25 красавiка 2024, Чацвер, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларускія цытаты» Габрыэля Гарсія Маркеса

13
«Беларускія цытаты» Габрыэля Гарсія Маркеса

Герой напісанага ў 1975 годзе рамана «Восень патрыярха» - дыктатар, нязменны кіраўнік, які кіраваў сваёй краінай больш за сто гадоў.

Нягледзячы на тэрытарыяльную прывязку і той факт, што правобразам галоўнага героя рамана Габрыэля Гарсія Маркеса былі рэальныя кіраўнікі шэрагу краін Лацінскай Амерыкі, літаратурныя крытыкі вылучаюць у творы адзін універсальны момант. Пісьменнік з дзіўнай дакладнасцю апісвае саму прыроду тыраніі, якая не ведае палітычных і геаграфічных межаў, піша «Салiдарнасць».

Грамадзяне любой несвабоднай краіны, якія перажылі дыктатуру ці жывуць у дадзены момант ва ўмовах аўтакратыі, абавязкова знойдуць у рамане калумбійскага пісьменніка нешта сваё. Поўна ў «Восені патрыярха» і « беларускіх» паралеляў.

І касец, і жнец

«... З выглядам знаўцы судзіў пра ўсё на свеце, нават пра памідоры і пра глебу, на якой яны выраслі; рассмакаваўшы памідор з чыйгосьці агарода, ён аўтарытэтна заяўляў, аграномам, што суправаджалі яго: «Гэтай глебе не хапае гною, і не якога-небудзь там, а памёту аслоў. Не асліц! Я распараджуся, каб завезлі за кошт урада!».

«Ён зноў узяў стырно кіравання ў свае рукі, ухапіўся за жорсткія лейцы сваімі атласнымі пальчаткамі, як гэта было дагэтуль у слаўныя гады, калі людзі спынялі яго на лесвіцах з просьбай, каб ён аднавіў конныя скокі на вуліцах горада, і ён аднаўляў, калі прасілі яго, каб ён дазволіў такое спаборніцтва, як бег у мяшках, і ён дазваляў, калі ён уваходзіў у самыя ўбогія халупы, каб растлумачыць людзям, як след пасадзіць на яйкі квактуху ці як аблегчыць бычка».

Народжаны ў жніўні, не зазнаўшы ласкі бацькі

«Яна распавядала, што нарадзіла яго раней за тэрмін, жнівеньскай раніцай...».

«... Чалавеку досыць і маці, гэта тычылася і яго самога, бо ён ніколі не ведаў бацьку, як многія іншыя, самыя выбітныя дэспаты, а ведаў адну-адзіную сваю маці, сваю матухну Бендзісьон Альварадо».

Прэзідэнцкі картэж, закрытыя балконы

«Тыя часы запомніліся кардонамі, якія перагароджвалі вуліцы яшчэ да світання, затым жаўнеры прымушалі людзей наглуха зачыняць вокны і балконы, разганялі ўдарамі прыкладаў рынкавы натоўп, каб ніхто не мог бачыць, як з'яўляецца і імкліва праязджае бліскучы браніраваны лімузін з залатымі ручкамі на дзверцах...».

Cпадчыннік

«... Мундзір сядзеў на ім як уліты, здавалася, ён у ім і нарадзіўся - у гэтым мундзіры, у гэтай форме, якую стаў насіць яшчэ да таго, як у яго прарэзаліся зубы, з той пары, як Летысія стала прывозіць яго ў калысцы на афіцыйныя цырымоніі, дзе ён прадстаўляў свайго бацьку, з той пары, як ён, седзячы на руках у маці, стаў праводзіць агляды сваіх войскаў; гэтая форма была на ім, калі маці падымала яго над галавой у шуме стадыёна, дзе пасля гандбольнага матча публіка задавальняла авацыю ў гонар юнага генерала дывізіі (...) На дыпламатычных прыёмах ён стаў прысутнічаць з тых часоў, як навучыўся абыходзіцца без чужой дапамогі; на гэтыя прыёмы ён з'яўляўся не толькі ў мундзіры, але і пры баявых медалях, якія выбіраў на свой густ з бацькавай скрыначкі з рэгаліямі: гэта быў хлопчык сур'ёзны, дзіўны; ужо ў шэсць гадоў ён умеў трымацца ў грамадстве, на роўных вёў гутарку з дарослымі людзьмі, папіваючы з куфля фруктовы сок замест шампанскага; ён быў вельмі абаяльны і тактоўны ў гутарках з людзьмі, хоць незразумела было, ад каго ён атрымаў у спадчыну гэтыя якасці; праўда, часцяком здаралася і так, што цырымонія прыёму раптам зацямнялася, нібы хмара якая набягала ва ўрачыстую залю: бледны Дафін, надзелены самай высокай уладай, пачынаў пазяхаць, станавіўся смаркатым, засынаў... І заміраў час, дыялогі абрываліся на паўслове, застывалі жэсты, чуўся шэпт: «Цішэй, маленькі генерал заснуў!».

Жыццё ў пазыку

«Зрэшты, ён і так ведаў, што казна пустая, што рэсурсы вычарпаныя, што краіна жыве ў пазыку; ён памятаў, што спачатку ўзяў пазыку, каб расплаціцца з абавязкам часоў войнаў за незалежнасць, затым пайшлі іншыя пазыкі, каб выплаціць працэнты за пратэрмінаваныя плацяжы, потым тэрмінова спатрэбілася выплаціць працэнты за працэнты і, паколькі грошай усё роўна не хапала, трэба было даваць штосьці наўзамен, каб хоць неяк улагодзіць разгневаных крэдытораў: манаполію на Хіну і тытунь - ангельцам, на каўчук і какава - галандцам, канцэсію на пабудову чыгункі і эксплуатацыю водных шляхоў - немцам; усё, усё даводзілася аддаваць гэтым чужаземцам, адкрыта і таемна - большай часткай, вядома, таемна!».

Фота: rusnovosti

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках