19 красавiка 2024, Пятніца, 22:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Янукевіч: Стварэнне ЕАЭС падштурхне беларусаў да эміграцыі

27
Аляксей Янукевіч: Стварэнне ЕАЭС падштурхне беларусаў да эміграцыі

Еўразійскі эканамічны саюз з'яўляецца пагрозай дабрабыту і незалежнасці Беларусі.

Пра гэта заявіў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Удзел Рэспублікі Беларусь у гэтым чарговым інтэграцыйным утварэнні не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам, - гаворыцца ў заяве палітыка, распаўсюджанай прэс-службай партыі. - Еўразійскі саюз можа прычыніць шкоду народнай гаспадарцы Беларусі і балюча ўдарыць па дабрабыту ўсіх нашых суайчыннікаў. Ад яго здабудзе толькі расейская эканоміка, якая атрымала бесперашкодны доступ да беларускіх працоўных і гаспадарчых рэсурсаў. Агрэсіўны расейскі алігархічны капітал, які з'яўляецца зброяй у руках сучаснага расейскага імпэрыялізму, можа разбурыць беларускі нацыянальны бізнэс».

Кіраўнік Партыі БНФ мяркуе, што досвед функцыянавання Мытнага саюза сведчыць аб тым, што беларускі ўрад і прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь у органах кіраўніцтва інтэграцыйнымі ўтварэннямі не ў стане абараняць інтарэсы беларускага бізнэсу і беларускіх спажыўцоў.

«Праз гэтыя структуры нашай краіне навязваюць нявыгадныя гандлёвыя абмежаванні, якія дзейнічаюць выключна ў інтарэсах Расеі, - упэўнены Янукевіч. - Пад прыкрыццём лозунгаў аб адзінай прасторы для руху працоўных рэсурсаў у Беларусь будуць прыцягнутыя танныя і некваліфікаваныя рабочыя рукі з Усходу, што пагражае скарачэннем працоўных месцаў, памяншэннем заробкаў і будзе падштурхоўваць беларусаў да эміграцыі ў пошуках працы».

Ён таксама падкрэслівае, што Еўразійскі саюз з'яўляецца чарговым крокам здачы элементаў нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

«Еўразійскі саюз - гэта аб'яднанне недэмакратычных рэжымаў, таму ўдзел у ім Беларусі з'яўляецца сродкам кансервацыі ў нашай краіне аўтарытарнага ладу, - заявіў Янукевіч. - Адсутнасць народаўладдзя, парушэнне правоў асобы, фальсіфікацыі выбараў і маніпуляцыі воляй народа ў мэтах забеспячэння нязменнасці аўтарытарнага кіравання - гэта тое, на чым Еўразійскі саюз трымаецца. Адпаведна Еўразійскі саюз будзе ўсялякім чынам перашкаджаць развіццю дэмакратыі».

На думку палітыка, нацыянальным інтарэсам Беларусі і беларускага народа адпавядае еўрапейскі, а не азіяцкі шлях развіцця.

«Інтэграцыя ў Еўропу - гэта стабільнае і высокатэхналагічнае развіццё, мадэрнізацыя эканомікі, рост дабрабыту і еўрапейскія стандарты жыцця, умацаванне гарантый незалежнасці і развіццё дэмакратыі, - падкрэсліў Янукевіч. - Еўразійскі саюз - гэта стагнацыя і заняпад эканомікі, падзенне ўзроўню жыцця да стандартаў мінулага стагоддзя, якія існуюць у Сярэдняй Азіі, захоп працоўнага рынку мігрантамі з азіяцкіх краін, страта кантролю над лепшымі прадпрыемствамі краіны, кансервацыя недэмакратычнага рэжыму і неэфектыўнай сістэмы адміністрацыйнага кіравання эканомікай».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках