25 красавiка 2024, Чацвер, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў Украіны заклікалі падтрымаць праеўрапейскі выбар

6
Беларусаў Украіны заклікалі падтрымаць праеўрапейскі выбар

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай заклікае суайчыннікаў падтрымаць праеўрапейскі выбар.

«Падтрымліваючы сёння праеўрапейскі выбар украінскага народа, вы падтрымліваеце заўтрашні дзень Беларусі!» - адзначаецца ў адкрытым звароце Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай.

«Памятайце, што толькі новыя ўкраінскія ўлады могуць і будуць гарантаваць нацыянальным меншасцям, сярод якіх беларусы Украіны стаяць на трэцім месцы па колькасці, захаванне сваёй нацыянальнай самабытнасці і гістарычных каранёў», - упэўненыя аўтары звароту.

Прадстаўнікі камітэта адзначаюць, што Украіна «вызвалілася з-пад прыгнёту трох імперый, выжыла, выпрацаваўшы сваю ўнікальную форму ідэнтычнасці».

«Украінскія землі рыхтавалі да захопу праз Януковіча, які давёў краіну да нябачанай карупцыі, бяспраўя і крадзяжу, але Майдан раскрыў вочы ўсёй украінскай нацыі. Імперскія ж колы Расеі працягваюць спробы захаваць свой уплыў і выступаць пастухом украінцаў, дэстабілізуючы становішча ў паўднёва-усходніх абласцях Украіны, падтрымліваючы патрабаванні федэралізацыі краіны і зрываючы прэзідэнцкія выбары», - падкрэсліваецца ў звароце.

У адказны момант сваёй найноўшай гісторыі ўкраінскі народ «паказаў усяму свету, што ён жадае сам кіраваць сваёй дзяржавай, ведучы яе да дэмакратычнай будучыні. Шляхоў толькі два: або назад у новае прарасейскае гета, або на еўрапейскі прастор, каб «людзьмі звацца», піша БелаПАН.

Аўтары звароту заклікаюць беларусаў Украіны быць сумленнымі перад сабой і адказаць на пытанне, з кім яны: «з сумленным і гераічным украінскім народам або са злачыннай і карумпаванай бандай, якая спрабуе захаваць уладу ва Украіне шляхам здрады нацыянальных інтарэсаў дзяржавы».

«Беларусы Украіны, мы верым, што ваш выбар будзе абапірацца на гістарычную памяць беларускай нацыі і стане выбарам вашых гонару і годнасці», - падкрэсліваецца ў звароце.

Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай створаны ў сакавіку 2014 года. У яго склад увайшлі некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы Павел Севярынец, Аляксей Марачкін, Аляксей Янукевіч, Зміцер Дашкевіч, Ігар Рынкевіч, Ганна Шапуцька і іншыя.

Фота: liga.net

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках