28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Новыя ўлады Украіны не павінны паўтараць памылак Юшчанкі

10
Андрэй Саннікаў: Новыя ўлады Украіны не павінны паўтараць памылак Юшчанкі

Украіна не можа весці дыялог аб дэмакратыі з Захадам і пры гэтым прызнаваць дыктатуру ў Беларусі.

Пра гэта заявіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каментуючы charter97.org вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне.

- Як вы ацэньваеце вынікі выбараў ва Украіне? Ці зменіцца палітыка Украіны ў дачыненні да Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі 25 траўня, і перамогі на іх Пятра Парашэнкі?

- Перш за ўсё хочацца шчыра павіншаваць украінскі народ, які праявіў незвычайную адказнасць і мужнасць, зрабіўшы выбар ужо ў першым туры, нягледзячы на фактычна сітуацыю ваенных дзеянняў на сваёй тэрыторыі. Вядома ж, хочацца павіншаваць Пятра Парашэнку, а таксама Віталя Клічко з іх выбраннем прэзідэнтам Украіны і мэрам Кіева.

Я думаю, што мандат, які выдалі новаму прэзідэнту выбаршчыкі, прадугледжвае адстойванне дэмакратычных каштоўнасцяў і ўмацаванне дэмакратычных інстытутаў у краіне. Новыя ўлады Украіны маюць маральны абавязак перад людзьмі, якія здзейснілі дэмакратычную рэвалюцыю: перш за ўсё перад украінцамі, а таксама перад тысячамі беларусаў, якія разам з імі адстойвалі свабоду на барыкадах Майдана.

Такі мандат не прадугледжвае падтрымку і развіццё стасункаў з дыктатурай у Беларусі. Спадзяюся, што новыя ўлады Украіны гэта добра разумеюць, і ўсё ж хочацца нагадаць ім, што стасункі з дыктатарскім рэжымам у Беларусі былі складовай часткай палітыкі прэзідэнта Юшчанкі, якая прывяла да яго паразы і прыходу да ўлады Януковіча.

Натуральна, мы, беларусы, спадзяемся, што Пётр Парашэнка такіх памылак паўтараць не будзе. Няма ў дыктатуры ў Беларусі ніякага жадання збліжацца з Еўропай, у адрозненне ад Украіны. Ніякія падвойныя стандарты ў дачыненні да гэтага рэжыму не павінны прымяняцца, гэта значыць Украіна не можа весці дыялог аб дэмакратыі з Захадам і пры гэтым прызнаваць дыктатуру ў Беларусі. Не можа легітымны прэзідэнт ставіць сябе на адну дошку з узурпатарам, які незаконна знаходзіцца ва ўладзе.

- Але, тым не менш, Пётр Парашэнка на працягу апошніх сутак двойчы згадаў пра «даўнія і добрыя стасункі» з беларускім дыктатарам…

- Паміж Менскам і Кіевам былі складаныя пытанні, перш за ўсё аб мяжы, але вырашаліся яны ў стылі Лукашэнкі, то ёсць шантажом. Такое ж стаўленне з яго боку будзе працягвацца і далей. Таму для новай улады Украіны вельмі важна не толькі на словах, але і на справе ўмацоўваць асноўныя каштоўнасці, на якіх яны хочуць рухацца ў Еўропу і разумець, што гэтыя каштоўнасці не прадугледжваюць невыразанага стаўлення да дыктатуры. Да дыктатуры павінна быць прынцыповае стаўленне - толькі так Украіна зможа рухацца наперад.

- Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі Украіны ўчора паведаміў, што ўпершыню заўважаны адвод часткі войскаў Расеі ад межаў. Тым не менш, зараз праходзяць маштабныя вучэнні ў Варонежскай вобласці, у якіх бярэ ўдзел і Беларусь. Ці можна казаць пра тое, што пагроза ўварвання ва Украіну пасля выбараў прэзідэнта паменшылася?

- Крэмль адводзіць Беларусі ў сваіх планах ролю плацдарма для стварэння пагрозы на ўкраінскіх межах з боку Менска і выкарыстання ў сваіх ваенных планах, у тым ліку і для ўварвання ва Украіну.

Сумесныя вучэнні рознага ўзроўню і фармату, якія рэгулярна праводзяцца ў апошні час, сведчаць аб тым, што Беларусь пры Лукашэнку разглядаецца як тэрыторыя для ціску на Украіну. Украінскі народ у чарговы раз прадэманстраваў сваю сталасць, не дазволіўшы Расеі сарваць выбары. Гэта з'яўляецца добрым штуршком для далейшага развіцця, але сітуацыя застаецца вельмі напружанай.

Тое, што Крэмль не спыніцца ў сваіх спробах дэстабілізаваць абстаноўку і працягне разрываць Украіну, для мяне цалкам відавочна. Прэзідэнцкія выбары сталі яркай дэманстрацыяй волі народа да захавання адзінства краіны - як у тэрытарыяльным сэнсе, так і ў выбары стратэгічнага кірунку. Думаю, што Расея пасля сваёй паразы знешне возьме нейкую паўзу, але будзе спрабаваць фармалізаваць незаконныя ўтварэнні на паўднёвым усходзе Украіны і працягне сваю падрыўную дзейнасць.

- Пра перамовы сёння заявіў і кіраўнік МЗС Расеі, аднак Сяргей Лаўроў выказаўся супраць ўдзелу ў іх ЕЗ і ЗША ў якасці пасярэднікаў.

- Расея вымушаная будзе мець справу з новай уладай, але будзе працягваць палітыку шантажу, перш за ўсё эканамічнага. Масква хоча без пасярэднікаў дамаўляцца аб фармалізацыі тых планаў па дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, якія ў яе да гэтага часу маюцца. Тут вельмі важна, каб новая ўкраінская ўлада не забывала аб незаконнай узброенай анэксіі Крыма. Гэта будзе лакмусавай паперкай у стасунках з Расеяй. У прынцыпе, думаю, што ўкраінская ўлада павінна прымаць варыянт прамых перамоваў з Расеяй.

У Крамля застаецца ўсё менш казыроў, таму што цяпер аспрэчваць легітымнасць абранага прэзідэнта проста немагчыма. У складанай сітуацыі выбары прайшлі так, як яны праходзяць у еўрапейскіх дзяржавах. Парашэнку ўжо фактычна ўсе прызналі, прызналі ва ўсім свеце, і размаўляць з Расеяй зараз неабходна з іншай пазіцыі: цалкам легітымнай улады, якая прадстаўляе адзіную краіну.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках