20 красавiка 2024, Субота, 4:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сіла неабыякавых

35
Сіла неабыякавых

Лекцыя пра Свабоду.

Лекцыя была прачытаная лідарам «Еўрапейскай Беларусі» Андрэем Саннікавым у галандскім культурна-дыскусійным цэнтры De Balie у Амстэрдаме. Прыводзім тэкст лекцыі цалкам:

Свабода - гэта выскачыць з клеткі

Пры падрыхтоўцы да выступлення я, натуральна, пакапаўся ў выказваннях мудрацоў пра свабоду, спадзеючыся знайсці ключ, які дапамог бы мне выглядаць разумным.

Я знайшоў шмат цытат: ад старажытных грэкаў да сучасных рок-музыкаў.

Вось адна з іх, якая мне асабліва падабаецца:

«Сакрэт шчасця - гэта свабода. Сакрэт свабоды - мужнасць». Складана паверыць, але сказана гэта было невядомым старажытнагрэцкім гісторыкам, які жыў у 460-404 да н.э.

І тут я натыкнуўся на словы Аўраама Лінкальна: «Свет яшчэ не прыдумаў добрага вызначэння свабоды». І я падумаў: хто я такі, каб спрачацца з Аўраамам Лінкальнам? І хто я такі, каб ісці супраць свету?

Я вырашыў проста распавесці вам нават не пра сваё разуменне свабоды, а пра свой вопыт свабоды і несвабоды.

Але ўсё ж я пачну з цытаты мудрага чалавека. Калі яго спыталі, што ў яго разуменні «свабода», ён адказаў: свабода - гэта значыць выскачыць з клеткі. Гэты мудры чалавек - мой сын Данька. Я толькі што выйшаў з турмы, а яму было 5 гадоў, калі я задаў яму гэтае пытанне.

Гэта была не кранальная мудрасць нашых дзяцей, пасля чаго прынята замілоўвацца, гладзіць іх па галоўцы і абдымаць. Гэта было меркаванне маленькага мужчыны, якому было 3 гады, калі яго бацькі раптам зніклі ў ноч на 19 снежня 2010 года і які убачыў сваю маці толькі пасля аднаго з паловай месяца, а свайго бацьку - толькі праз 16 месяцаў. Да гэтага мы ніколі не пакідалі яго больш, чым на тры дні, нават у камандзіроўкі ездзілі па чарзе. Гэта было меркаванне маленькага мужчыны, якога КДБ спрабаваў скрасці і змясціць у прытулак. Гэта было меркаванне трохгадовага мужчыны, у дом якога ўрываліся з ператрусам міліцыя і агенты КДБ, абшуквалі нават яго цацкі і яго дзіцячы ложачак. Гэта сказаў маленькі чалавек, які вымушаны быў тры з паловай месяца жыць пад хатнім арыштам з двума агентамі КДБ, якія назіралі за ім 24 гадзіны ў суткі.

Ён сказаў гэта, зыходзячы з вопыту ўсяго свайго жыцця, сур'ёзна абдумаўшы тое, што ён скажа. У свае пяць гадоў ён ужо сутыкнуўся з жорсткай рэальнасцю і зразумеў каштоўнасць свабоды. Да гэтага ён наогул не прызнаваў, што зло існуе, заўсёды прымушаючы нас, сваіх бацькоў, пагаджацца, што дрэнныя персанажы ў казках не такія ўжо і дрэнныя, як там напісана, і што яны ў канчатковым выніку стануць добрымі. І вось ён убачыў зло на свае вочы і зразумеў, што зло пазбаўляе свабоды.

У гэтым узросце мне пашанцавала больш, чым яму. Мне не даводзілася думаць пра такія сур'ёзныя фундаментальныя рэчы. Дакладней - я не сутыкаўся з сітуацыяй, у якой я павінен быў пра гэта думаць. Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе праз год пасля смерці Сталіна. Гэта быў не горшы час для з'яўлення на свет: мяккі перыяд савецкага таталітарызму.

Я не думаў, што жыву ў несвабоднай краіне. Нават пасля таго, як я прачытаў у даволі раннім узросце «Адзін дзень з жыцця Івана Дзянісавіча» Аляксандра Салжаніцына пра лагеры, я думаў, што тыя часы назаўжды сышлі. Кніга ўзрушыла мяне. Выпрабаванні зняволеных у лагерах ГУЛАГа былі настолькі жудасныя, што немагчыма было ўявіць, як некаторыя з іх выжылі. Аднак той факт, што кніга была апублікаваная ў той жа краіне, якая стварыла ГУЛАГ, сістэму турмаў і лагераў, больш за тое, яна ўваходзіла ў школьную праграму, супакойваў. Усё скончылася. Такога больш не паўторыцца.

Па іроніі лёсу я зноў прачытаў кнігу, калі сам быў у калоніі, і яна ўжо не здалася такой беспрасветнай. Я быў на зоне, дзе шмат у чым захоўвалася практыка мінулага, і з гэтым даводзілася жыць.

У Савецкім Саюзе мне прыйшлося ўспрымаць адсутнасць свабоды вакол мяне. Як сказаў адзін з вядомых савецкіх пісьменнікаў Фазіль Іскандэр: «мы ўсе пакутліва спрабавалі паверыць у ідэалогію». Не верыць у яе было няпроста, так як з калыскі табе тлумачылі, што ты «самае шчаслівае дзіця ў свеце», таму што табе пашанцавала нарадзіцца ў «самай лепшай у свеце краіне».

Калі я падрос, я зразумеў, што мы пазбаўленыя чагосьці вельмі важнага і каштоўнага: кніг, музыкі, сучаснага мастацтва, кіно, нават адзення. Мы з цяжкасцю здабывалі ўсё гэта, каб адчуць сваю сувязь са светам. Мой сябар Мікалай Халезін, кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра, напісаў п'есу, якая была пастаўленая ў Беларусі і ішла па ўсім свеце. Яна называецца «Пакаленне Jeans». Яна менавіта пра гэта. Пра тое, што джынсы, рок-музыка, чытанне кніг, якія былі забароненыя і не публікаваліся ў Савецкім Саюзе, давалі нам адчуванне прыналежнасці да свету па-за жалезнай заслоны, давалі нам адчуванне свабоды.

Пазней я даведаўся пра адну пацешную дэталь: не рок-музыка, заходнія кнігі ці нават любоўныя сцэны ў фільмах лічыліся найбольш небяспечнымі для савецкай ідэалогіі. Самым небяспечным быў паказ у фільмах заходніх супермаркетаў, асабліва амерыканскіх. Вось чаму музыка і эротыка цэнзураваліся злёгку, а сцэны ў супермаркетах бязлітасна выразаліся. Я думаю, што савецкія ідэолагі добра разумелі, што росквіт непасрэдна звязаны са свабодай.

Свабода ў СССР часам даходзіла да нас вельмі незвычайнымі шляхамі. Напрыклад, даволі рана я прачытаў «У крузе першым» і «Ракавы корпус» Салжаніцына пра палітычных зняволеных у СССР, такім чынам пашырыў свае веды пра цёмны бок Савецкага Саюза.

Гэтыя кнігі былі выдатна выдадзеныя. Незвычайныя дарагія вокладкі, вельмі тонкая белая рысавая папера. Яны былі выдадзеныя на Захадзе знакамітым выдавецтвам «Пасеў». І абедзве яны былі з сейфа галоўнага рэдактара газеты «Правда», рупара савецкай прапаганды. Іх даў мне пачытаць мой бацька, а ён узяў іх у Андрэя Макаёнка, аднаго з самых вядомых драматургаў таго часу ў СССР. Макаёнак у сваю чаргу ўзяў іх у Міхаіла Зімяніна, галоўнага рэдактара газеты «Правда» і пазней правай рукі Міхаіла Суслава, галоўнага ідэолага СССР. Салжаніцын быў забаронены, падвяргаўся разнастайным ідэалагічным ганенням, нават чытанне яго кніг магло азначаць сур'ёзныя праблемы з КДБ. Але Зімянін і Макаёнак былі з Беларусі, а апошні быў сябрам майго дзеда. Такім чынам я атрымаў унікальны шанец прачытаць гэтыя кнігі ў выдатным выданні.

Калі савецкія войскі ўварваліся ў Чэхаславакію мне было 14 гадоў. Я нічога не ведаў пра дэманстрацыю на Краснай плошчы ў Маскве, калі 8 чалавек выйшлі з пратэстам супраць гэтага ўварвання. Пазней я даведаўся пра гэту дэманстрацыю, а яшчэ пазней я пазнаёміўся з Наталляй Гарбанеўскай, адной з яе удзельніц. Мы сталі сябрамі. Наташа памерла ў мінулым годзе. Гэта быў год 45-годдзя гераічнай дэманстрацыі, і Наташа зноў была на Краснай плошчы, і зноў людзей арыштоўвалі за пратэст, на гэты раз супраць рэжыму Пуціна.

Савецкае ўварванне ў Чэхаславакію азначала для мяне менш інфармацыі аб хакейнай камандзе гэтай краіны, лепшыя гульцы якой былі супраць уварвання, у тым ліку і мой любімы гулец Вацлаў Недаманскі.

Я не ведаў пра беспарадкі ў 70-х гадах у Польшчы, дзе людзі пратэставалі супраць раптоўнага росту коштаў. Беспарадкі, якія пачаліся ў Гданьску і Гдыні былі жорстка падушаныя, па меншай меры 42 чалавекі загінулі, больш за 1000 былі параненыя.

Пасля гэтага ў Савецкім Саюзе стала менш польскай музыкі, польскіх фільмаў і польскага мастацтва. Справа ў тым, што, акрамя жалезнай заслоны, якая адлучала нас ад Захаду, былі яшчэ фіранкі з калючага дроту паміж СССР і астатняй часткай «сацыялістычнага лагера». Яны былі не такія трывалыя, але ўсё-такі сваю функцыю выконвалі. Бо свабода, свабоднае слова, свабодная інфармацыя прыходзілі да нас не толькі праз розныя радыёгаласы, але таксама праз так званыя краіны «сацлагера», дзе з гэтым было лягчэй, іх культуру і інтэлектуальныя падзеі, якія дапамагалі нам зразумець свабоду і быць у курсе таго, што адбываецца ў свеце.

Для мяне і майго пакалення вельмі важным быў уплыў польскай музыкі, фільмаў, плакатаў, кніг. Як важныя былі кнігі савецкіх дысідэнтаў і фільмы савецкіх рэжысёраў, якія не дазвалялі паказваць шырокай грамадскасці. Яны давалі мне адчуванне трохмернага свету, у адрозненне ад плоскага ідэалагічнага свету, які ўкараняўся савецкімі ідэолагамі.

Кожнае хваляванне ў сацыялістычным лагеры, кожная заява заходніх інтэлектуалаў з асуджэннем парушэнняў правоў чалавека ў Савецкім Саюзе нешта забірала ў мяне, у майго свету, які я пачаў ствараць для сябе ўнутры таталітарнай дзяржавы. Таму што пасля кожнай такога падзеі яе ўдзельнікаў - пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў, рэжысёраў - у Савецкім Саюзе забаранялі, а іх творы знікалі з бібліятэк, кінатэатраў, выстаў, эфіру.

Мабыць, у сувязі з гэтым я і пачаў адчуваць адсутнасць свабоды. Я не быў дысідэнтам, я не быў супраць савецкай сістэмы. Як і пераважная большасць маіх суайчыннікаў я ніколі не думаў, што СССР абрынецца. Я рыхтаваўся жыць у СССР усё сваё жыццё і я прымаў правілы, якія існавалі, але мне патрэбная была мая асабістая свабода. А мая асабістая інтэлектуальная свабода пастаянна ўшчамлялася, і замахі на яе станавіліся ўсё больш настойлівымі. Я ведаў пра заходнюю культуру няшмат і хацеў даведацца больш, па меншай меры чытаць тых аўтараў, якія былі даступныя і пераведзеныя ў Савецкім Саюзе. Але яны пачалі знікаць.

Былі забароненыя нават савецкія пісьменнікі, якіх раней можна было свабодна чытаць, напрыклад, мой любімы Васіль Аксёнаў. Дарэчы, Аксёнаў напісаў раман пад назвай «Выспа Крым», у якім прадказаў уварванне Расеі на паўвостраў. Сталі забараняць фільмы маіх любімых Анджэя Вайды і Кшыштафа Кісьлёўскага. Атмасфера станавілася ўсё больш задушлівай.

Мне пашанцавала. Выпадкова ці падсвядома я абраў прафесію, якая па меншай меры, магла адкрыць для мяне нейкае акно ў свет: я стаў перакладчыкам. Я працаваў у розных краінах і, нарэшце, прыехаў на працу ў Нью-Йорк, у Арганізацыю Аб'яднаных Нацый.

Памятаю словы свайго калегі, які таксама працаваў у ААН. Я толькі пачынаў свой кантракт, а ён яго сканчаў. ААН - шчодрая арганізацыя. Пры ад'ездзе на радзіму вам належыць цэлы кантэйнер аплачванага багажу. Мой калега скарыстаўся гэтай шчодрасцю ў поўнай меры. Ён літаральна вывез з сабой увесь свой амерыканскі дом, уключаючы мэблю, кухоннае абсталяванне, самыя апошнія мадэлі ТБ і стэрэа-сістэмы, а таксама кнігі, відэа касеты, пласцінкі і г.д. Я сустрэўся з ім праз год пасля таго, як ён пакінуў Нью-Йорк. Ён сказаў мне з вялікай горыччу: можна забраць з сабой кучу рэчаў, каб зрабіць сваё жыццё камфортным, але нельга стварыць нават астравок свабоды ў несвабоднай краіне; як толькі ты пераступаеш парог сваёй кватэры, ты зноў нявольны.

На шчасце, перш чым я скончыў сваю працу ў ААН, наступіла «перабудова», якая скончылася крахам таталітарнай дзяржавы. Дарэчы, толькі падчас «перабудовы» ўпершыню ў СССР у «Литературной газете» быў апублікаваны тэкст Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Самы важны дакумент стагоддзя, які сярод іншых дзяржаў членаў ААН падпісаў і СССР, быў у Савецкім Саюзе забаронены. За яго распаўсюджванне і нават згадку можна было трапіць у турму.

Нарэшце Усеагульная дэкларацыя стала тым інструментам, які пачаў выкарыстоўвацца ў краінах былога Савецкага Саюза. Гэта было надзвычай важна для нас, доўгі час пазбаўленых свабоды і асноўных правоў чалавека.

Усе ведаюць, што такое свабода. Кожны адчувае, што такое свабода. У той жа час у кожнага сваё вызначэнне свабоды або адсутнасць такога вызначэння, проста адчуванне, што з'яўляецца свабодай, а што не.

Свабода - гэта абстрактнае паняцце, якое мае вельмі канкрэтны змест.

Менавіта таму такая важная была Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека для маладых незалежных дзяржаў. Вось чаму яна такая важная для нас сёння.

На момант распаду СССР пераважная большасць насельніцтва, у той час пад кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронту, падтрымала свабоду і незалежнасць Беларусі. Цяпер можна сказаць, што мы прынялі свабоду і незалежнасць як падарунак, а не як адказнасць. Мы думалі, што дэмакратыя і свабода пасля краху таталітарызму прыходзяць аўтаматычна. Што свабода і дэмакратыя - гэта натуральны наступны гістарычны этап развіцця. Мы памыляліся. Цяпер я магу сказаць, што мы павінны былі бачыць ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека не сукупнасць ідэалаў, а канкрэтную дарожную карту для дасягнення свабоды. Яе неабходна было выкарыстоўваць у якасці практычнага кіраўніцтва, і кожнае права павінна было стаць дзеючым законам і падмацоўвацца яго практычным прымяненнем.

Мы ў Беларусі адчулі смак свабоды. Гэта быў вельмі кароткі перыяд, з гістарычнага пункту гледжання - неіснуючы. У нас нават былі нашы першыя больш-менш свабодныя выбары. Гэта былі прэзідэнцкія выбары 1994 года. На іх мы выбіралі не лідара, якому мы давяралі, а галасавалі за збавенне ад урада рэтраградаў, якія прывялі Беларусь да стагнацыі. Такім чынам у выніку пратэстнага галасавання быў абраны папуліст Лукашэнка. Адбылося гэта ў другім туры. З тых часоў нас не было ні другога тура, ні выбараў. Замест іх у нас сёння «апошняя дыктатура ў Еўропе», дзе няма месца для правоў чалавека і асноўных свабод, дзе няма свабоды наогул.

Цяпер мы павінны змагацца, каб вярнуць дар незалежнасці і свабоды, якія мы атрымалі ў пачатку 90-х. І нам патрэбная дапамога ў гэтай барацьбе. Для гэтага нам трэба разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ў цэлым. Мы маем патрэбу ў разуменні працэсаў у рэгіёне на ўсход ад Еўрапейскага звяза і ўсведамленні небяспекі, якую гэтыя працэсы нясуць не толькі нам, але і вам, у Еўропе.

Падзеі ва Украіне, гераічная барацьба ўкраінскага народа за свабоду, расейская агрэсія ва Украіне як прамое следства гэтай барацьбы павінны пачаць сур'ёзны працэс нават не абмеркавання мер па заахвочванні свабоды і дэмакратыі ў свеце, а распрацоўкі стратэгіі практычнай падтрымкі свабоды і дэмакратыі.

На жаль, так жа як мы прынялі за належнае, што вяртання да таталітарнага мінулага не будзе, так і Захад прыняў як нешта, што само сабой разумеецца, што краіны былога Савецкага Саюза стануць часткай дэмакратычнай супольнасці. Не адразу, але паступова былыя савецкія рэспублікі, у прадстаўленні Захаду, павінны былі стаць хоць бы сумяшчальнымі з дэмакратычным светам.

Гэта ўспрыманне было памылковым, таму памылковымі былі і стратэгіі ўзаемаадносінаў. Сёння мы востра маем патрэбу ў абсалютна новым аналізе сітуацыі з пункту гледжання падтрымкі дэмакратыі і свабоды, з аднаго боку, і стварэння заслоны паўзучай дыктатуры - з другога.

Мяне доўгі час мучыць пытанне, якое становіцца ўсё больш актуальным. Чаму экспертнай супольнасці, на меркаванне якой абапіраюцца палітыкі, не ўдаецца прадбачыць і прадказаць відавочнае? Гэта стала традыцыяй, якая насцярожвае.

Ніхто не чакаў, ніхто не прадказаў распаду Савецкага Саюза. Дэмакратычны свет, які змагаўся з таталітарнай імперыяй, чамусьці апынуўся не гатовы да таго, што гэтая імперыя абрынецца. За некалькі дзён да пачатку распаду СССР 1 жніўня 1991 года Джордж Буш-старэйшы ў Кіеве перасцярог ад «самагубнага нацыяналізму», заклікаючы савецкія рэспублікі заставацца ў СССР. Яго выступ быў вынікам аналітычнай працы моцных і прафесійных мазгавых цэнтраў і апарата ўрада ЗША. Сёння гэтую заяву па праву называюць «катлетай па-кіеўску» і лічаць адным з самых буйных знешнепалітычных пралікаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША.

Але такія ж пралікі мы назіраем і па гэты дзень. Ніхто не чакаў «Еўрамайдана» ва Украіне; эксперты і палітыкі былі занятыя перамовамі з карумпаваным урадам Януковіча. Ніхто не чакаў уварвання ў Крым. Ніхто не чакаў, што Крэмль паспяшаецца з рэферэндумам у Крыме і падпіша дамову аб далучэнні Крыму да Расеі з незаконнай уладай.

Ніхто не чакаў, што 19 снежня 2010 года дзесяткі тысяч людзей выйдуць у цэнтры Менска на мірную дэманстрацыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і запатрабуюць, каб іх пачулі. Замест гэтага палітыкі і экспертная супольнасць ЕЗ спрабавалі пераканаць сябе, што Лукашэнка з'яўляецца папулярным дыктатарам, што беларусы ідыёты і не хочуць быць свабоднымі, таму і падтрымліваюць дыктатуру. Дэмакратычнаму свету чамусьці хацелася працягваць мець справу з дыктатарам і вінаваціць апазіцыю ў слабасці, раздробненасці і адсутнасці адзінага кандыдата. У дачыненні да Беларусі некампетэнтныя спецыялісты стварылі памылковыя стэрэатыпы, і сёння мала хто прыслухоўваецца да нас, тых, хто змагаецца за свабоду ў сваёй краіне, а не за пашырэнне бізнесу з дыктатарам.

Мы ведалі, што ў Лукашэнкі няма сур'ёзнай падтрымкі, што людзі ў Беларусі гатовыя да зменаў. Мы таксама ведалі, што без разумення гэтага з боку ЕЗ, у нас не будзе партнёраў, якія так неабходныя для таго, каб абараніць нашыя правы. Мы сутыкнуліся з тым, што палітыкі дэмакратычнага свету не жадаюць бачыць тое акно магчымасцяў, якое давала Беларусі шанец. Аднак мы не мелі права скрупулёзна падлічваць рызыкі і навязваць людзям логіку няверы заходніх палітыкаў у перамены ў Беларусі. Мы абавязаныя былі выкарыстаць гэты шанец. Мы выйшлі на вуліцу на знак пратэсту. Нашу мірную дэманстрацыю жорстка задушылі, нас збілі, кінулі ў турмы, але мы даказалі, што мы не зламаныя. Плошча снежня 2010 года была народным паўстаннем, якое было жорстка задушана.

Наш урок не пайшоў на карысць Еўразвязу, які ўпарта працягваў тую ж палітыку ва Украіне. Палітыкі і чыноўнікі ЕЗ працягвалі перамовы з карумпаванымі ўладамі Украіны, спадзеючыся такім чынам дамагчыся правядзення дэмакратычных рэформаў у краіне. Замест рэформаў гэта прывяло да «Еўрамайдана», украінскай рэвалюцыі, а затым і да крамлёўскай агрэсіі. Сітуацыя ва Украіне сёння патрабуе мабілізацыі ўсіх рэсурсаў для процідзеяння Крамлю, які выношвае планы новага сусветнага парадку, дзе не будзе месца свабодзе.

Пасля паўстання ў снежні 2010 года мяне кінулі ў турму, і зараз у мяне ёсць і гэты вопыт, і я магу расказаць, як адчувае сябе чалавек, пазбаўлены свабоды і затым, які зноў яе здабыў.

Перш за ўсё павінен сказаць, што ўсе клішэ, якія я ведаў, чытаў ці чуў пра турму апынуліся няслушнымі. Амаль усе. Гэта маё асабістае меркаванне і мой асабісты вопыт. Вы, напэўна, знаёмыя з імі. Напрыклад, што ў турме таксама ёсць жыццё. Няма жыцця ў турме, калі вы любіце свабоду. Я люблю, і для мяне турма была існаваннем мінус жыццё. Вы можаце прылаўчыцца да турмы, можаце стварыць умовы для выжывання і нават знайсці за кратамі нейкі пазітыў, але не жыццё. Няма жыцця без свабоды.

Яшчэ адно клішэ: свабодны чалавек і ў турме застаецца свабодным. Хлусня. Хоць бы таму, што, знаходзячыся ў турме, вы вымушаныя выконваць тысячы тупых правілаў, палажэнняў і інструкцый, якія накіраваныя на пазбаўленне вас свабоды нават у турме.

Для свабоднага чалавека з некаторым жыццёвым вопытам час, праведзены ў турме, скралі ў жыцця. Адзіная добрая рэч, звязаная з турмой, - гэта вызваленне з турмы, калі атрымоўваецца там выжыць, вядома.

19 снежня 2010 года я быў арыштаваны разам з маёй жонкай, вядомай журналісткай Ірынай Халіп. Нас збілі, пазбавілі свабоды, я правёў 5 месяцаў у самай жудаснай турме КДБ, «амерыканцы», у пакутлівых умовах. Затым мяне прызналі вінаватым, прысудзілі да 5 гадоў зняволення, я змяніў тры калоніі, чатыры турмы, дзе сустракаўся з многімі людзьмі.

Я быў невінаваты, як і ўсе тыя, каго прысудзілі да турэмных тэрмінаў за падзеі 19 снежня 2010 года. Мы былі «вінаватыя» толькі ва ўдзеле у мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі выбараў. Мы ўсе былі прызнаныя вязнямі сумлення. Урады дэмакратычных краін, праваабарончыя арганізацыі рабілі заявы, патрабуючы нашага вызвалення. Аднак у турмах і калоніях я сустрэў шмат людзей, асуджаных да доўгіх тэрмінаў, якія не рабілі ніякіх злачынстваў. Многія людзі знаходзяцца там, таму што яны змагаліся з карупцыяй у мясцовых органах улады або спрабавалі выратаваць свой бізнес, калі яго спрабавалі адабраць бізнесмены, блізкія да ўлады, ці проста былі ахвярамі статыстыкі: іх пасадзілі за злачынствы, якія яны не здзяйснялі проста таму, што міліцыі неабходна было рапартаваць пра раскрыццё злачынстваў.

Я ведаў, што ў беларускіх турмах шмат нявінных людзей, але я ніяк не чакаў убачыць такую вялізную колькасць нявінна асуджаных. Лукашэнка ператварыў усю краіну ў адну вялікую турму, або клетку, дзе большасць знаходзіцца ўсярэдзіне а меншасць яе ахоўвае.

Я сказаў, што няма жыцця ў турме, але ёсць некаторыя вельмі важныя рэчы, якія дапамагаюць выжываць. У першую чаргу, гэта ваша сям'я і сябры. І, вядома ж лісты. Вашы лісты, лісты з усяго свету давалі мне сілы і дапамагалі мне выжыць.

Салідарнасць вельмі важная для таго, каб зноў здабыць свабоду. Мы змагаемся за свабоду Беларусі, але нам вельмі патрэбная ваша падтрымка. Акрамя «сілы бяссільных» («power of the powerless», як назваў Вацлаў Гавел дзеянні змагароў за свабоду ў таталітарных краінах), нам неабходная «сіла неабыякавых» («power of those who care»): грамадскіх дзеячаў, журналістаў, інтэлектуалаў, людзей, якія пішуць лісты невядомым ім палітычным зняволеным. Гэта сапраўды вялікая сіла, і я вельмі добра зразумеў гэта ў турме.

Нядаўна я спытаў легендарнага рэжысёра з Польшчы Анджэя Вайду, што такое свабода. Ён пачаў адказваць стандартна, што свабода гэта здольнасць рабіць тое, што хочаш, але не за кошт іншых. Але затым ён перапыніўся, напэўна, разумеючы, што гэта гучыць банальна, і сказаў вельмі важную рэч: трэба ўвесь час рызыкаваць для пашырэння сваёй свабоды, каб стварыць больш свабоды для іншых. Ён выказаў не толькі сваю думку, а ў двух словах сфармуляваў сваю жыццёвую філасофію і назваў той прынцып, якім ён кіруецца ў сваім жыцці.

Змагаючыся за свабоду Беларусі, мы гатовыя рызыкаваць сабой, але нам патрэбная сіла і падтрымка неабыякавых, каб мы змаглі дасягнуць сваёй мэты.

І тады мы зможам «выскачыць з клеткі», як сказаў мой маленькі сын Данька.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках