28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расія і Беларусь выбіраюць камуфляж

11
Расія і Беларусь выбіраюць камуфляж

Яны ўжо друкуюць мапы, на якіх Крым – тэрыторыя імперыі. Анэксія адбылася.

Недатыкальнасць межаў, як і ўся еўрапейская сістэма гарантый бяспекі, накрылася медным тазам. І агаломшаны Захад са здзіўленнем заўважыў, што няма ніякіх сродкаў уздзеяння на вераломнага агрэсара. А таму захоплены кавалак чужой зямлі Масква вяртаць ужо не збіраецца. Друкуе мапы.

Марнай была спроба ўтаймаваць драпежніка з дапамогай Савета бяспекі ААН. Як і чакалі, Расія скарыстала права вета. І тады ўжо Асамблея гэтай міжнароднай арганізацыі прыняла да разгляду рэзалюцыю, падрыхтаваную Украінай. Вынік галасавання істотна паўплываць на сітуацыю не мог. Рашэнні Асамблеі - не столькі ў прававой, колькі ў маральнай сферы. Нікога ні да чаго абавязаць не могуць. Але высвятляюцца погляды, акрэсліваюцца выразна пазіцыі. І свету ўжо зразумела, хто ёсць кім.

Аднак жа расійскія тэлеканалы з надзвычайнай увагай сачылі за перыпетыямі той дыскусіі. Вельмі чакалі хоць нейкай падтрымкі. Паведамлялі, нібы гарачую вестку з франтоў: з намі Куба!

Пасля галасавання высветлілася, што не толькі востраў неўтаймаваных барбудас на баку Расіі. Знайшлося ў свеце ажно адзінаццаць краін, якія не бачаць нічога кепскага ў тым, што імперыя заглынула Крым. Склалася пярэстая кампанія прыхільнікаў агрэсіі. У гэтай новаспечанай супольнасці – Сірыя, Судан, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Зімбабве.

Расія можа ганарыцца. Пра такіх сяброў можна было толькі марыць. Дзеля стварэння экзатычнай каманды аднадумцаў варта было рызыкнуць усім набытым за доўгія гады інтрыг, хлусні ды ўзнёслых прызнанняў у нязменнай прыхільнасці да еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Заходнія дзяржавы, прымаючы ўсё за чыстую манету, спяшаліся далучыць такога надзейнага партнера да сваіх праектаў. Супрацоўнічалі. Успрымалі ўсур’ёз застольныя прамовы. Прэзідэнт Абама нават выказаў смелую здагадку, што ў яго расійскага калегі ёсць душа. Канцлер Меркель, зачараваная нямецкім вымаўленнем былога савецкага шпіёна, стварала ўсе магчымасці для пашырэння кантактаў паміж Расіяй і Нямеччынай. А Еўразвяз нават бачыў у перспектыве безвізавы рэжым для грамадзян краіны, якую так упэўнена вядзе да дэмакратыі былы гэбіст.

І раптам усё так нечакана ляснула. Мядзведзь чыжыка з’еў. Зялёныя чалавечкі бязлітасна растапталі “еўрапейскі выбар Пуціна”. Яны ўварваліся ў Крым у самы цяжкі для Украіны час. І правялі свой блюзнерскі рэферэндум. Кажуць, вайсковая аперацыя па далучэнні новых тэрыторый мае назву “Русская весна”. Расейцы крыўдзяцца страшэнна, калі іх рэжым параўноўваюць з гітлераўскім. Але куды падзецца ад гэткіх аналогій? У нас на Ўшаччыне ў красавіку сорак чацвертага карная аперацыя мела назву “Фрулінгфэст” – “Свята вясны”. Кветачкі і музыка той вясны і таго фэста помняцца і сёння.

Падчас таго красамоўнага галасавання на Асамблеі ААН краіны, якія не хацелі сапсаваць свае стасункі з пуцінскай Расіяй, знайшлі знайшлі пэўнае выйсце. Яны ўстрымаліся. Гэткіх дзяржаў было пяцьдзесят восем. У тым ліку - і шмат якія з былых савецкіх рэспублік. Нават партнер Расіі па Мытным звязе Казахстан.

Можна было чакаць, што ў тым шэрым натоўпе апынецца і наша краіна. Наўрад ці наважыцца яна падтрымаць адкрыта Ўкраіну.

Аднак гэтым разам драздоўскі правіцель рашуча адрынуў свае звычайныя хітрыкі. І Беларусь заняла сваё месца ў ганебным шэрагу ізгояў. Паміж Паўночнай Карэяй і Зімбабве. Сапраўды, якія суседзі! Кагорта адзінаццаці. Ударнае расійскае войска на франтах змагання з цывілізаваным светам.

Беларускае грамадства, як заўсёды, зрабіла выгляд, што нічога адметнага не адбылося. Ніякіх пратэстаў. Але гэтым разам наіўная спроба схавацца пад венікам не дапаможа. Адбылося тое, што адбылося. Беларусь апынулася на баку агрэсара. І атрымае ўсё, што ў гэткай сітуацыі хаўрусніку выпадае.

Яшчэ не так даўно драздоўскі правіцель пераконваў журналістаў, што групоўка расійскіх знішчальнікаў, якая апанавала аэрадром у Бабруйску, да падзей на Украіне ніякага дачынення не мае. Гэта ён сам іх сюды запрасіў. Як і пскоўскіх дэсантнікаў. Браты па зброі – няхай тут крыху пагуляюць.

Але цяпер ўжо наўрад ці суцешыць каго тая лухта. Стотысячная групоўка расійскага войска стаіць на мяжы з Украінай. Рабіць выгляд, што гэта толькі манёўры, ужо немагчыма. Усё падрыхтавана да нападу. Танкі. Артылерыя. Сапёрныя часткі. Тылы. Знішчальнікі і штурмавыя верталёты.

Чакаюць толькі загаддзя спланаванай па той бок правакацыі. Каб потым з трох напрамкаў абрынуцца на Украіну. У тым ліку і з поўначы, з Беларусі. Пра згоду на тое ў васала з правінцыі ніхто не пытаецца.

Яму аддаюць загад.

Уладзімір Халіп, спецыяльны для charter97.org

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках