25 красавiка 2024, Чацвер, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палова выбаркамаў Данбаса захопленыя баявікамі

3
Палова выбаркамаў Данбаса захопленыя баявікамі

Па стане на 11:30 у Луганскай і Данецкай абласцях заблакаваная амаль палова ўсіх акруговых выбарчых камісій.

Пра гэта "Украинской правде" паведаміў прэс-сакратар Цэнтрвыбаркама Канстанцін Хіўрэнка. Ён сказаў, што раніцай была захопленая адна камісія ў Данецкай вобласці і дзве - у Луганскай.

"Да заблакаваных акруговых камісій у данецкай вобласці дадалася АВК №43 у Данецку. Сёння раніцай у памяшканне камісіі з'явіліся ўзброеныя людзі, якія прадставіліся прадстаўнікамі так званай ДНР, захапілі кіраўніка камісіі, вынеслі цалкам кампутарную і іншую аргтэхніку, вынеслі цалкам усе выбарчыя дакументы і пячатку гэтага АВК", - паведаміў Хіўрэнка.

"Такім чынам праца гэтай камісіі цалкам заблакаваная. Яна стала восьмай у Данецкай вобласці", - дадаў ён.

Адным з перагаворшчыкаў была давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты, камуніста Пятра Сіманенкі Аляксандр Васькоўскі.

Ён сказаў, што з'яўляецца "міністрам" "ДНР". Васькоўскі настойваў, каб на месца падзеі прыехаў кіраўнік камісіі. У перамовах бралі ўдзел кіраўнік выканкама, прысутныя міліцыянты, кіраўнік райаддзела. З часам прыехаў і кіраўнік АВК.

Тады Васькоўскі напісаў ліст, што ён адбірае сістэмны блок, дзе змяшчаецца ўся дакументацыя, дадзеныя пра членаў камісіі. Гэтую распіску ўручылі кіраўніку выканкама. Пасля гэтага нападнікі сышлі, з імі паехаў і кіраўнік АВК 43, заявіўшы, што ён гэта робіць добраахвотна.

У Луганскай вобласці раніцай былі заблакаваныя дзве АВК.

"Узброеныя людзі, якія заявілі, што з'яўляюцца прадстаўнікамі ЛНР, не дазволілі членам АВК № 107 у Алчэўску адкрыць памяшканне камісіі. Члены камісіі не пацярпелі, тэхніка захаваная. Па стане на зараз кіраўнік камісіі дае паказанні ў мясцовай пракуратуры", - паведамілі ў ЦВК.

Акрамя таго, па словах Хіўрэнкі, была заблакаваная АВК №112 у Свярдлоўску.

"Раніцай у чацвер члены камісіі прыйшлі, каб пачаць працу. Але ў памяшканні былі цалкам замененыя ўсе замкі на ўваходных дзвярах. І ўзброеныя людзі, якія таксама назваліся прадстаўнікамі так званай ЛНР, не даюць членам камісіі трапіць у памяшканне", - паведаміў Хіўрэнка.

"Памяшканне можна фактычна лічыць захопленым, а значыць, праца камісіі адназначна заблакаваная", - заўважыў ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках