25 красавiка 2024, Чацвер, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Мы сапраўды можам павярнуць гісторыю

16

(абноўлена) Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выступіў на Брусэльскім форуме.

Дыскусія, тэмай якой стала не толькі Беларусь, але і ўвесь рэгіён Усходняй Еўропы, адбылася ўчора пасля паказу фільма «Dangerous Acts Starring The Unstable Elements Of Belarus». Яе мадэратарам выступіў член Рады Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі, эксперт Нямецкага Фонду Маршала і былы кіраўнік МЗС Славакіі Павал Дэмеш. У дыскусіі ўзялі ўдзел лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, стваральнік фільма «Dangerous Acts Starring The Unstable Elements Of Belarus» Мэдэлін Саклер, кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус, старшыня парламента Грузіі Давід Усупашвілі, лідар партыі УДАР Віталь Клічко і іншыя вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы.

«Ёсць вельмі магутныя эксперты, стратэгі, добра дасведчаныя, яны разбіраюцца ў сітуацыі ў рэгіёне былога Савецкага Саюза, - сказаў Андрэй Саннікаў. - Яны сапраўды аказваюць вялікі ўплыў на тых, хто прымае рашэнні і праводзіць палітыку. Але чамусьці відавочны вынік усіх гэтых стратэгій гэта тое, што мы заўсёды здзіўляемся. Гэта пачалося з распаду Савецкага Саюза, і гэтая тэндэнцыя працягваецца па гэты дзень. Мы здзівіліся, Захад здзівіўся, калі распаўся Савецкі Саюз. Мы адчувалі, што гэта здарыцца, але, мабыць, не ўсе. Адсюль і знакамітая кіеўская прамова Джорджа Буша-старэйшага. Гэта працягваецца і сёння: усе здзівіліся, калі Януковіч развярнуўся на 180 градусаў; потым усе здзівіліся, калі пачаўся Майдан; потым усе здзівіліся, калі Майдан перамог; потым усе здзівіліся, калі Расея ўварвалася ў Крым. Трэба гэта спыніць, таму што сёння момант ісціны.

Калі вы хочаце ведаць адказы на некаторыя пытанні, вывучыце найноўшую гісторыю Беларусі. Спытайце нас, што адбудзецца, і не суцяшайце сябе, што гэта пройдзе само па сабе, таму што сітуацыя даволі небяспечная. Але ў той жа час яна мае добрыя перспектывы. Мы сапраўды можам павярнуць гісторыю і зрабіць нармальнай гісторыю маёй краіны, гісторыю Украіны».

Міжнародны Брусэльскі форум у гэтым годзе праходзіць з 21 па 23 сакавіка. У ім бяруць удзел вядомыя і ўплывовыя палітыкі з Еўропы і ЗША. Нашу краіну на форуме прадстаўляе лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках