25 красавiка 2024, Чацвер, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Авакаў: Пытанне з луганскімі сепаратыстамі вырашыцца на працягу 48 гадзін

20
Авакаў: Пытанне з луганскімі сепаратыстамі вырашыцца на працягу 48 гадзін

Пытанне з вызваленнем будынка СБУ ў Луганску будзе вырашана на працягу двух сутак.

Пра гэта журналістам перад пачаткам пасяджэння Кабміна паведаміў міністр унутраных спраў Арсэн Авакаў.

«Рашэнне гэтага пытання ляжыць спачатку ў палітычнай плоскасці, потым у сілавой. Перакананы, што абодва варыянты даступныя. Мабыць, будзе варыянт успрыняты іншы, які знаходзіцца пасярэдзіне. Для тых, хто прыме дыялог, будзе прапанаваны дыялог. Для тых маргіналаў, якім важны канфлікт, яны атрымаюць сілавы адказ украінскай дзяржавы», - сказаў Авакаў, якога цытуе ЛІГАБізнесІнформ.

Авакаў не ўдакладніў, колькі закладнікаў застаецца ў будынку СБУ і хто гэтыя людзі. «Гэта не работнікі СБУ. Я вам скажу, як было ў Харкаве: стаіць група актыўных таварышаў, якія матываваныя або на якіх налепленыя налепкі на фоне каларадскага ўзору. І побач разявакі, журналісты, якія цікавяцца. Яны стаялі ў гэтым натоўпе, а потым вырашылі пайсці дадому, а ў іх гэта не атрымалася. Падобная сітуацыя ў нас узнікла і ў Луганску», - адзначыў ён.

Авакаў дадаў, што ўсе адказы журналісты ўбачаць у бліжэйшыя гадзіны.

Паводле яго слоў, рэжым антытэрарыстычнай аперацыі па трох абласцях - Харкаўскай Данецкай і Луганскай, не адменены і ў любы момант могуць быць ужытыя меры рэагавання. «Яшчэ раз кажу - ёсць два варыянты. Мы гатовыя на любы з іх. Пытанне толькі ў тым, што на мой погляд усё павінна адбывацца так, як гэта было ў Харкаве... Так, нам не вельмі прыемна, калі разбіваюць вокны ў аўтобусе, вельмі непрыемна, калі закідваюць светлашумавымі гранатамі, але мне вельмі прыемна, што ў выніку штурму максімальны ўрон - сепаратыст, які ляжыць пысай на асфальце, і не больш за тое», - сказаў міністр.

На пытанне, калі гэта можа адбыцца ў Луганску, Авакаў адказаў: «Я думаю, што вырашэнне гэтага крызісу будзе знаходзіцца ў бліжэйшыя 48 гадзін».

Нагадаем, сёння СБУ паведаміла, што па выніках перамоваў з захопленага будынка ў Луганску змаглі выйсці 56 чалавек без зброі. Ніхто не атрымаў цялесных пашкоджанняў.

Сепаратысты захапілі будынак Упраўлення СБУ ў Луганску 6 красавіка. Па некаторых дадзеных, яны ўжо вылучылі першыя патрабаванні: амністыя для ўсіх «сілавікоў», якія былі задзейнічаныя ў падзеях на Майдане, правядзенне ў Луганскай вобласці рэферэндуму аб аддзяленні ад Украіны, сустрэча з губернатарам Луганшчыны.

8 красавіка Антытэрарыстычная група Службы бяспекі Украіны, якая ажыццяўляе мерапрыемствы па вызваленні захопленага членамі радыкальнай арганізацыі адміністрацыйнага будынка Упраўлення СБУ ў Луганску, устанавіла, што зламыснікі замінавалі памяшканне. Адзначаецца, што, пагражаючы зброяй і выбухоўкай, сепаратысты гвалтоўна ўтрымліваюць каля 60 грамадзян, якія не даюць людзям пакінуць памяшканні і вярнуцца дадому.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках