18 красавiка 2024, Чацвер, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка не патрабуе ніякіх саступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі

28
Лукашэнка не патрабуе ніякіх саступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі

«Мы свядома падышлі да падпісання дамовы аб ЕАЭС», - заявіў дыктатар.

Беларусь не патрабуе ніякіх саступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі, з'яўляючыся разам з Расеяй і Казахстанам удзельнікам раўнапраўнага працэсу. Пра гэта Лукашэнка заявіў 29 траўня ў Астане на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перадае БелТА.

«Не адзін год мы разам ішлі па цярністым шляху еўразійскай інтэграцыі. Кожны крок даваўся няпроста. Але мы заўсёды бачылі галоўную мэту: зрабіць так, каб нашы народы жылі ў міры і дружбе і маглі быць упэўненыя, што развіццё і ўмацаванне іх дзяржаў ажыццяўляецца на трывалай аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», - сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, жыццё паказала, што шлях быў абраны правільны. Спачатку, каб не дапусціць незваротнай дэзінтэграцыі постсавецкай прасторы, была створаная СНД, затым заснаванае Еўразійскае эканамічнае супольніцтва, створаны Мытны саюз, намечаныя контуры Адзінай эканамічнай прасторы.

«Сёння мы выйшлі на фінішную прамую, якая прывяла нас да Еўразійскага эканамічнага саюза. Наша краіна заўсёды займала паслядоўную пазіцыю ў інтэграцыйным працэсе. Яго ядром і лакаматывам ў СНД застаецца саюз Расеі і Беларусі. Мы, як «зборачны цэх» Савецкага Саюза, як ніхто іншы адчулі патрэбнасць у аднаўленні эканамічных сувязяў на постсавецкай прасторы. Былі гатовыя з улікам інтарэсаў кожнага не руйнаваць рэгіянальную сістэму падзелу працы. Больш за тое, стварыць такую сістэму, дзе мы не канкуравалі б, а ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго. Аднак дасягненне гэтай высакароднай мэты аказалася вельмі складаным і доўгім працэсам», - сказаў кіраўнік.

«Колькі апанентаў з'явілася вакол? І на Захадзе, і ў так званым блізкім замежжы. Ды што казаць пра замежжа. У нашых уласных краінах! І не толькі сярод апазіцыі (усё крытыкаваць - гэта яе хлеб), але і сярод некаторых дзяржаўных асоб і чыноўнікаў (асабліва ліберальных поглядаў), - адзначыў Лукашэнка. - Якія толькі абвінавачванні і прэтэнзіі нам ні давялося выслухаць! І што інтэграцыя - гэта аднаўленне савецкай імперыі, і што гэта страта суверэнітэтаў. І што гэта гіра на нагах не тое ў Расеі, калі пра Беларусь казаць, не тое ў Казахстана».

«Але, мабыць, больш за ўсіх дасталася Беларусі. Нават цяпер у прэсе ўздымаецца шум: «Лукашэнка патрабуе саступак!», «Выгандлёўваюць бонусы для Менска!», «Не тое Расея, не тое Казахстан у чарговы раз ўзвалілі на сябе цяжар эканамічных праблемаў Беларусі». Хачу гэтай публіцы сказаць: «Спадары, супакойцеся! Мы з Расеяй і Казахстанам - удзельнікі сумеснага раўнапраўнага працэсу, і калі будзем узвальваць нешта на плечы адзін аднаго, то гэта таксама на раўнапраўнай аснове. Гэта наш сяброўскі саюз», - падкрэсліў ён.

У гэтай сувязі Лукашэнка нагадаў, што Савецкі Саюз разваліўся, калі саюзныя рэспублікі раптам вырашылі, што яны кагосьці «кормяць», а самі маглі б жыць лепш. «Зараз зноў дастаецца гэты апрабаваны жупел», - заўважыў ён.

«Ніякіх саступак Беларусь не патрабуе. Кожны ў інтэграцыю ўносіць нешта такое, што цікава для ўсіх. І гэты ўклад абсалютна не абавязаны вымярацца толькі тонамі, кубаметрамі і барэлямі», - заявіў кіраўнік.

«Мы свядома падышлі да падпісання дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, па максімуму адстойвалі свае інтарэсы, з павагай ставіліся да пазіцыі партнёраў, правялі дбайны аналіз дакумента і адзначылі яго пазітыўныя бакі, - сказаў ён. - Але не сказаць пра тое, што некаторая незадаволенасць маецца, я не магу. У нас ёсць яшчэ магчымасць зрабіць нашы дамоўленасці лепш. Да ўзаемнай выгады ўсіх удзельнікаў дамовы».

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца шчырым і надзейным партнёрам, і выказаў надзею на паразуменне і канструктыўны падыход да вырашэння ўсіх пытанняў.

Фота: kremlin.ru

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках