20 красавiка 2024, Субота, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніца з Гародні выйграла ў «Што? Дзе? Калі?» у лепшай каманды клуба

7

Беларуска паставіла знатакоў у тупік пытаннем аб мыльных бурбалках.

Пытанне гарадзенкі Зінаіды Кастачэевай прагучала ў фінале вясновай серыі расейскага «Што? Дзе? Калі?». За сталом сядзела каманда «Расатама», якую прызналі лепшай у апошнім сезоне. Гульня прайшла 12 красавіка, але ў беларускім эфіры яе паказалі ўчора позна ўвечары, піша «Вячэрняя Гародня».

Ваўчок паказаў на канверт з надпісам «Гародня» ў трэцім раўндзе, калі знаўцы выігрывалі з лікам 2:0. Асістэнт прадэманстраваў зале загадкавую прыладу, якая ўяўляла сабой дзве палачкі з прывязанай да іх вяроўкай. На вяроўцы была замацаваная гайка. Пытанне гучала так: «Падобнае прыстасаванне трыццаць гадоў таму вынаходнік Дэвід Стэйн падарыў сваёй дачцэ. Для чаго ж бацька зрабіў дзяўчынцы такі падарунак?»

Падчас хвіліны абмеркавання знатакі выглядалі трохі разгубленымі. Вылучалі версіі, што такая прылада трэба, каб нешта маляваць або плесці. У выніку далі адказ: «Так як пры дапамозе гэтых вяровак можна зрабіць роўнабаковы трохкутнік, прыстасаванне дапамагала дзяўчынцы роўна заплесці касу».

Цікава, што калі вядучы пацікавіўся ў клуба, ці ёсць у кагосьці іншыя версіі, усе прысутныя, у тым ліку і магістры, прызналіся, што не. А правільны адказ апынуўся простым: з дапамогай такой вынаходкі дзеці надзімалі вялікія мыльныя бурбалкі.

Гарадзенка прынесла першае ачко камандзе тэлегледачоў і зарабіла 50 тысяч расейскіх рублёў (амаль 1,5 тысячы даляраў). Нагадаем, згодна з правіламі расейскага «Што? Дзе? Калі?» выйгрыш тэлегледачоў павялічваецца з кожным пераможным раўндам: менш за ўсіх зарабляе той, хто ўзяў першае ачко, - 50 тысяч, другому даюць на 10 тысяч больш і гэтак далей. Гулец, які здабыў для каманды тэлегледачоў пераможнае шостае ачко, атрымлівае 100 тысяч расейскіх рублёў.

Дарэчы, фінал вясновай серыі завяршыўся з лікам 5:6 - выйгралі тэлегледачы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках