваярамі раптам зачыняцца дзверы звычайнага рэстарана: “Акупантаў не абслугоўваем!” І перад канцэртнымі залямі іх не аднойчы звычайныя людзі сустрэнуць плакатамі з тым жа словам. Крыўдна і горка. Але ўдзячная ўлада маральныя страты кампенсуе шчодра прэстыжнымі прэміямі, чарговымі званнямі і проста пачопкамі. Паслугі не забываюцца.

Шкада толькі тых, каго так зацята абараняе сёння Расія. Няма сумневу, што рэферэндум пад прыцэлам аўтаматчыкаў, пры падтрымцы бронетэхнікі і апалчэнцаў мастацкага батальёна пройдзе паспяхова. А потым абяцаныя выгоды кудысьці раптам знікнуць. Грошы на падвышэнне заробкаў ды пенсій скрадуць. Туды, дзе шмат бэтээраў і зброі, людзі не імкнуцца. Пскоўскія дэсантнікі, якія бароняць даму з сабачкам, энтузіязму турыстаў чамусьці не выклікаюць.

І каму тады крымскія хлопчыкі і дзяўчаткі будуць прадаваць “сладкую ароматную малинку”, каб зарабіць сабе на доўгі і панылы час паміж сезонамі?

Зразумела, ніякіх анэксій Расія не плануе. Яна ж такая духоўная! Яна толькі спяшаецца на дапамогу рускамоўнаму насельніцтву. А таму пытанне не столькі ў тым, ці захопяць яны тую няшчасную паўвыспу, колькі ў тым, хто будзе потым на чарзе? Україна, Эстонія, Латвія? Пакрыўджанай імперыі тэрмінова патрабуецца рэванш.

І хто ад той навалы абароніць Беларусь?

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках