28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа стварае банкавую унію

1
Еўропа стварае банкавую унію

Еўрапейскія заканадаўцы ў аўторак дамовіліся аб новых правілах, якія палягчаюць ліквідацыю праблемных банкаў.

Галасаваннем у Еўрапарламэнце, якое адбылося незадоўга да яго роспуску перад травеньскімі выбарамі, было канчаткова ўхваленае агенцтва, што будзе закрываць слабыя банкі еўразоны. Гэта апошняя ў сэрыі буйных рэформаў, накіраваных на стварэнне банкавай уніі для 18 краін, якія выкарыстоўваюць еўра, паведамляе Reuters.

Амаль праз сем гадоў пасля таго, як невялікі нямецкі банк IKB стаў першай еўрапейскай ахвярай сусветнага фінансавага крызісу, рэгіён усё яшчэ не можа вывесці сваю эканоміку з дэпрэсіі. Адрозна ад ЗША, дзе рэгулятары і Цэнтрабанк неадкладна зрабілі захады для развязання банкавых праблем, рознаскіраваныя нацыянальныя інтарэсы ў Еўропе не дазвалялі краінам выступіць адзіным фронтам, каб зрабіць тое ж самае.

Банкавы звяз павінен будзе змяніць гэта. Ён пачне працаваць, калі Еўрапейскі цэнтрабанк пачне сёлета кантраляваць сэктар.

"Еўразвяз выконвае свае абавязанні, - сказаў Мішэль Барн'e, камісар ЕЗ у пытаннях рэгулявання. - Банкавая унія дапаўняе эканамічную і грашовую унію, сканчае эру маштабных праграм дапамогі і гарантуе, што падаткаплатнікі больш не будуць аплачваць рахункі, калі ў банкаў праблемы".

Гэтая схема ўводзіць новыя правілы, якія палягчаюць перакладанне страт на трымальнікаў аблігацый і нават буйных укладчыкаў збанкрутаваных банкаў, хоць пытанне аб тым, што рабіць, калі абрынецца вельмі вялікі банк, застаецца адкрытым.

"З гэтага часу падаткаплатнікам не давядзецца сістэматычна аплачваць рахункі за банкавыя страты, - сказаў Марцін Шульц, прэзідэнт Еўрапарламэнта. - З'явяцца дакладныя правілы развязання праблем банка, што слабее".

Але для шмат каго рэакцыя Еўропы была занадта маруднай. Джэймі Дайман, выканаўчы дырэктар JP Morgan Chase, надоечы сказаў, што еўрапейскія банкі адстаюць ад амерыканскіх калег, якія шмат у чым ужо аднавіліся пасля фінансавага крызісу.

Некаторыя заканадаўцы таксама паказваюць на заганы еўрапейскай рэформы, у прыватнасці, на няздольнасць развязаць праблему "мэгабанкаў".

"Занадта вялікім, каб збанкрутаваць, банкам проста занадта небяспечна існаваць, - сказаў Філіп Ламбэр з Партыі Зялёных. - Пакуль сістэмным фінансавым інстытутам дазваляюць існаваць у іх цяперашняй форме, падаткаплатнікам давядзецца плаціць за глупства нястрымнай фінансавай індустрыі".

Тым не менш, дасягнутае пагадненне азначае, што ў ЕЦБ ёсць сродкі, каб закрываць банкі, якія ён прыме за надта слабыя.

Яно абумоўлівае стварэнне агульнага фонду падтрымкі сумай 55 мільярдаў еўра на працягу васьмі гадоў - хутчэй, чым планавалася, але нашмат даўжэй, чым спадзяваўся ЕЦБ. Аднак урадам еўразоны не давядзецца ўносіць грошы ў складчыну, каб напоўніць фонд хутчэй і танней.

Краіны еўразоны не мерацца супольна кампэнсоўваць выдаткі на развязанне праблемы банкруцтва асобнага банка, хоць гэта было цэнтральным тэзісам арыгінальнага плана стварэння банкавай уніі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках