25 красавiка 2024, Чацвер, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч: Пуцін сядзіць у кожным з расейцаў

33
Святлана Алексіевіч: Пуцін сядзіць у кожным з расейцаў

Расейцы хочуць, каб увесь свет іх баяўся.

Вядомая беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч адказала на пытанні карэспандэнта "Радыё Свабоды" пра Расею пасля анэксіі Крыма.

Прыводзім вытрымкі з інтэрв'ю.

- У нядаўнім артыкуле ў нямецкай «Frankfurter Allgemeine» пра Расею пасля Крыма Вы пішаце пра вяртанне да сталінізму ў Расеі на хвалі патрыятызму. Да сталінізму толькі праваслаўнага. Чаму такое стала магчымым у Расеі?

- Прычына адна. Вось гэты маленькі «чырвоны чалавек» стаіўся, ён застаўся жыць з пачуццём паразы. Таму што і не ён рабіў тое, што называецца «перабудовай». Гэта рабіў Гарбачоў і кучка інтэлігенцыі. А маленькі «чырвоны чалавек» прачнуўся нечакана ў зусім невядомай яму краіне. І ён нічога не хацеў акрамя таго, каб добра жыць. І ніхто не займаўся вывучэннем мінулага, не чытаў Салжаніцына, Шаламава. Гэта ўжо нікому не было цікава пасля перабудовы, хоць усё гэта ляжала на кніжных развалах. А чаканні не ажыццявіліся, так як атрымаўся дзікі капіталізм і гэта нікога не задавальняе, бо людзей абрабавалі, краіну раскралі. І вядома, адчуванне рэваншу. Гэтае жаданне маленькай пераможнай вайны вельмі глыбока сядзела. І гэта імперскае пачуццё, «вялікая Расея», каб нас зноў баяліся. На жаль, тлумачэнні самыя банальныя. Але гэта не адзін Пуцін. Гэта на самой справе Пуцін у кожным з расейцаў. Я, напрыклад, страціла вельмі шмат рускіх сяброў, таму што не магла падзяліць іх патрыятызм, іх узбуджэнне ад слова «аншлюс», «анэксія». Я чалавек маленькай нацыі і мы цалкам пазбаўленыя гэтых пачуццяў. Як інтэлектуал я зусім інакш гляджу на гэтыя праблемы.

- Гэта значыць, мы назіраем вяртанне гэтага «чырвонага чалавечка»?

- Ён стаіўся. І гэты маленькі «чырвоны чалавек» не абавязкова нейкі рабацяга. Гэта і людзі ўлады, хоць у іх грошы з кішэні сыплюцца. Усё роўна свядомасць абсалютна «чырвоная». Вось у іх грошы з кішэні сыплюцца, а для еўрапейскай эліты яны ўсё роўна шпана. Тут усё інакш уладкавана. Тут над механізмам свабоднай грамадзянскай краіны вельмі шмат працавалі. Гэта ўжо адладжаны механізм. Таму 20 гадоў - гэта вельмі маленькі тэрмін. Была такая вялікая спрэчка ў расейскай літаратуры паміж Шаламавым і Салжаніцыным. Салжаніцын казаў, што лагер ачышчае чалавека, падымае, з лагера ён выходзіць больш моцным. А Шаламаў казаў, што лагерны вопыт нічому добраму не вучыць, ён зневажае чалавека, і ён патрэбны толькі ў лагеры. І вось гэты маленькі «чырвоны чалавек» выйшаў з лагера. І што ён зрабіў праз 20 гадоў? Зноў пабудаваў лагер. Адсюль і назва маёй кнігі «Час second-hand». Дадалося толькі праваслаўе ў самым дзікім варыянце.

Фота: dw.de

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках