29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цімаці Гартан Эш: Мы яшчэ сутыкнемся з мноствам «Украін»

4
Цімаці Гартан Эш: Мы яшчэ сутыкнемся з мноствам «Украін»

У Пуціна больш прыхільнікаў, чым думае Захад.

Скажы мне, што ты думаеш пра Украіну, і я скажу табе, хто ты ёсць. Украінскі крызіс стаў той лакмусавай паперкай, якая вызначае сутнасць не толькі людзей, але і цэлых краін. Вынікі кажуць відавочна не на карысць Захаду, піша Цімаці Гартан Эш на старонках The Guardian (пераклад - Inosmi.ru).

Ва Уладзіміра Пуціна на фоне ўкраінскіх падзеяў з'явілася вялікая колькасць прыхільнікаў у свеце. Цяжка сабе ўявіць, як можна скарыць заходні свет, выкарыстоўваючы неасавецкую рыторыку і хлусню ў імкненні падзяліць суверэнную суседнюю дзяржаву. Калі я кажу пра прыхільнікаў, то я не маю на ўвазе яго заўзятых прыхільнікаў у такіх краінах як Венесуэла ці Сірыя. Пуцін як моцны лідар карыстаецца таксама маўклівай падтрымкай такіх дзяржаў, як Кітай і Індыя, якія яму таемна апладзіруюць.

Падчас маёй нядаўняй паездкі ў Кітай, мне задавалі адно і тое ж пытанне: што на самой справе адбываецца ва Украіне? Я ў адказ на пытанне маіх кітайскіх калегаў задаваў ім сустрэчнае: якая кітайская пазіцыя ў дачыненні да падзей ва Украіне? Мяне гэта вельмі хвалявала, бо я ведаў, што Пекін заўсёды падтрымліваў суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць існуючых дзяржаў, няхай гэта будзе Югаславія або Ірак. Кітай на сваёй тэрыторыі мае дзве падобныя з Крымам праблемы. Гэта сепаратызм ў Тыбеце і Сіньцзяне. Пекін заўсёды прытрымліваецца выключна «жорсткай лініі» ў барацьбе з сепаратыстамі з Тыбета і Сіньцзяна. Ці камфортна адчувае цяпер сябе Кітай перад тым фактам, што Расея здолела проста так адхапіць кавалак суседняй краіны?

У адказ кітайскія таварышы мне казалі, што іх, вядома, турбуюць падзеі ва Украіне, але яна вельмі далёкая ад Кітая. Пры гэтым яны падкрэслівалі, што ўкраінскі крызіс прынясе Кітаю больш выгод, чым стратаў. У цяперашняй сітуацыі (пасля Аль-Каіды, Афганістана і Ірака) Злучаныя Штаты вымушаныя будуць памяняць свой стратэгічны вектар з азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёну і Кітая ў бок Усходняй Еўропы. Ізаляцыя Расеі з боку Захаду вымусіць Маскву шукаць шляхі для пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў з Кітаем.

Што тычыцца Украіны, то не трэба забываць, што Кіеў пастаўляе ў Кітай найноўшае ўзбраенне, якое па сваіх характарыстыках пераўзыходзіць расейскія ўзоры. Новыя ўкраінскія ўлады, нягледзячы на тое, што Пекін не асудзіў далучэнне Крыма да Расеі, паспяшаліся запэўніць кітайскі ўрад, што гэта ніякім чынам не паўплывае на двухбаковыя стасункі. Лепш і быць не можа. Кітай пасля далучэння Крыма да Расеі стаў весці больш прадбачлівую палітыку ў дачыненні да сваіх усходніх правінцый. Мае кітайскія суразмоўцы адзначылі, што ў цяперашняй realpolitik прысутнічае і эмацыйны кампанент. Справа ў тым, што цяперашнія кітайскія кіраўнікі, у тым ліку старшыня КНР Сі Цзіньпін выхоўваліся ў эпоху праўлення Мао Цзэдуна, і ім інстынктыўна падабаецца, што ў свеце з'явіўся лідар, які супрацьстаіць імперыялістычнаму Захаду.

«Сі Цзіньпін у захапленні ад Пуціна», - запэўніў мяне добра інфармаваны кітайскі назіральнік. Варта таксама адзначыць, што пасля далучэння Крыма да Расеі каментары ў кітайскай прэсе сталі больш стрыманымі, каб не правакаваць абвастрэнне сітуацыі на ўсходзе Украіны. Так, нацыяналістычнае кітайскае выданне Global Times у мінулым месяцы напісала пра «вяртанне Крыма ў Расею». Зараз на яе старонках з'явіліся публікацыі пра тое, што «ўсходні рэгіён Украіны - зусім не тое ж самае, што і Крым. Калі паўднёвы ўсход Украіны аддзеліцца ад Кіева, то будзе нанесены сур'ёзны ўдар па тэрытарыяльнай цэласнасці, гарантаванай міжнародным правам».

(Ясна, што Пуцін не імкнецца да поўнага аддзялення паўднёва-усходу Украіны ад Кіева. Яго больш задавальняе сітуацыя, у якой Украіна стане чымсьці накшталт Босніі і будзе праводзіць у дачыненні да Расеі палітыку, падобную на тую, якую практыкуе Фінляндыя. Вось чаму Масква так узмоцнена прапагандуе ідэі «федэралізму» - больш незалежнасці ўсходнім абласцях у рамках сферы расейскага ўплыву).

Аднак не падобна, каб нарастаючы неспакой Пекіна з нагоды падзей ва Украіне перашкодзіў цёпламу прыёму, які быў аказаны ў мінулы аўторак расейскаму міністру замежных спраў Сяргею Лаўрову ў Кітаі. Старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў стан расейска-кітайскіх сувязяў «выдатным» і адзначыў усё большую ролю Расеі ў «падтрыманні міру і стабільнасці на Зямлі».

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Кітая заявіў, што стасункі паміж Кітаем і Расеяй, як ніколі раней напоўненыя практычным зместам, развіваюцца на вышэйшым узроўні і валодаюць стратэгічнай важнасцю. Падобна на тое, што Вашынгтону ў сітуацыі, якая склалася, застаецца толькі плакаць ад зайздрасці. А ў траўні гэтага года Пекін гатовы аказаць самы цёплы прыём ужо расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну.

І Кітай у гэтым не адзінокі. Як распавёў мой сябар, які нядаўна вярнуўся з Індыі, у выпадку перамогі апазіцыйнага лідара Нарэндра Модзі, у краіне будзе праводзіцца палітыка кланавага капіталізму. Ліберальна настроеная частка індыйскага грамадства асцерагаецца, што ў самай буйной дэмакратычнай краіне свету можа ўстанавіцца аўтарытарны рэжым, падобны з пуцінскім. У любым выпадку, Індыя да гэтага часу застаецца на баку Расеі, а не Захаду і Украіны. У мінулым месяцы прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падзякаваў Індыю за яе «стрыманы і аб'ектыўны» падыход у дачыненні да Крыма. Дзіўна назіраць, як Індыя, апантаная ідэяй суверэнітэту ў посткаланіяльным перыядзе, якая адносіцца з асцярогай да праяў ліберальнага імпэрыялізму, - што выглядае вельмі нелагічна - падтрымлівае краіну, якая груба парушыла суверэнітэт суседняй дзяржавы. Адзін з сатырычных індыйскіх часопісаў у жартаўлівай форме намякнуў, што Уладзімір Пуцін быў прыняты на працу ў адну з дзяржаўных структур Індыі ў якасці «галоўнага дарадцы па стратэгічных пытаннях, каб скончыць раз і назаўсёды з праблемай Кашміра». Нельга таксама забываць, што Індыя закупляе ў Расеі вялікую частку сваёй зброі.

І Індыяй справа не сканчаецца. Дзве іншыя краіны, якія ўваходзяць у БРІКС - Бразілія і ПАР - устрымаліся пры галасаванні за рэзалюцыю, якая не прызнае далучэнне Крыма да Расеі на Генеральнай асамблеі ААН. Яны таксама разам з Расеяй выступілі супраць прапановы кіраўніка МЗС Аўстраліі забараніць Пуціну ўдзельнічаць у працы саміту G-20, які пройдзе ў лістападзе. Амбасадар РФ у ПАР падзякаваў паўднёваафрыканскаму кіраўніцтву за «ўзважаную» пазіцыю.

Сёння Захад назірае за тым, як разгортваюцца дзве гіганцкія спружыны. Адна з іх - спружына горычы, якую матушка Расея мае з нагоды таго, што яе імперыя значна паменшылася ў апошнія 25 гадоў: ад цэнтра Германіі да цэнтра Кіеўскай Русі.

Іншая ўзвядзенная спружына - пачуццё прыкрасці і расчаравання Захадам з боку яго былых калоній, уключаючы краіны, якія развіваюцца, якія ўваходзяць у БРІКС і G-20. Вядома, не ўсе падзяляюць жорсткую пазіцыю Кітая, які няспынна гаворыць пра нацыянальнае прыніжэнне з часоў так званых опіўмных войнаў супраць Вялікабрытаніі. Але іх усіх аб'ядноўвае заклапочанасць і трывога з нагоды іх суверэнітэту, нежаданне мірыцца з навязваннем думкі з боку ЗША і Еўропы ў дачыненні да Расеі, а таксама радасць (ці, хутчэй, злараднасць) з нагоды таго, што ваяўнічая Масква адважылася паквапіцца на інтарэсы амерыканскага дзядзькі Сэма (не кажучы ўжо пра брытанскага Джона Була). Хай жыве пуцінізм!

Цалкам відавочна, што ўкраінскую праблему хутка не вырашыць, і мы стаім на парозе магчымага крызісу ва Усходняй Еўропе. Па сваіх маштабах ён можа стаць геапалітычным. Неабходна ўсведамляць, што па меры прасоўвання ў 21 стагоддзе свет сутыкнецца з мноствам «Украін»...

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках