28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Захад узбройваў Пуціна нават пасля анэксіі Крыма

18
Gazeta Wyborcza: Захад узбройваў Пуціна нават пасля анэксіі Крыма

Узбраенні ў РФ пастаўляюць аўстрыйцы, немцы, французы, італьянцы.

Германія адправіла ў РФ пісталеты і драбавікі, а раней яе эксперты трэніравалі расейскі спецназ. Аўстрыйцы прадавалі свае высокадакладныя снайперскія вінтоўкі, італьянцы - аўтамабілі павышанай праходнасці, французы - абсталяванне для танкаў, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

Пастаўкі еўрапейскімі канцэрнамі ўзбраення ў Расею з'яўляюцца ключавым доказам крывадушнасці Захаду. Канцлер Ангела Меркель на працягу некалькіх гадоў холадна выказваецца пра Пуціна, асуджаючы рэпрэсіі супраць расейскай апазіцыі і няўрадавых арганізацый. У той жа час нямецкія зброевыя канцэрны рэалізоўвалі ў Расеі свае інтарэсы. Толькі за мінулы год яны зарабілі 40 млн. еўра.

«Хеклер і Кох» (Heckler & Koch), знакамітая кампанія па вытворчасці стралковай зброі, экспартавала пісталеты і вінтоўкі. За пастаўкі нямецкай амуніцыі Расея заплаціла 325 тыс. еўра. Плюс да гэтага пастаўлялася навігацыйнае абсталяванне, запчасткі, а таксама мабільныя камандныя цэнтры і браняваныя аўтамабілі.

Канцэрн «Рэйнметал» (Rheinmetall) за 100 млн. даляраў планаваў будаўніцтва вялікага навучальнага цэнтра, у якім магло б трэніравацца каля трох тысяч салдат адначасова. Пасля ўварвання ў Крым кантракт быў замарожаны, але нягледзячы на гэта, ў Расею і далей ішоў паток зброі з Германіі.

На мінулым тыдні ўрад ФРГ прызнаўся, што са студзеня нямецкія кампаніі з яго ведама і згоды пастаўляюць пісталеты, драбавікі і вінтоўкі. Аднак Берлін клянецца, што гэта зброя для спартсменаў і паляўнічых і з яе нельга весці аўтаматычны агонь.

Але праблема ў тым, што кіраваныя Крамлём сепаратысты ва Усходняй Украіне часцяком бываюць узброеныя менавіта так. А перарабіць дадзеныя адзінкі для стральбы чэргамі не складзе працы. Акрамя таго, Германія прадавала таксама боепрыпасы і гранаты.

Толькі ўчора Берлін выдаў забарону на продаж Расеі якой-небудзь зброі. У чарзе на экспартны дазвол стаяла 69 заяў на абсталяванне коштам 6 млн. еўра.

Маскву ўзбройваў таксама Парыж. Акрамя вядомых «Містраляў», самалётаў-амфібій, якія Расея замовіла ў 2011 годзе (кантракт застаецца ў сіле, нягледзячы на анэксію Крыма), французская кампанія «Тале» (Thales) пастаўляла прыборы начнога бачання для найноўшых танкаў Т-90. Гэтая ж кампанія павінна вырабляць бартавую электроніку для расейскіх транспартных верталётаў Мі-38. Рухавікі павінны пастаўляцца з Канады кампаніяй «Прат і Уітні» (Pratt & Whitney).

Французы таксама планавалі забяспечыць расейцам пастаўкі баявых машын пяхоты. Акрамя таго, яны павінны былі сумесна распрацоўваць новае пакаленне танкаў.

У 2010 годзе расейскі спецназ атрымаў снайперскія вінтоўкі HS.50 вытворчасці аўстрыйскай кампаніі «Штэйр Манліхер» (Steyr Mannlicher). Гэта лепшае снайперская зброя ў свеце, з яе можна забіваць ворагаў з адлегласці нават да двух кіламетраў. Расейцы набылі 30 штук.

У гэтым годзе расейская армія набыла сучасныя палявыя машыны LMV-M65, вырабленыя італьянскай кампаніяй IVECO, якія апынуліся лепш расейскіх аналагаў.

Чаму Расея, якая з'яўляецца другім пасля ЗША экспарцёрам зброі ў свеце, купляе яе ў Заходняй Еўропе, гэта значыць у патэнцыйных ворагаў? Таму што яна лепш, чым тая, што яна сама вырабляе, і чым паспяхова ўзбройвае краіны «трэцяга свету». Гэта паказала вайна ў Грузіі ў 2008 годзе. Маленькая грузінская армія, аснашчаная пры дапамозе ЗША і краін НАТА, нягледзячы на паражэнне, была здольная нанесці Расеі страты. Асабліва небяспечнымі апынуліся грузінскія сістэмы СПА. Прасоўваючыся ўглыб Грузіі, расейцы сутыкнуліся з праблемамі сувязі і каардынацыі дзейнасці.

Праз шэсць гадоў, падчас аперацыі ў Крыме, высветлілася, што гэтыя праблемы ёй удалося пераадолець. Расейскія салдаты, якія бралі ў ёй удзел, мелі невялікія радыёстанцыі. Яны таксама мелі сучасную форму і стралковае абсталяванне. Іх суправаджалі не толькі танкі і бронетранспарцёры, але і сучасныя аўтамабілі радыёэлектроннай барацьбы, якія сярод іншага блакавалі сігналы сотавых тэлефонаў і GPS.

Расейцы таксама змянілі тактыку, якая больш нагадвае дзеянні спецыяльных сіл ЗША ў Іраку або Афганістане. Па інфармацыі выдання The Daily Beast, якое спасылаецца на крыніцы ў Пентагоне, спецназ РФ навучалі гэтаму трэнеры з Германіі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках