Ператрус у Барыса Хамайды
1- 27.03.2014, 17:06
- 8,806
У кватэры віцебскага апазіцыянера, які адбывае арышт, міліцыянты правялі ператрус.
Віцебскі апазыцыянер Барыс Хамайда ў дадзены момант адбывае арышт, прысуджаны яму нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. З якой нагоды праводзілі ператрус у яго кватэры, невядома, перадае «Радыё Свабода».
Пра тое, што Барыса Хамайду прывезлі дадому ў міліцэйскай машыне з закратаванымі вокнамі, паведамілі суседзі актывіста. Ператрус, па іх назіраннях, працягваўся нядоўга - каля гадзіны. Што шукалі міліцыянты ў двухпакаёвай кватэры Хамайды, ці забралі штосьці, палічыўшы падазроным, застаецца невядомым.
Магчыма, ператрус звязаны з тым жа, з-за чаго Барыс Хамайда апынуўся на «сутках». Яго разам з сябрам, таксама віцебскім актывістам Янам Салаўянам, затрымалі 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. Затрыманне адбылося ў пасёлку Руба на ўскраіне Віцебска, пры сабе адзін з актывістаў меў бел-чырвона-белы сцяг.
Паколькі і Хамайда, і Салаўян жывуць адны, пра затрыманне не было каму паведаміць, і журналісты даведаліся пра гэта не адразу. Знаёмым, якія панеслі ў ізалятар часовага ўтрымання перадачу для актывістаў, патлумачылі, што абодва апазіцыянера знаходзяцца ў ІЧУ нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суддзя Чыгуначнага райсуда Алена Цыганкова асудзіла абодвух на трое сутак. Тэрмін гэтага арышту скончыцца сёння ў 20:15.