25 красавiка 2024, Чацвер, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Пуцін - смяротная пагроза для Еўропы і ўсяго свету

24
Андрэй Саннікаў: Пуцін - смяротная пагроза для Еўропы і ўсяго свету

Беларусам трэба падтрымліваць украінцаў і змагацца за сваю незалежнасць.

Пра гэта заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, каментуючы «Радыё Свабода» сітуацыю ва Украіне.

- Як вы ацэньваеце «крымскі рэферэндум»?

- Вынікі ніяк нельга ацэньваць, таму што, паводле міжнароднага права, адбыўся нелегітымны «рэферэндум» - пад стрэльбамі, ва ўмовах акупацыі. Як можна гэта ацэньваць? Ацэньваць трэба тых, хто прызнае гэты «рэферэндум», у тым ліку і так званых «міжнародных назіральнікаў», якія прысутнічалі на ім, нягледзячы на тое, што Еўрапейскі Звяз заявіў аб незаконнасці «рэфэрэндуму».

- Што далей будзе рабіць Расея ў дачыненні да Украіны?

- Трэба разумець, што «крымскі рэферэндум» - гэта частка плана Расіі па анэксіі Крыма і ўсходу Украіны. Відавочна, што ў Расеі менавіта такія планы. Далейшыя дзеянні Расеі абсалютна залежаць ад Захаду. І тое, што ўчора Еўразвяз зацвердзіў вельмі мяккія санкцыі ў дачыненні да невялікай колькасці чыноўнікаў, дае Расеі карт-бланш на ўзмацненне агрэсіі дзеля рэалізацыі сваіх планаў. Я бачу, што гэта цяпер нават не хаваецца. У выніку, Расея ўсё больш агрэсіўна і настойліва кажа пра неабходнасць перагляду міжнародных адносінаў, якія склаліся пасля таго, як знік Савецкі Саюз.

- Ці змогуць нейкія санкцыі або пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў заявах краін Еўразвяза, прымусіць Расею адмовіцца ад свайго плана?

- Я спадзяюся, што санкцыі будуць працягвацца. І што яны будуць тычыцца не толькі асоб, але і іншых аспектаў. Ёсць шмат важных для Расеі эканамічных і ваенных сувязяў з еўрапейскімі краінамі і ЗША. Я ўвогуле гэтую сітуацыю для сябе разумею так: адбылося сутыкненне светапоглядаў. Захад не разумее, што Расея не здольная на кампраміс. Для Расеі гэта zero-sum game, то ёсць гульня з нулявым вынікам. А Захад шукае кампрамісу. Дык вось, Захаду трэба зразумець, што спачатку трэба прадэманстраваць сілу, і толькі потым шукаць кампраміс. Пакуль што сілу дэманструе толькі Расея. І гэта ўсё было падрыхтавана ў мінулым годзе, які можна назваць «годам Пуціна», калі ён уцягнуў Захад у непрымальны, з майго пункту гледжання, сцэнар у дачыненні да Сірыі і Ірана. Цяпер Пуцін працягвае наступ на заходнія каштоўнасці, толькі ўжо з прымяненнем узброенай сілы.

- Многія цяпер кажуць пра пагрозу і для іншых краін з боку Расеі. У першую чаргу, гэта датычыцца Беларусі.

- У Беларусі дыктатура. Акупанты ўжо ёсць у Беларусі. Я гэта вельмі добра адчуваў, калі быў за кратамі. Я бачыў, як мае каты адмаўлялі, што яны беларусы, казалі, што яны прысягалі Савецкаму Саюзу.

А дыктатура ў Беларусі падтрымліваецца Расеяй. Таксама, як было і ва Украіне. Зараз Пуцін абараняе не расейскія інтарэсы, а свой рэжым. Ва Украіне ён выкарыстоўвае Януковіча, каб неяк легалізаваць свае дзеянні.

Такі ж рэжым існуе ў Беларусі. Таму тое, што Лукашэнка неяк стрымана рэагуе на падзеі, можна інтэрпрэтаваць так, што ён выдатна разумее, што тут не будзе ніякіх ваганняў, каб прыбраць яго, калі гэта стане патрэбным Крамлю.

Увогуле, Лукашэнка ў вельмі складанай сітуацыі. Я яшчэ раз скажу, што ўсё вельмі моцна залежыць ад далейшых крокаў Захаду. Нам, беларусам, трэба падтрымліваць украінцаў, а таксама змагацца ўнутры і за межамі Беларусі за тое, каб захаваць незалежнасць і пакінуць шанец для дэмакратычнага развіцця нашай краіны. І я думаю, што зараз будзе складаны перыяд, бо тое, што зараз адбываецца, - гэта смяротная пагроза і для Еўропы, і для ўсяго свету.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках