19 красавiка 2024, Пятніца, 1:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Хамайда: Амапаўцы пагражалі нас забіць

13
Барыс Хамайда: Амапаўцы пагражалі нас забіць

Віцебскі апазіцыянер распавёў падрабязнасці свайго затрымання.

Прадпрыемства «Віцебскэнерга» ініцыявала адміністрацыйную справу супраць легендарнай асобы за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў на электрычныя правады. Гэта здарылася пасля затрымання двух апазіцыянераў - Барыса Хамайды і Яна Салаўяна, у якіх 24 сакавіка знайшлі нацыянальны сцяг, піша ПЦ «Вясна».

Абодвух затрымалі ўвечары ў пасёлку Руба пад Віцебскам. Двух актывістаў пенсійнага ўзросту затрымлівалі амапаўцы, паклалі тварам на зямлю, збівалі, пагражалі застрэліць.

Пра гэта распавёў Барыс Хамайда:

«Было падобна на напад нейкіх бандытаў. Бо яны былі ў цывільным, крычалі, пагражалі, адзін прыставіў мне нешта ззаду да галавы і пагражаў забіць... А ў Чыгуначным райсудзе яны заявілі, што мы не падпарадкаваліся іх патрабаванням, адмовіліся назваць прозвішчы. Выглядала смешна: здаровыя хлопцы і мы - мне 67 гадоў, Салаўян на пару гадоў маладзей. А яму пры затрыманні яшчэ і «ўрэзалі» нагой па твары... Суддзя Алена Цыганкова дала нам па трое сутак».

Падчас адбыцця арышту высветлілася, што прэтэнзіі да актывістаў яшчэ і ў іншым. Іх выклікалі на допыты і вымушалі прызнацца, «хто з іх Мірон». З першага дня затрымання гэта пачаў высвятляць Следчы камітэт, кажа Барыс Хамайда:

«Адразу, як нас прывезлі ў Чыгуначны РАУС, з'явіўся чалавек у форме, на ёй было напісана «Следчы камітэт». Ён разабраў па частках і забраў з сабой мой мабільны тэлефон. І не пакінуў аб гэтым ніякага дакумента, проста забраў, і ўсё!»

Праваабаронца Павел Левінаў лічыць гэты факт вельмі небяспечным парушэннем:

«Дакументаў ніякіх няма, і хто тэлефануе зараз з гэтага апарата - невядома. Патэлефанаваць жа можна, напрыклад, пра тэракт! І тады ў Барыса Ханонавіча пачнуцца непрыемнасці куды большага маштабу».

27 сакавіка Хамайду проста з ІЧУ забралі на агляд яго жылля, санкцыянаваны пракурорам Раманоўскім. Дакумент аб гэтым - адзіны, які пакінулі супрацоўнікі Першамайскага РАУС. І гэта - таксама парушэнне, адзначае Павел Левінаў:

«Барыс Хамайда, вярнуўшыся з «сутак» размаўляў са мной пра гэтыя падзеі. Ён распавёў, што падчас агляду не было сведак, што агляд праходзіў адразу ў абодвух пакоях яго двухпакаёвай кватэры, і што па кватэры хадзіў відэааператар з камерай, здымаў інтэр'еры, кухню, пярэдні пакой... Не выключаю, мы гэта можам неўзабаве ўбачыць па БТ. Але горш за ўсё, што Хамайду не пакінулі пратакол аб канфіскацыя рэчаў - бел-чырвона-белыя сцягі, стужку і шалік. Гэта тое, што ён заўважыў. Верагодна, было і нешта яшчэ. А цяпер, без пратаколу, супрацоўнікі міліцыі могуць заявіць, што забралі ў яго што заўгодна! А маглі і падкласці што заўгодна, каб «знайсці» ў наступны раз. Сведак жа не было! Такім чынам, глядзелі не проста тое, што здавалася згаданым у пастанове адміністрацыйнай справы, а наогул - што ім здаецца падазроным».

У пастанове на агляд жылля гаворыцца, што яго робяць у сувязі з адміністрацыйнай справай па артыкуле 10.9 КоАП. Гэты артыкул аб знішчэнні або пашкоджанні маёмасці ў нязначным памеры, і што справа заведзеная па заяве РУП «Віцебскэнерга» за шматлікія выпадкі вывешвання сцягоў на электрычныя правады.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках