17 красавiка 2024, Серада, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вёскі пад Берасцем адбілі аднавяскоўца ў амапаўцаў

62

Людзі заблакавалі дарогу міліцыянтам.

Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёна 9 траўня 2014 года. Пад 19 гадзін у двор (дакладней, гэта праезд) аднаго з жыхароў вёскі заехаў аўтамабіль ДАІ. Супрацоўнік заявіў, што ён прыбыў канфіскаваць самаробны трактар, які ёсць ва ўладальніка дома. З гэтым мужчына не пагадзіўся, і патэлефанаваў сваякам і знаёмым, каб тыя прыехалі дапамагаць бараніць маёмасць. Праз некаторы час на ўчастку сабралася даволі шмат людзей - навіны разлятаюцца імгненна, піша «Віртуальны Брэст».

«Увечары 9 траўня 2014 года, на свята, у двор заехаў аўтамабіль ДАІ, і супрацоўнік заявіў, што ён прыбыў канфіскаваць самаробны трактар. Мы не пагадзіліся, бо для канфіскацыі няма падстаў - трактар стаіць у гаражы, па вуліцах не ездзіць, гэта хобі, якое часам выкарыстоўваецца на прыватным падворку», - распавёў жыхар вёскі.

Калі да супрацоўніка звярнуліся на «ты», той разважыў, што яго абразілі, і схапіў уладальніка трактара за адзенне. Пачалася сварка, паміж імі паспрабаваў уціснуцца іншы мужчына, спрабуючы разняць двух забіяк. Пасля таго, як усе трохі супакоіліся, супрацоўнік выклікаў праз тэлефон падмогу. Прыехала міліцыя, і нават тры АМАПаўцы.

Двух мужчын хацелі забраць у міліцыю, але вяскоўцы згуртавана паўсталі на абарону, перагарадзіўшы сваімі аўтамабілямі выезд іх з двара, такім чынам пакінуць месца здарэння не было ніякай магчымасці. Складаныя перамовы доўжыліся амаль да паўночы, міліцыянты ўвесь час перагаворваліся з начальствам, пэўна высвятляючы, як ім дзейнічаць. Выклікалі эвакуатар, каб прыбраць аўтамабілі, якія блакавалі выезд з двара, але ў іх неадкладна населі дзеці і людзі, а эвакуацыя ў такой сітуацыі забароненая.

Вяскоўцы сцвярджаюць, што ў нейкі момант з кабуры ледзь не з'явіўся пісталет, прагучала пагроза, але яна ўжо ні на каго не падзейнічала, людзі былі на раз’юшаныя, і гатовыя на крайнасць.

Скончылася гэтая сітуацыя тым, што кожная старана засталася «пры сваім». Ніхто не быў арыштаваны, трактар застаўся ва ўладальніка. Менавіта на такіх умовах жыхары разблакавалі выезд і адпусцілі аўтамабіль ДАІ. Цяпер пішуцца скаргі на дзеянні супрацоўнікаў ДАІ, вяскоўцы будуць бараніць свой пункт гледжання, і не збіраюцца здавацца. На пытанне - чаму менавіта ў свята прыехалі забіраць трактар, калі менавіта ў гэты час ва ўсіх аператыўных службаў узмацненне, уладальнік трактара адназначна адказвае - раніцай выгналі тэхніку на вуліцу з гаража, трактар заўважыў хтосьці з начальства і даў каманду разабрацца і канфіскаваць тэхніку. Трактар сапраўды добры, не пара тым, што робяць на заводах, сабраны сваімі рукамі. І сапраўды на яго не аформлены тэхпашпарт, і няма дзяржаўнага нумара.

Як паведамілі ў Берасцейскім абласным ДАІ, інцыдэнт у вёсцы Страдзеч сапраўды быў. Супрацоўнік ДАІ падчас выканання службы заўважылі, што па дарогах агульнага карыстання рухаецца самаробны транспартны сродак (у адпаведнасці з ПДР гэта забараняецца). Ён пачаў пераследваць яго, але трактар паспеў заехаць на двор, а ўладальнік схаваўся ў доме. Супрацоўнік чакаў кіроўцу каля дома, але праз некаторы час пад'ехалі некалькі мужчын, і паспрабавалі заштурхаць самаходны транспартны сродак у гараж. Супрацоўнік запатрабаваў спыніць стварэнне перашкод законнаму адміністрацыйнаму працэсу і не чапаць трактар. Што адбывалася далей, у ДАІ не змаглі пракаментаваць, толькі пацвердзілі, што справа перададзена ў Следчы камітэт.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках