20 красавiка 2024, Субота, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка куш не сарваў

51
Лукашэнка куш не сарваў

Гаспадар саміту ЕЭС стараўся выглядаць 29 красавіка крута, але свайго не дамогся.

Масква не гатовая на царскую шчодрасць у імя стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Крым балюча ўдарыў па яе ўласнай эканоміцы. Ды і потым, а куды яны дзенуцца, гэтыя франдзёры-саюзнікі, з расейскай падводнай лодкі? Усё роўна дамову падпішуць, хай і з крывой усмешкай, піша аглядальнік Аляксандр Класкоўскі на сайце «Белорусские новости».

У пачатку дыскусіі на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета беларускі кіраўнік дзёрзка кінуў: калі бакі не гатовыя рэалізаваць дамоўленасці, то і казаць пра ЕАЭС трэба гадоў праз дзесяць.

Гэта быў эфектны халодны душ для высокага маскоўскага госця. Уладзімір Пуцін, які прызнаў нязгоды і прапанаваў шукаць кампраміс, выглядаў у гэтым кантэксце бледна. Але ў кадравага афіцэра КДБ свае метады даціскаць, лічыць палітолаг.

Гаспадар жа сустрэчы тым часам адкрыта язвіў: «Наватарскія прапановы па тэрмінах рэалізацыі дамоўленасцяў праз 10 гадоў, гэта значыць да 2025 года, па меншай меры гучаць дзіўна». Лукашэнка заклікаў не ператвараць інтэграцыю ў працэс дзеля працэсу.

Крэмль гоніць коней

Пазіцыя Менска лагічная: не трэба пераскокваць праз этапы, давайце спачатку створым як мінімум паўнафарматны Мытны саюз.

«Паміж яго членамі не павінна быць ніякіх абмежаванняў у руху тавараў, якімі б адчувальнымі яны ні былі», - заявіў 29 красавіка Лукашэнка. Ну а што можа быць для Расеі адчувальней энерганосьбітаў?

На іх продажы трымаецца ўся расейская эканоміка. Але здымаць c гэтага тлустыя вяршкі за кошт выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю - несумленна, калі ўжо дамовіліся ствараць прастору чатырох свабодаў, лічаць у Менску.

У Беларусі, напэўна, ужо немаўляты засвоілі, што калі па-сумленнаму, то Маскве варта адмяніць экспартныя пошліны на нафтапрадукты - гэты тэзіс гучыць з кожнага праса.

Зрэшты, расейскі бок папракае беларускі ў тым, што той, у сваю чаргу, здымаць бар'еры не спяшаецца (што праўда: жорсткая канкурэнцыя можа пакласці на лапаткі ладную колькасць айчынных прадпрыемстваў).

Увогуле, супярэчнасці - на манер гардзіева вузла. Развязваць - доўга, рассякаць жэстам царскай шчодрасці Пуцін не хоча (дорага!), але свой еўразійскі праект - справа гонару - працісквае ў запланаваныя тэрміны.

«Ёсць усе падставы меркаваць, што мы выйдзем на падпісанне ў намечаныя тэрміны», - цытуе «Інтэрфакс» заяву Пуціна па выніках саміту.

Пра Украіну - сам-насам

Меркавалася, што тры лідара абмяркуюць і сітуацыю вакол Украіны, але на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, пра вынікі дыскусіі - ні гу-гу. Можна толькі выказаць здагадку, што яна была цяжкай і не расставіла кропкі над і.

Лукашэнку не хочацца выглядаць марыянеткай Крамля. Ён жа дэ-факта ўжо пачаў перадвыбарчую кампанію, пазіцыянуючы сябе як моцнага ўладара, які ахоўвае краіну ад пошасцяў па ўсіх азімутах.

Акрамя таго, нейкае дыстанцыяванне ад Крамля ва ўкраінскім пытанні пакідае шанец палепшыць стасункі з Захадам. У Менска тут разлік на тое, што заходнікам пры агрэсіўнай Расеі не да раскошы. Гэта значыць пытанні дэмакратызацыі і правоў чалавека ў Беларусі могуць быць адсунутыя ў цень, і з Лукашэнкам загавораць больш ветліва ўжо па прычыне яго адносна самастойнай пазіцыі.

Вось толькі эканамічнага рэсурсу пад гэтую самастойнасць кот наплакаў. Калі без маскоўскай соскі абвал немінучы, асабліва не паўпіраешся. У любы момант Крэмль можа зрабіць балюча, вельмі балюча.

Нафтапошліну Масква не здымае

Што ж тычыцца ўласна дамовы аб стварэнні ЕАЭС, то позна ўвечары старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка заявіў: усе асноўныя нязгоды па праекце ўрэгуляваныя.

Зрэшты, гэта вельмі было падобным на добрую міну пры дрэннай гульні. Тут жа Хрысценка сказаў, што агульныя рынкі газу і нафты пачнуць функцыянаваць не пазней (правільна было б сказаць: не раней) 2025 года. Гэта значыць менавіта праз дзесяць гадоў, з нагоды чаго і язвіў Лукашэнка.

«Да 2025 года пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем у сферы нафты, нафтапрадуктаў і газу, будуць урэгуляваныя ў адпаведнасці з дзеючымі пагадненнямі, заключанымі ў 2010 годзе, і ў адпаведнасці з дадатковымі двухбаковымі дамоўленасцямі...», - растлумачыў Хрысценка.

Прасцей кажучы, пытанне пошлін на нафтапрадукты па-ранейшаму будзе вырашацца паміж Масквой і Менскам «па паняццях». Гэта азначае, што беларускі бок і надалей маюць намер трымаць на кароткім ланцужку.

Лукашэнка, Назарбаеў і Пуцін у гэты час яшчэ працягвалі спрачацца за зачыненымі дзвярыма, але было зразумела, што цуду не здарыцца. Між тым намер падпісаць дамову аб ЕАЭС 29 траўня ў Астане застаецца ў сіле. Падобна на тое, што спраўджваецца прагноз аўтара гэтых радкоў: новы саюз здадуць да вызначанай даты ў традыцыях савецкай будоўлі - сяк-так, з вялікімі недаробкамі, якія выльюцца ў асобную эпапею-нерваматанне.

«Лучше по-хорошему хлопайте в ладоши вы»

Папярэднія ж вынікі менскага саміту паказваюць: на асабліва шчодрую праплату саюзніцкай вернасці і паглыблення інтэграцыі Менску разлічваць наўрад ці варта.

Так, беларускі афіцыйны лідар бравіруе, робіць карцінку на электарат, але ў выніку вымушаны ісці на сур'ёзныя саступкі Крамлю. Па-першае, асабліва не пабрыкаешся, калі ВУП адсоткаў на 15, калі не больш, фармуецца за кошт расейскіх датацый.

Па-другое, пасля Крыма праект ЕАЭС выглядае яшчэ больш-менш цывілізаванай формай «збірання земляў». Пуцін жа паказаў, што можа і па-дрэннаму.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках