25 красавiка 2024, Чацвер, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За салідарнасць з Украінай - месяц «псіхушкі»

8
За салідарнасць з Украінай - месяц «псіхушкі»

Жыхара Жодзіна пратрымалі месяц у «Навінках» за жоўта-блакітную стужку з Майдана.

27 сакавіка з Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя, вядомага як «Навінкі», быў выпісаны жыхар горада Жодзіна Андрэй Кашэўскі. У псыханэўралагічнай лякарні ён правёў роўна месяц. Падставай для змяшчэння ў псіхіятрычную лякарню паслужыла... жоўта-блакітная стужка, якую Кашэўскі прывёз з украінскага Майдана, піша ПЦ «Вясна».

Перад гэтым Кашэўскага за салідарнасць з Украінай на працягу 2 месяцаў шэсць разоў затрымлівалі ў метро супрацоўнікі міліцыі, а ў лютым на яго склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня па арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне службовай асобе) і асудзілі на 10 сутак.

26 лютага ў Смалявічах, дзе Кашэўскі рэальна пражывае ў доме бацькоў, міліцыянты правялі ператрус. Дом увесь перавярнулі, забралі дзесятак кніжак. Знайшлі таксама жменьку пораху і некалькі капсуляў, якія засталіся ад дзеда-паляўнічага, які меў спецыяльны дазвол на паляванне. Пратаколу ператрусу, пры гэтым, не складалі. Бацькоў жа Кашэўскага запалохалі магчымасцю крымінальнага пераследу сына нібыта за падрыхтоўку тэракту ў менскім метро, бо якраз 26 лютага метро было паралізавана з-за SMS з пагрозай аб выбуху, а Андрэя абвінавацілі ў тым, што нібыта ён падклаў муляж бомбы ў метро. Ён і да гэтага часу не ведае, была гэта проста пагроза, ці сапраўды вядзецца нейкае следства.

Раніцай 28 лютага на падворак дома ў Смалявічах зноў завіталі двое міліцыянтаў. Яны доўга стукалі ў дзверы, аднак Андрэй ім не адкрываў. Праз гадзіну прыехаў з Жодзіна бацька і яны разам увайшлі ў дом. Затым тэрмінова выклікалі «хуткую дапамогу» і адвезлі Кашэўскага па месцы рэгістрацыі ў Жодзіна да псіхіятра, які хутка падпісаў накіраванне на прымусовае лячэнне ў «Навінкі». Па словах Андрэя, менавіта супрацоўнікі міліцыі ініцыявалі яго прымусовае лячэнне.

Трэба дадаць, што некалькі гадоў таму Кашэўскі быў узяты на ўлік ў псіхіятра, паколькі неаднаразова вывешваў на доме ў Смалявічах бел-чырвона-белы сцяг.

Андрэй Кашэўскі з'яўляўся актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», быў кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў, раней займаўся распаўсюдам газеты «Народная воля». Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях апазіцыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках