19 красавiка 2024, Пятніца, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турб'ерн Ягланд: У Еўропе найбуйнейшы крызіс правоў чалавека з часоў халоднай вайны

7
Турб'ерн Ягланд: У Еўропе найбуйнейшы крызіс правоў чалавека з часоў халоднай вайны

Генеральны сакратар Рады Еўропы прадставіў даклад аб стане правоў чалавека на кантыненце.

Дакумент таксама закранае пытанні дэмакратыі і вяршэнства права ў еўрапейскіх краінах. Сённяшнюю сітуацыю генеральны сакратар Рады Еўропы ахарактарызаваў як «найбуйнейшы крызіс правоў чалавека з часоў заканчэння халоднай вайны». Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе Турб'ерна Ягланда.

У дакладзе адзначаецца, што ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў адбываюцца «сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, назіраецца рост карупцыі, квітнее гандаль людзьмі, развіваюцца расісцкія і дыскрымінацыйныя погляды». «Беспрацоўе і беднасць у многіх краінах сталі крыніцамі экстрэмізму і канфрантацыі», - адзначаецца ў дакуменце.

У ліку іншых канфліктных рэгіёнаў у Еўропе Ягланд згадаў і сітуацыю ва Украіне і ваенную агрэсію Расеі ў Крыме. «Адсутнасць дэмакратычных стрымак і проціваг, свабодных СМІ і незалежнай судовай сістэмы спарадзіла паўсюдную карупцыю і прывяла да злоўжывання ўладай», - лічыць генеральны сакратар, кажучы пра прычыны развязвання вайны Крамлём.

Ён звярнуўся да 47 дзяржаў-сяброў РЕ з заклікам спыніць разбурэнне фундаментальных правоў і працягнуць рэфармаванне еўрапейскай адзінай канвенцыяльнай сістэмы.

«Еўропа мае патрэбу ў новым агульнаеўрапейскім парадку дня бяспекі, які павінен уключаць абарону вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў. Разам мы павінны дамагчыся вяртання Еўропы на шлях адзінства і супрацоўніцтва, заснаваны на агульных каштоўнасцях, стандартах і прававых абавязацельствах», - сказаў генеральны сакратар Рады Еўропы.

У дакладзе змяшчаецца шэраг рэкамендацый аб тым, як арганізацыя можа даць больш аператыўную і эфектыўную дапамогу сваім 47 дзяржавам-сябрам. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні Камітэта міністраў замежных спраў Рады Еўропы 6 траўня ў Вене.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках