28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сікорскі: Украіна мае права ўжыць зброю на сваёй тэрыторыі

7
Сікорскі: Украіна мае права ўжыць зброю на сваёй тэрыторыі

Кіраўнік МЗС Польшчы здзіўлены зваротам Пуціна да генеральнага сакратара ААН з просьбай асудзіць дзеянні ўкраінскай улады на ўсходзе Украіны.

Міністр не разумее логіку расейскага прэзідэнта: які пункт палажэння ААН можа быць парушаны магчымым рашэннем Кіева ўжыць сілу супраць узброеных захопнікаў.

Украіна мае права прымяняць зброю на сваёй тэрыторыі, рэагуючы на дзеянні сепаратыстаў. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў эфіры тэлеканала TVN24, перадае zn.ua.

"Ёсць міжнародна-прававы, палітычны і тактычны аспекты. У юрыдычным кантэксце Украіна мае манапольнае права ўжыць сілу на сваёй тэрыторыі. Калі нейкія неідэнтыфікаваныя людзі захопліваюць аэрадром, то Украіна мае права яго адбіць", - адзначыў Сікорскі, каментуючы рашэнне Кіева пачаць антытэрарыстычную аперацыю.

У той жа час ён лічыць непрагназаванай рэакцыю Расеі, якая спробу Украіны аднавіць кантроль на ўласнай тэрыторыі можа прызнаць як падставу для інтэрвенцыі. "Наша справа не паказваць украінскаму ўраду, што ён павінен рабіць, паколькі гэта - дзеянні высокай рызыкі. Расея мае вялікую перавагу над Украінай, і Украіна павінна самастойна ацаніць гэту рызыку і на яе вырашыцца", - падкрэсліў кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства.

Сікорскі выказаў здзіўленне зваротам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна, у якім той просіць ААН асудзіць дзеянні ўкраінскай улады на ўсходзе краіны. "Не разумею логіку, бо Украіна мае права ўжыць сілу адносна ўзброеных, неідэнтыфікаваных асоб, якія захопліваюць аэрадромы. Таму я хачу зразумець: які пункт палажэння ААН парушаны?" - адзначыў кіраўнік МЗС РП.

На думку польскага міністра, Украіна на сённяшні дзень не можа чакаць ваеннай падтрымкі з боку Захаду, паколькі "ваенная дапамога прадастаўляецца саюзнікам, а Украіна фармальна не з'яўляецца саюзнікам". У той жа час, ён дадаў, што Кіеў неўзабаве атрымае міжнародную фінансавую дапамогу. "Гэта - значныя сумы, ідзе гаворка пра 15-18 млрд дал. Яе першы транш, магчыма, адбудзецца ў наступным месяцы", - адзначыў ён.

На пытанне, ці хоча Пуцін сарваць правядзенне прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, кіраўнік МЗС Польшчы адказаў, што "ўсё на гэта паказвае".

Сікорскі таксама пацвердзіў, што лічыць мэтазгодным размяшчэнне ў Польшчы дзвюх амерыканскіх брыгад. Ён нагадаў, што амерыканскія базы ёсць у Германіі, Велікабрытаніі, Іспаніі, Італіі і Турцыі. "Чаму ў гэтых краінах, якія з'яўляюцца бяспечней Польшчы, гэтыя базы могуць быць, а ў Польшчы іх не павінна быць?" - канстатаваў польскі міністр.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

15 красавіка ў выніку аперацыі ўкраінскіх сілавікоў быў вызвалены захоплены расейскімі дыверсантамі і сепаратыстамі горад Краматорск на поўначы Данецкай вобласці.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках