19 красавiка 2024, Пятніца, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Туск: Еўропе трэба спыніць крывадушнічаць у дачыненні да Украіны

6
Дональд Туск: Еўропе трэба спыніць крывадушнічаць у дачыненні да Украіны

Сітуацыя ва Украіне нясе вялікія рызыкі для Еўропы.

Яны больш, чым энергетычныя праблемы або рызыкі ў еўразоне. Рашэнне гэтай праблемы патрабуе большай ступені салідарнасці Еўропы, чым раней, і за такую салідарнасць трэба заплаціць пэўную цану.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас дыскусіі ў рамках Форуму глабальнай бяспекі ў Браціславе.

Як перадае Радіо Свобода, кіраўнік польскага ўрада лічыць, што праявай такой салідарнасці павінна стаць размяшчэнне больш шматлікага кантынгенту НАТА ва ўсходніх прымежных краінах ЕЗ, членах альянсу. "Усе бачаць рускіх дыверсантаў на ўсходзе Украіны, але хтосьці кажа пра рускамоўных грамадзян. Часам кажуць пра праблему Украіны так, быццам гэта яна сама прывяла да ўсяго, што там адбываецца, а не Расея сваёй палітыкай, - падкрэсліў Туск. - Калі не будзе большай гатоўнасці да шматлікай прысутнасці НАТА ў краінах ЕЗ, якія мяжуюць з нестабільнымі рэгіёнамі, гэта будзе азначаць, што сіла НАТА з'яўляецца дэкларатыўнай".

Польскі прэм'ер адзначыў, што агульная пазіцыя ЕЗ аўтаматычна не азначае радыкальнай пазіцыі.

"Трэба шукаць адказы на цяперашнія выклікі без крывадушнасці, што з'яўляецца лепшай праявай сапраўднай салідарнасці", - падкрэсліў Туск.

У адказ на заўвагу прэм'ера Венгрыі Віктара Орбана пра тое, што Украіна з'яўляецца выклікам для ЕЗ, як і Расея, і нельга гарантаваць сцвярджэнне дэмакратыі ў гэтай краіне, Дональд Туск адзначыў, што не варта "аб'ектыўна або суб'ектыўна выказваць мэсэджы, якія падтрымліваюць галоўную лінію расейскай прапаганды". На яго думку, "праблема - не ўкраінскі нацыяналізм, а агрэсія Расеі".

Таксама Туск адзначыў, што Еўропа не будзе адчуваць сябе ў бяспецы, калі не дасягне вышэйшай ступені энергетычнай салідарнасці.

Нагадаем, раней Польшча прапанавала ЗША і НАТА размясціць на яе тэрыторыі амерыканскія войскі і кантынгент Альянсу ў сувязі з падзеямі ва Украіне з-за агрэсіі Расеі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках