24 красавiка 2024, Серада, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы ў Польшчы шпіён служыў у спецназе беларускай выведкі

3
Затрыманы ў Польшчы шпіён служыў у спецназе беларускай выведкі

У часы СССР брыгада, у якой служыў Юрый К., належала ГВУ.

Ліст у рэдакцыю Gazety Wyborczej (пераклад - charter97.org) прыйшоў у канверце з адваротным адрасам - следчы ізалятар, вуліца Ракавецкая, Варшава. Яго аўтар, беларус Юрый К. з Гродна па-польску, з памылкамі, просіць аб дапамозе: «Звяртаюся да Вас за дапамогай свабоднага слова СМІ. Я шчыра спадзяюся, што Вы будзеце мець смеласць правесці ўласнае расследаванне і высветліць праўду».

«Фантазёр нейкі…»

Юрый К., які прадстаўляецца як журналіст і выкладчык Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў Гродна, 17 лютага быў «брутальна затрыманы і абвінавачаны ў шпіянажы супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы».

Затрыманне адбылося на вакзале ў Быдгашчы, дзе, як піша Юрый К., агенты «брутальна павалілі» яго на зямлю. Што ён рабіў там? Сцвярджае, што прачытаў пра тое што горад з'яўляецца «польскай сталіцай НАТА» (у Быдгашчы размяшчаецца натаўскі навучальны цэнтр), і хацеў зрабіць рэпартаж «канфрантацыі паміж Расеяй і НАТА і наступствы гэтага супрацьстаяння для Беларусі».

Ён сцвярджае, што ўсюды, дзе ён быў, прадстаўляўся карэспандэнтам газеты «Вечерний Гродно», ад якой атрымаў замову на рэпартаж, фатаграфаваў аб'екты, здымкі якіх ёсць у інтэрнэце, і не ўваходзіў туды, куды «было забаронена». Цяпер ён сядзіць у турме па абвінавачванні ў шпіянажы, за што ў Польшчы пагражае ад трох гадоў пазбаўлення волі.

Справу беларуса вядзе Варшаўская апеляцыйная пракуратура, але акрамя таго, што Юрыя К. пасадзілі за краты за шпіянаж у Польшчы, яна не хоча распавядаць ніякіх падрабязнасцяў, таму што справа з'яўляецца тайнай.

Журналісты спыталі, ці нармальна тое, што яшчэ на стадыі збору матэрыялаў для тайнага следства пракурор дазваляе патэнцыйнаму шпіёну дасылаць лісты ў СМІ. Бо ў такім лісце шпіён можа, напрыклад, перадаць зашыфраваную інфармацыю?

«Затрымка кантраляванай карэспандэнцыі часова арыштаванага можа мець месца толькі ў выпадку, калі апублікаванне яе зместу прывядзе да негатыўных наступстваў для расследавання», - тлумачыць прэс-сакратар апеляцыйнай пракуратуры Збігнеў Яскульскі.

Але неафіцыйна адзін з пракурораў кажа:

«Дзіўны гэты шпіён, хутчэй, нейкі фантазёр, які ўлез у сур'ёзную гісторыю».

Згоды на спатканне з затрыманым пракуратура не дае.

Фотаапарат поўны здымкаў

Улады Беларусі не цікавяцца Юрыем. У прыватнасці яе амбасада гарантуе сваім грамадзянам, якіх падазраюць у шпіянажы ў Польшчы, юрыдычную дапамогу. У дадзеным выпадку такой падтрымкі няма. Юрый атрымаў дзяржаўнага адваката, які ўпершыню яго наведаў толькі ў пачатку красавіка.

Беларус дзейнічаў у Быдгашчы, дзе акрамя некалькіх ваенных аб'ектаў знаходзіцца вышэйзгаданы навучальны цэнтр НАТА. Ён размешчаны на ўскраіне горада і агароджаны шчыльным плотам. Паводле інфармацыі крыніц у АУБ, Юрый рабіў здымкі з верхніх паверхаў бліжэйшых шматпавярховак. За ім адтуль і да вакзала сачылі агенты.

«Праблема ў тым, што ён зусім не хаваўся, паводзіў сябе, як у танным папулярным фільме - як быццам бы хацеў, каб яго затрымалі», - кажа афіцэр АУБ. І дадае: «У нас не было выйсця, мы павінны былі яго ўзяць. У фотаапараце было поўна фатаграфій ваенных аб'ектаў, і не толькі з Быдгашчы. Правяраем, дзе яшчэ ён быў».

«Корпаўся ў сталах»

А што пра Юрыя кажуць у Гродна? Яму 34 гады, у яго ёсць жонка і маленькая дачка. На працягу апошніх 10 гадоў ён працаваў выкладчыкам на факультэце эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён таксама працаваў у «Вечернем Гродно», у прыватнай, але лаяльнай да Лукашэнкі газеце, аднак не як журналіст, а як дырэктар па маркетынгу.

Меркаваны шпіён працаваў у газеце на паўстаўкі. Яго праца для «Вечернего Гродно» доўжылася каля года - да красавіка 2013 года.

Юрыя звольнілі з рэдакцыі, так сумяшчэнне заняткаў ва ўніверсітэце з працай у газеце не віталася працадаўцамі. Былыя калегі па працы адклікаюцца пра яго негатыўна: «Я памятаю, што ён корпаўся ў нашых кампутарах, з гэтай нагоды нават быў скандал. Ён быў слізкім, ад такіх трэба трымацца далей», - успамінае адна з журналістак.

Напісаннем рэпартажаў ён не займаўся. Адзіны кароткі тэкст быў напісаны ім у красавіку 2013 года і тычыўся коштаў у памежным Беластоку, які часта наведваюць беларусы.

«Пасля звальнення ён на нас ужо не працаваў і нічога не пісаў», - кажа галоўны рэдактар «Вечернего Гродно» Іна Максімчык. Таму тлумачэнне, што ў Польшчы ён мог збіраць матэрыялы для артыкула, не з'яўляецца, на яе погляд, сапраўдным.

Ганарыўся тым, што служыў у спецназе

Вядома, што ў 2002-2003 гадах Юрый служыў у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. Гэтая частка лічыцца самай элітнай у беларускіх узброеных сілах. У часы СССР брыгада належала ГВУ.

Юрый ніколі не хаваў, у якой частцы ён служыў. Наадварот. «Ён ганарыўся, што служыў у спецназе, нават выхваляўся гэтым», - распавядае яго знаёмы. На старонцы ў «Одноклассниках» поўна фотаздымкаў, дзе Юрый пазіруе з рознымі відамі зброі.

20 сакавіка, праз шэсць дзён пасля апублікавання інфармацыі аб узяцці двух беларускіх шпіёнаў (другі быў дыпламатам, і яго дэпартавалі), МЗС Беларусі заявіў, што «мае інфармацыю пра двух беларускіх грамадзян, абвінавачаных у шпіянажы, якіх наведаў консул і якім аказаная неабходная консульская дапамога».

КДБ гэту справу не пракаментаваў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках