20 красавiка 2024, Субота, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада беларускай інтэлігенцыі: Расея паўтарае лёс фашысцкай Германіі

12
Рада беларускай інтэлігенцыі: Расея паўтарае лёс фашысцкай Германіі

Рада беларускай інтэлігенцыі запатрабавала ад Масквы спыніць агрэсію ва Украіне.

Пра гэта гаворыцца ў заяве грамадскага аб'яднання, якая паступіла ў рэдакцыю сайта charter97.org.

«Падзеі, якія разгортваюцца ў гэтыя дні ва Украіне, сведчаць пра пагрозу грамадзянскай вайны, - гаворыцца ў ёй. - Прычыны, якія правакуюць гэтую вайну, знаходзяцца па-за Украінай. Улічваючы разбуральную моц сучасных відаў узбраення, у тым ліку ядзернага, далейшая эскалацыя гэтага канфлікту можа прывесці да самых небяспечных наступстваў не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце».

Рада беларускай інтэлігенцыі мяркуе, што сапраўднай прычынай, якая справакавала хвалю антыўкраінскіх бунтаў у Крыме і ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, з'яўляюцца імперскія памкненні расейскага кіраўніцтва.

«Рыторыка, якой апраўдваюцца правакацыйныя дзеянні, грунтуецца на сцвярджэннях аб ушчамленні правоў «рускамоўнага насельніцтва»і не адпавядае рэчаіснасці, - гаворыцца ў дакуменце. - Палітыка русіфікацыі, накіраваная на знішчэнне нацыянальных моў, нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры, гістарычнай памяці народаў, якія ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі, актыўна выкарыстоўвалася яшчэ ў царскай Расеі. У гады існавання СССР яна працягвалася пад лозунгам «стварэння новай гістарычнай фармацыі - савецкага чалавека». Менавіта такія «савецкія» людзі, пазбаўленыя гістарычнай памяці, выхаваныя ў духу пагарды да роднай мовы, з'яўляюцца сёння жыватворным матэрыялам для імперскай прапаганды не толькі ва Украіне.

Сёння ў краінах былога СССР у падтрымцы і абароне мае патрэбу не расейская, а нацыянальныя мовы. Гэтая праблема добра вядомая і ў Беларусі, дзе сучасныя манкурты на дзяржаўных пасадах працягваюць знішчэнне беларускай мовы. Відавочна, што з такой сітуацыяй нельга мірыцца. Нацыянальным мовам у незалежных краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР, павінен быць вернуты адпаведны статус. Трактаваць гэта як «падаўленне расейскамоўнага насельніцтва» - несумленна і амаральна. Падобнымі метадамі кіравалася ў свой час гебельсаўская прапаганда, разлічаная, як вядома, не на інтэлектуальныя эліты, а, паводле прызнання яе стваральнікаў, «на апошняга падонка ў краіне».

Рада беларускай інтэлігенцыі заяўляе, што ўжыванне амаральных прапагандысцкіх метадаў, уласцівых гітлерызму і сталінізму, ніколі не дасць жаданых вынікаў.

«Довадам гэтаму можа служыць і лёс фашысцкай Германіі, дзе напачатку народ, адурманены прапагандай, у эйфарыі вітаў захопніцкія авантуры фашысцкага правадыра, - гаворыцца ў заяве. - Мы патрабуем ад расейскага кіраўніцтва спыніць спробы захопу ўкраінскіх тэрыторый. Мы заклікаем нашых калегаў - прадстаўнікоў інтэлігенцыі Расеі, якія захавалі ясны розум і сумленне, выкарыстаць усе свае сілы і магчымасці, каб давесці да народаў Расеі ўсведамленне небяспекі, якую нясуць імперскія авантуры крамлёўскага кіраўніцтва. Мы выказваем нашу салідарнасць з народам Украіны і заклікаем усіх сумленных людзей ва ўсім свеце падтрымаць Украіну ў абароне яе незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці».

Фота: www.nr2.ru

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках