1 траўня 2024, Серада, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баранавіцкія ідэолагі выдаюць «гастролькі» ашуканцам

24

Жыхары Баранавічаў абураныя канцэртам, якія прайшоў у Лядовым палацы горада.

Канцэрт «Дыскатэка 80-х» з удзелам гурта «Нэнсі» і калектыву, які арганізатары анансавалі як легендарных «Boney M», праходзіў у Лядовым палацы 27 траўня. Квіткі на музычнае шоў каштавалі нятанна - ад 160 да 370 тысяч рублёў. Нягледзячы на гэта, у зале быў аншлаг, піша Intex-press.

Аднак канцэрт, якога так чакалі гараджане, шмат каго, лагодна кажучы, расчараваў. Найбольшае абурэнне выклікаў выступ гурта «Нэнсі», які, са слоў гледачоў, не толькі спяваў пад фанаграму, але нават і не трапляў у яе.

На відэа, якое выклала у сацсетках чытачка, чуваць несупадзенне жывога гуку і фанаграмы, асабліва ў прыпеве.

- Мая мама была на канцэрце і жудасна пашкадавала аб гэтым. Сказала, што такога жаху яшчэ ніколі ў Лядовым палацы не бачыла. За квіткі на трыбунах яна аддала 280 тысяч і за такія грошы ўбачыла ашуканцаў, якія мала таго, што спявалі пад фанаграму, дык яшчэ і патрапіць у яе не маглі, бо слоў не ведалі. Гэта не канцэрт, а ашуканства нейкае! - напісала ў сацсетках гараджанка Маргарыта.

- Арганізатары з’ехалі з глузду! Квіток на Макса Каржа, да прыкладу, 310 тысяч каштаваў, дык там і гук быў выдатны, і канцэрт што трэба, - падтрымаў яе чытач Артур.

Салістка «Boney M» была падобная да Ліз Мітчэл, аднак гледачы сумняваюцца ў тым, што гэта была менавіта яна.

Тое, што Баранавічы наведаў легендарны гурт «Boney M» на чале з салісткай Ліз Мітчэл, здаецца фантастыкай. На афіцыйным фан-сайце калектыву апошні канцэрт у афішы арыгінальнага складу гурту датаваны 1 студзеня 2014 года. А ў раскладзе гастрольных выпраў гурту значацца толькі вялікія гарады ў розных краінах. У Беларусі, да прыкладу, толькі Менск у 2013 годзе, і гэты візіт анансаваўся як доўгачаканая падзея.

Тым часам на сайце Лядовага палаца з'явілася аб'ява, што «з усімі пытаннямі, звязанымі з правядзеннем 27.05.2014 канцэрту «Дыскатэка 80-х», варта звяртацца да арганізатараў канцэрту». Мабыць, незадаволеных знайшлося нямала.

Журналісты паспрабавалі пагутарыць з арганізатарам, але ні адзін з чатырох нумароў арганізатара канцэрту не адказваў. Ніякай інфармацыі ў інтэрнэце аб фірме, якая арганізавала канцэрт, таксама няма.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках