23 красавiка 2024, aўторак, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Няўрадавыя арганізацыі Беларусі асудзілі акупацыю Крыма

9
Няўрадавыя арганізацыі Беларусі асудзілі акупацыю Крыма

Удзельнікі Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства падтрымалі рэзалюцыю ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Тэкст звароту ў рэдакцыю сайта charter97.org даслала эколаг Таццяна Новікава.

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі шырокага спектру арганізацый грамадзянскай супольнасці, палітычных партый, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, асуджаем афіцыйную пазіцыю Рэспублікі Беларусь на Генеральнай Асамблеі ААН 27 сакавіка 2014 года і падтрымліваем рэзалюцыю аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Мы лічым, што прагаласаваўшы супраць рэзалюцыі аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны афіцыйная Беларусь:

- уступіла ў супярэчнасць з неаднаразова заяўленай ёю раней пазіцыяй падтрымкі тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны,

- прадэманстравала сваё грэбаванне да міжнародных дамоваў,

- паказала сваю непавагу да ўкраінскай дзяржавы і народа, прызнала законным захоп адной дзяржавай тэрыторыі іншай.

Па нашым глыбокім перакананні, у сітуацыі, калі крытычна важна не дапусціць развязвання вайны любымі (і ў першую чаргу дыпламатычнымі) сродкамі, Беларусь павінна асудзіць акт анэксіі Крыма Расеяй, і з пазіцый вяршэнства міжнародных дамоваў, непрымання агрэсіі адной краіны супраць іншай, выступіць у ролі стрымліваючага боку. На жаль, гэтага не адбываецца, беларускія ўлады падтрымалі пазіцыю афіцыйнай Расеі, робячы беларускі народ закладнікам імперскіх амбіцый яе кіраўніцтва.

Акрамя гэтага, размясціўшы на сваёй тэрыторыі расейскія вайсковыя фармаванні і авіяцыю, беларускае кіраўніцтва ігнаруе меркаванне грамадзян нашай краіны, падвяргаючы іх патэнцыйнай ваеннай пагрозе, падаючы Расеі плацдарм для ваеннай пагрозы Украіне.

Мы лічым, што такая пазіцыя не адпавядае інтарэсам беларускага народа, які хоча міру і законнасці.

У гэтых умовах мы хочам заклікаць міжнародную супольнасць прыслухацца да голасу беларускай грамадзянскай супольнасці, які выказвае спадзяванні значнай часткі грамадзян нашай краіны.

У гэтай небяспечнай рысы мы заклікаем урад Беларусі перагледзець сваю пазіцыю і зрабіць канкрэтныя дзеянні для зніжэння ваеннай напружанасці, у прыватнасці, па вывадзе расейскіх вайсковых фармаванняў, уключаючы авіяцыйныя, з тэрыторыі нашай краіны.

Мы выказваем сваю падтрымку рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, падзяляючы асноўныя прынцыпы Статута ААН аб павазе суверэнітэту, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. Мы асуджаем дзеянні Расеі ва Украіне, заклікаем яе да адводу войскаў ад тэрыторыі Украіны і з Крымскага паўвострава.

Мы настойваем на тым, каб рашэнні беларускага ўрада ў дачыненні да дружалюбнага ўкраінскага народа прымаліся, зыходзячы з інтарэсаў нашых грамадзян, прынцыпаў міралюбнасці і добрасуседства.

Мы таксама падтрымліваем ацэнку сітуацыі і патрабаванні, прадстаўленыя Малдаўскай нацыянальнай платформай Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў рамках «Грамадскай пазіцыі аб асуджэнні дзеянняў Расейскай Федэрацыі, звязаных з сілавым умяшальніцтвам, якія прывялі да фактычнай анэксіі Аўтаномнай Рэспублікі Крым - складовай часткі Украіны, і аб неабходных дзеяннях у дачыненні да бяспекі Рэспублікі Малдова».

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках