29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Чэмпіянат у Менску - самае ганебнае спаборніцтва ў гісторыі хакея

34
Андрэй Саннікаў: Чэмпіянат у Менску - самае ганебнае спаборніцтва ў гісторыі хакея

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» звярнуўся з адкрытым лістом да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея.

Андрэй Саннікаў нагадаў Рэнэ Фазелю, што міжнародныя спаборніцтвы вышэйшага рангу, якія праводзяцца ў дыктатарскіх краінах, не служаць спорту. Яны патрэбныя дыктатарам у лепшым выпадку для таго, каб пацешыць сваё самалюбства і стварыць ілюзію міжнароднага прызнання дыктатуры.

Прыводзім тэкст ліста, які быў накіраваны таксама ў рэдакцыю charter97.org:

Паважаны с-р Рэнэ Фазель,

Звяртаюся да вас у сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі, які ў гэтым годзе пройдзе ў Беларусі. Вы - вядомая ў маёй краіне асоба. Сваю вядомасць вы набылі з-за настойлівага лабіравання правядзення чэмпіянату менавіта ў Менску. Многія нават лічаць, што толькі дзякуючы вашым тытанічным намаганням чэмпіянат свету адбудзецца ў самым непрыдатным месцы - у сталіцы апошняй дыктатуры Еўропы.

Хочацца верыць, што вы лабіравалі такое рашэнне цалкам бескарысліва і што пазней не ўсплывуць факты карупцыі, якія часам суправаджаюць падобныя дзіўныя рашэнні. Я тут не маю на ўвазе той ордэн, які вы атрымалі з рук Лукашэнкі ў 2008 годзе.

Вы актыўна абаранялі выбар краіны правядзення чэмпіянату, пастаянна паўтараючы, што «спорт не можа і не павінен служыць палітычным інструментам». Гэта хлусня і, я думаю, вы добра пра гэта ведаеце. У дэмакратычных краінах, такіх, як ваша родная Швейцарыя, гэта сапраўды недапушчальна. У дыктатарскіх краінах спорт - гэта толькі палітыка. Асабліва той спорт, які падабаецца самому дыктатару.

Вам вядома, што здарылася пасля таго, як міжнародныя чыноўнікі ўзнагародзілі Гітлера Берлінскай Алімпіядай у 1936 годзе і Пуціна - сочынскай Алімпіядай у 2014 годзе? Міжнародныя спаборніцтвы вышэйшага рангу, якія праводзяцца ў дыктатарскіх краінах, не служаць спорту. Яны патрэбныя дыктатарам у лепшым выпадку для таго, каб пацешыць сваё самалюбства і стварыць ілюзію міжнароднага прызнання дыктатуры.

Не думаю, што вы знаёмыя з сапраўдным становішчам спраў у маёй краіне. Я не маю на ўвазе палітычную сітуацыю, а стан хакея. Хакей як спорт у Беларусі знішчаны, больш за тое, ён знаходзіцца ў зневажальным стане. Яго зневажаюць турнірамі сумніўнай якасці з удзелам каманды дыктатара, на якія трацяцца вялікія сродкі. Яго зневажаюць, раздаючы званні і ўзнагароды ўдзельнікам каманды дыктатара. Тыя званні, якімі ўзнагароджваюць хакеістаў за прафесіяналізм і адданасць хакею, атрымліваюць чыноўнікі і бізнесмены за адданасць дыктатару. Спецыялісты сцвярджаюць, што пасля чэмпіянату свету хакей у Беларусі чакаюць яшчэ больш цяжкія часы. Чэмпіянат свету паслужыць не развіццю хакея, а яго далейшаму знішчэнню ў Беларусі. Вы станеце непасрэдным вінаватым гэтай катастрофы.

Усё ж адзін палітычны і гістарычны факт хацелася б вам нагадаць. Ён тычыцца нашага сцяга. Бел-чырвона-белы сцяг быў вернуты незалежнай Беларусі ў 1991 годзе рашэннем беларускага парламента. Наш сцяг мае глыбокія гістарычныя і культурныя карані. У 1995 годзе Лукашэнка незаконна змяніў яго на свой сцяг, звязаны толькі з савецкім, таталітарным мінулым Беларусі. Вы выдатна ведаеце, якое значэнне нацыянальны сцяг мае для спартсменаў і для заўзятараў на любых міжнародных спаборніцтвах. Але вы, верагодна, не памятаеце, што мы пачыналі заўзець за спартсменаў незалежнай Беларусі менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам. Гэтым сцягам мы віталі іх на трыбунах і з гонарам сустракалі яго ўзняцце на флагштоках. Упершыню на Алімпійскіх гульнях у гонар незалежнай Беларусі быў узняты менавіта гэты сцяг Гэта было ў Ліліхамеры ў 1994 годзе.

Гэты сцяг дарагі беларусам, і хакейныя заўзятары будуць спрабаваць падтрымаць сваю каманду на чэмпіянаце свету ў Менску. Чаму спрабаваць? Таму што за гэты сцяг сёння пераследуюць і кідаюць у турму. Нядаўна міліцыя ўварвалася ў кватэру пенсіянера і інваліда ў Менску, збіла яго толькі за тое, што ён вывесіў гэты сцяг на сваім балконе. Яго за гэта яшчэ і судзілі.

Хакейным заўзятарам ў Менску будзе забаронена выкарыстоўваць свой нацыянальны сцяг з-за палітычных прыхільнасцяў дыктатара, а вы спрабуеце сцвярджаць, што спорт нельга выкарыстоўваць як палітычны сродак. Заўзятараў з нашым сцягам будуць збіваць, арыштоўваць, кідаць за краты, некаторыя апынуцца там яшчэ напярэдадні чэмпіянату свету. Вы не адчуваеце сваёй віны за тое, што па вашай міласці будуць пакутаваць нявінныя людзі?

Вы не прыслухаліся да праваабаронцаў, парламентароў розных дзяржаў Еўропы, ЗША і Канады. Вы праігнаравалі заклікі сваякоў палітвязняў, зорак сусветнага хакея, грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, якія звярталіся да вас з просьбай перанесці чэмпіянат у іншую краіну. У выніку чэмпіянат пройдзе ў краіне, дзе ў турмах пакутуюць невінаватыя палітвязні, дзе рэпрэсіі будуць працягвацца і падчас чэмпіянату. Вы ўжо зараз можаце ў гэтым пераканацца. Майго калегу Максіма Вінярскага 22 красавіка арыштавалі па ілжывым абвінавачваннях і прысудзілі да турэмнага зняволення. Яго жыццю пагражае небяспека, бо з-за пастаянных здзекаў ён абвясціў сухую галадоўку. Напярэдадні арышту міліцыя раіла яму з'ехаць з горада на час вашага з Лукашэнкам чэмпіянату.

Ні гульцы зборнай каманды, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце, ні заўзятары, якія хацелі б свабодна і мірна выказваць сваю падтрымку сваім камандам, не заслужылі такога грэблівага стаўлення з боку вашай федэрацыі і вас асабіста. Менавіта іх вы паставілі ў самае няёмкае становішча. Спартсмены нацыянальных каманд не павінны залежаць ад капрызаў міжнародных чыноўнікаў і ўдзельнічаць у чэмпіянатах, якія праводзяцца дыктатарам і для дыктатара, а не для спартсменаў і заўзятараў. Заўзятары не павінны баяцца заўзець за сваю каманду пад сваім нацыянальным сцягам.

Чэмпіянат свету ў Менску дзякуючы вам рызыкуе стаць самым ганебным спаборніцтвам у гісторыі хакея. Міліцыя і спецслужбы мабілізаваныя сёння не для забеспячэння парадку падчас чэмпіянату свету, а на пераслед грамадзян Беларусі, якія могуць праяўляць сваю незадаволенасць дыктатурай падчас вашага чэмпіянату. Прычым рэпрэсіі супраць гэтых грамадзян працягнуцца і пасля чэмпіянату. Дыктатары злапомныя, і пераслед тых, хто адважыцца прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю падчас спаборніцтваў будзе адбывацца і пасля вашага ад'езду з Менска.

У Беларусі можа з'явіцца вялікая група грамадзян, рэпрэсаваных у сувязі з чэмпіянатам свету па хакеі. У сувязі з гэтым настойліва рэкамендую вам прадугледзець магчымасці абароны беларускіх палітвязняў, якія пацерпяць у сувязі з чэмпіянатам свету, з боку Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе, якую вы ўзначальваеце.

Я са свайго боку буду заклікаць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі менавіта на ваш адрас накіроўваць патрабаванні, якія тычацца гэтых палітвязняў. Спадзяюся, што яны прыслухаюцца да гэтых заклікаў. Вы чалавек рашучы і ведаеце, што за свае рашэнні трэба адказваць. Можа быць, неабходнасць сутыкнуцца з наступствамі паслужыць урокам для вашай і іншых міжнародных спартыўных федэрацый і прадухіліць прыняцце падобных ганебных рашэнняў.

Андрэй Саннікаў

каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў Беларусі

вязень сумлення (2010-2012)

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках