19 красавiка 2024, Пятніца, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзякуй Пуціну за Крым!

36
Дзякуй Пуціну за Крым!

Я неяк задумаўся, чаму гэта ніхто не мог уявіць сабе, што падзеі Майдана-2014 скончацца анэксіяй Крыма і нават перафарматаваннем усіх міжнародных стасункаў?

Рызыкну выказаць меркаванне, што таму ніхто не мог уявіць сабе такога, бо мы ўвесь час імкнемся аналізаваць падзеі лагічна – ацэньваючы іх, разважаючы. Для любога псіхічна здаровага чалавека расейская інтэрвенцыя ў Крым – гэта адначасова і жах, і проста нейкі сюр, які зусім нядаўна не можна было сабе нават прысніць.

Але справа ў тым, што ірацыянальныя аўтарытарныя рэжымы ніколі не мысляць лагічна. Яны зусім ніяк не мысляць. Бо кожны зладзей рана ці позна, але даходзіць ва ўчынках сваіх да самай апошняй Божай кары – калі Гасподзь забірае розум. “[Бог] адбірае розум старэйшынаў зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі” (Кніга Ёва 12:24).

І тады разважай над учынкамі зладзеяў – не разважай, але гэта ніяк не дапаможа іх зразумець. Уся праблема Пуціна (як і любога неадэкватнага дыктатара: ці тое Гітлера, ці тое Лукашэнкі) палягае ў тым, што ён наблытаў тактыку са стратэгіяй – кароткатэрміновыя выгады зацмілі доўгатэрміновыя страты.

Можа нам гэта і не падабаецца, але як тактык Пуцін – пераможца. Глянце самі:

1. Пуцін адцяпаў 27 тысяч км² тэрыторыі, бо сваіх 17 млн 125 тысяч і 187 км² было мала.

2. Пуцін далучыў 2 млн (як ён думае: рабоў) да сваіх 143 млн.

3. Пуцін скансалідаваў расейскіх шавіністаў – больш 90% выступае за захоп Крыма.

4. Пуцін падняў рэйтынг – больш за 80% неадэкватаў гатовы за яго галасаваць.

5. Пуцін задрапіраваў галоўныя праблемы Расеі – дурняў і дарогі – шчыльным угарам ура-патрыятызму.

Для нас з вамі ўсё гэта – даволі ўмоўныя дасягненні. Але для людзей, адурманеных расейскай формай нацыянал-сацыялізма, цалкам канкрэтныя. Бяда 90% Расеі ў тым толькі, што ўсе гэтыя дасягненні– кароткатэрміновыя.

Можа для вас яно будзе гучаць дзіка, але ў доўгатэрміновай перспектыве тое, што цяпер робіць Расея – робіцца накарысць усім прыхільнікам свабоды і незалежнасці на ўсёй постсавецкай прасторы. Разважце самі:

1. Пуцін назаўсёды адштурхнуў ад сябе кантынентальную Украіну, якая (пытанне колькі часу): выйдзе з СНД, далучыцца да НАТА, і ўсё жыццё (па масе сваёй) будзе праклінаць расейскага салдата.

2. Пуцін паставіў крыж на ўсіх спробах рэінкарнацыі сваёй імперыі зла – на адным беларускім самазванцы далёка не ўедзеш.

3. Пуцін загнаў сваю адсталую бензазапраўку ў эканамічную і палітычную ізаляцыю.

4. Пуцін супрацьпаставіў свой Архіпелаг-Гулаг усяму цывілізаванаму свету, увайшоўшы ў саюз з самымі людаедскімі рэжымамі сучаснасці, такімі як Паўночная Карэя і Сірыя.

5. І, што самае страшнае для турмы народаў, сфальсіфікаваным крымскім рэферэндумам Пуцін вырваў чэку для ўсіх жадаючых з вялікай турмы вырвацца.

У шавіністычным угары расейцы мо і забыліся, але мы-та памятаем, што у самой Расеі безліч рэгіёнаў, дзе расейцы не складаюць нават і паловы насельніцтва:

Інгушэція: 0,8% расейцаў на 0,5 млн насельніцтва.

Чачня: 1,9% расейцаў на 1,35 млн насельніцтва.

Дагестан: 3,6% расейцаў ажно на 3 млн насельніцтва.

Калмыкія: 10,7% расейцаў на 0,3 млн насельніцтва.

Чувашыя: 26,5% на 1,3 млн насельніцтва.

Гэты спіс можна пашыраць: у Расеі з 85 суб’ектаў Федэрацыі ў 13 расейцы складаюць менш за палову. І калі Расея лічыць, што 55% расейцаў Крыма – гэта падстава адцяпаць паўвыспу ў суседняй дзяржавы, дык а хто забароніць аўтахтонам 13 рэгіёнаў Расеі выйсці са складу турмы народаў? Хто забароніць 95,3% чачэнцаў без ніякіх фальсіфікацыяў абвесціць незалежнасць ад 1,9% расейцаў? І г.д., і г.д.

Што датычнага самога Крыма, дык сённяшняя перамога ў ім Расеі – таксама кароткатэрміновая дасягненне, бо гэта абсалютна ясна, што ні 15% крымскіх татараў, ні 25% крымскіх украінцаў ніколі не прызнаюць анэксію Крыма Расеяй і ніколі з гэтай анэксіяй не змірацца. Анэксію Крыма ніколі не прызнае ніводная цывілізаваная краіна. І ўжо заўтра, калі сама Расея разваліцца на адпаведныя складнікі, Крым Украінай будзе вернуты.

А сёння дзякуй Пуціну за Крым, бо ён згуртаваў увесь цывілізаваны свет!

Дзякуй Пуціну за Крым, бо Расея Крымам падавіцца!

Дзякуй Пуціну за Крым, бо цяпер абсалютна ясна: дажывем-такі, дачакаемся развала гэтых рэшткаў імперыі зла!

Зміцер Дашкевіч, спецыяльная для charter97.org

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках