20 красавiка 2024, Субота, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцу Марціна Углу дэпартавалі з Беларусі

24
Праваабаронцу Марціна Углу дэпартавалі з Беларусі

Кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen цяпер знаходзіцца ў Вільні.

Кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, якога 7 траўня не пусцілі ў Беларусь і трымалі пад вартай у транзітнай зоне аэрапорта, ужо знаходзіцца ў Вільні. Адтуль ён вяртаецца ў Стакгольм, перадае «Радыё Свабода».

«Раніцай мяне пасадзілі на самалёт. Мне пажадалі прыемнага палёту. Праўда, не сказалі «Да пабачэння». Я, у сваю чаргу, спытаў: ці значыць гэта, што Год гасціннасці ў Беларусі ўжо скончыўся? Але памежнік зрабіў выгляд, што не разумее пытання», - паведаміў Марцін Угла.

«Начаваў я на канапе ў пакоі, які знаходзіцца ў транзітнай зоне. Гэта пакой для асоб, якіх не пусцілі на тэрыторыю Беларусі. Са мной былі яшчэ тры іранца. Гэта не турэмная камера, а асобная зала, якая ахоўваецца. За мной назіралі тры ахоўніка - глядзелі, каб я не ўцёк», - распавёў Угла.

За суткі Углу два разы пакармілі бутэрбродамі, якімі звычайна частуюць пасажыраў авіярэйсаў.

«Супрацоўнік «Белавія», які прыносіў бутэрброды, здзівіўся, што я валодаю беларускай мовай», - адзначае праваабаронца.

Марцін Угла паведаміў, што яму так і не патлумачылі, чаму не пусцілі ў Беларусь:

«Мне проста заявілі, што я знаходжуся ў спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Я папрасіў растлумачыць сутнасць гэтай фармулёўкі, аднак яны адмовіліся. Яны таксама адмовіліся даць мне дакумент, які растлумачыў бы прычыны забароны».

Угла кажа, што адзінае сведчанне яго няўдалай паездкі ў Менск - гэта пячаць у пашпарце аб тым, што яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі.

Праваабаронца прызнае, што трапіць у Беларусь яму ў бліжэйшы час «нерэальна».

«Але я хачу пабываць у Беларусі і, натуральна, буду спрабаваць гэта зрабіць. Я не буду маўчаць і не буду спыняць крытыку за парушэнне правоў чалавека», - заявіў Марцін Угла.

Нагадаем, праваабаронца амаль суткі правёў у транзітнай зоне аэрапорта «Менск-2». Памежнікі адмовіліся яго ўпускаць у Беларусь, нягледзячы на тое, што ў Марціна Углы быў квіток на матч у рамках чэмпіянату свету па хакеі.

Шведская праваабарончая арганізацыя Östgruppen, на чале якой стаіць Марцін Угла, з'яўляецца адным з ініцыятараў міжнароднай кампаніі «Don't Play with the Dictator» («Не гуляйце з дыктатарам»), накіраванай супраць правядзення хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Менску.

Фота: facebook.com/taciana.reviaka

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках