19 красавiка 2024, Пятніца, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марцін Угла: Лукашэнка зачышчае палітычнае поле перад ЧС па хакеі

5
Марцін Угла: Лукашэнка зачышчае палітычнае поле перад ЧС па хакеі

Масавыя арышты актывістаў яшчэ раз даказваюць ганебнасць прадастаўлення Беларусі права на правядзенне ЧС па хакеі.

Пра гэта заявіў кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, каментуючы сайту charter97.org масавыя арышты актывістаў апазіцыі.

«Гэта звязана з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску. Бо Лукашэнка адкрыта сказаў, што не хоча бачыць «правакацый» падчас чэмпіянату. Таму можна казаць пра пачатак зачысткі палітычнага поля перад ім», - упэўнены Марцін Угла.

Праваабаронца адзначыў, што цікава будзе паглядзець на рэакцыю хакейных федэрацый, паколькі яны таксама нясуць адказнасць за арганізацыю дадзенага мерапрыемства і павінны рэагаваць на тое, што адбываецца.

«Наогул, з такімі тэмпамі ў Менску можа амаль не застацца вядомых актывістаў, якія праводзілі б акцыі на матчах і не толькі, паказваючы, што ў Беларусі ёсць дыктатура, палітвязні і шматлікія парушэнні правоў чалавека. Вядома, усіх улады не могуць арыштаваць, але хочуць па максімуму ізаляваць і запалохаць палітычна актыўных людзей», - лічыць ён.

Праваабаронца перакананы, што гэтыя дзеянні рэжыму Лукашэнкі яшчэ раз падкрэсліваюць памылковасць выбару Беларусі ў якасці краіны для правядзення ЧС.

«Я з самага пачатку казаў і працягваю казаць, што рашэнне даць права на правядзенне мерапрыемства дыктатару Лукашэнку - ганебнае», - падкрэсліў Марцін Угла.

Нагадаем, сёння сустаршыню «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча арыштавалі на 25 сутак. Амаль да заканчэння ЧС па хакеі ў Менску былы палітвязень будзе знаходзіцца за кратамі. Учора на паўгода быў падоўжаны прэвентыўны нагляд лідару арганізацыі «Zмена» Паўлу Вінаградаву. Вінаградаў па парадзе міліцыі прыняў рашэнне на час ЧС з'ехаць з Менска ў Беразіно, каб пазбегнуць адміністрацыйнага пераследу.

Два дні таму суддзя Заводскага раёна Менска Анастасія Осіпчык прысудзіла да арышту на 10 сутак актывіста Іллю Дабратвора, а 22 красавіка па ілжывых абвінавачваннях асудзілі на 12 сутак каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках