29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Мэта Пуціна - знішчыць Еўрапейскі звяз.

27
Андрэй Саннікаў: Мэта Пуціна - знішчыць Еўрапейскі звяз.

Усё больш і больш людзей пачынаюць прачынацца ад таго, што робіць Крэмль.

Пра гэта лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Андрэй Саннікаў заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу France24. Прыводзім стэнаграму інтэрв'ю (пераклад - charter97.org).

- Лукашэнку, які кіруе Беларуссю, былой савецкай рэспублікай, называюць апошнім дыктарам Еўропы. Ён жорстка ставіцца да сваіх апанентаў - многіх пераследуюць і кідаюць у турмы, як адбылося з нашым сённяшнім госцем Андрэем Саннікавым. Яго прысудзілі да пяці гадоў зняволення за арганізацыю пратэстаў супраць вынікаў выбараў 2010 года. Перш чым стаць лідарам апазіцыі Андрэй Саннікаў быў кар'ерным дыпламатам і спецыялізаваўся на тэме кантролю за ядзернай зброяй. Сардэчна запрашаем.

- Дзякуй.

- Давайце пачнем з сітуацыі ва Украіне. Расея трапіла пад некаторыя санкцыі Захаду. Вядома, для Беларусі санкцыі не ў навіну. Ці працуюць яны?

- Яны працуюць, калі яны сур'ёзныя. Але не тады, калі ў іх ёсць шчыліны, як у выпадку Беларусі. У нас ёсць чыноўнікі, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі - я б нават назваў іх візавыя абмежаванні - але нават Лукашэнка ўсё роўна выязджае на дарагі адпачынак у Еўропу, знаходзячыся пад санкцыямі. Я думаю, што санкцыі працуюць, але толькі калі яны не абмяжоўваюцца візавымі забаронамі, а суправаджаюцца эканамічнымі санкцыямі супраць тых, хто падтрымлівае рэжымы накшталт рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

- Што з нагоды замарожвання актываў? Ці паўплывала гэта неяк на чыноўнікаў у Беларусі?

- Чыноўнікі заяўляюць, што ў іх няма актываў. Быў выпадак, калі адзін з набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў спрабаваў скарыстацца крэдытнай карткай у Нью-Йорку, але яна апынулася заблакаванай. Яны працуюць, але, зноў жа, калі ўводзяцца ў дзеянне. Я выйшаў на свабоду дзякуючы санкцыям супраць спонсараў рэжыму. Адразу пасля таго, як упершыню ў гісторыі нашай краіны былі ўведзеныя санкцыі супраць алігархаў, якія фінансава падтрымліваюць Лукашэнку, я і мой сябар выйшлі з турмы.

- Што вы скажаце з нагоды санкцый, уведзеных цяпер супраць Расеі? Ці маюць яны, па-вашаму, шанец быць эфектыўнымі?

- Мы можам меркаваць пра санкцыі супраць Расеі па яе дзеяннях ва Украіне. Раз дзеянні становяцца ўсё больш і больш агрэсіўнымі, мы можам канстатаваць, што яны не працуюць. Захад ідзе ў правільным кірунку, але занадта павольна. Думаю, што ў выпадку Расеі санкцыі павінны быць ўсебаковыя - палітычныя, эканамічныя і ваенныя.

- Давайце пагаворым пра рэгіянальныя наступствы гэтага крызісу. Якое, па-вашаму, яго значэнне для суседніх краін?

- Не толькі для суседніх краін. Я не думаю, што мы можам звужаць гэтую праблему да ўзроўню рэгіёну. Вядома, канфлікт мае першараднае значэнне для рэгіёну, наступствы вельмі важныя для Беларусі. Тое, што сёння адбываецца, гэта не проста акупацыя і анэксія Крыма, агрэсія Расеі супраць Украіны, гэта лютая абарона дыктатарскіх рэжымаў, устаноўленых на тэрыторыях былога Савецкага Саюза. Тое, што сёння робіць Крэмль, накіравана не толькі супраць краін рэгіёну, але таксама супраць самой Еўропы. Трэба разумець, што мэта Пуціна - знішчыць Еўрапейскі Звяз.

- Вы заяўлялі, што Еўропа не ўяўляе маштабу гэтага выкліку, што на самой справе мы сутыкнуліся з каштоўнасным крызісам...

- Менавіта так. Я думаю, што гэта сутнасць праблемы, паколькі тое, што зрабіла Украіна на Майдане і што ўкраінцы паказалі гераічнай абаронай сваёй будучыні, паказвае, наколькі важная падтрымка каштоўнасцяў. Майдан быў менавіта пра гэта.

Еўропа павінна зразумець, што гэта не пытанні геапалітыкі, тут няма месца «рэал-палітык», трэба абараняць каштоўнасці, на якіх пабудаваны Еўрапейскі Звяз. Тады будзе вынік.

- Вам, напэўна, вельмі складана пераконваць заходніх чыноўнікаў ці еўрапарламентароў, людзей такога роду, у важнасці каштоўнасцяў? Каштоўнасны аргумент цяжка выкарыстоўваць для пераканання, ці не так?

- Ведаеце, на словах усе робяць заявы пра каштоўнасці, але ў жыцці не заўсёды стаяць за каштоўнасці. У выпадку Беларусі гэта працягваецца ўжо вельмі доўга і ёсць вялікае расчараванне ў рашучасці Еўропы адстойваць каштоўнасці, у тым ліку і ў Беларусі. Так, часам гэта засмучае, але мне здаецца, усё больш і больш людзей пачынаюць прачынацца з-за таго, што робіць Крэмль.

- Вядома, як вы сказалі, канкрэтныя санкцыі дапамаглі вам выйсці на волю. Распавядзіце трохі пра ваш вопыт. Вы ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і атрымалі другі па колькасці галасоў вынік, саступіўшы толькі Аляксандру Лукашэнку. Што здарылася пасля гэтага?

- Вынік на самой справе быў вышэй за афіцыйны, таму што галасы ў Беларусі не лічаць. Відавочна, што павінен быў быць другі тур, у якім у Лукашэнкі не было б шанцаў. Асноўная выснова - калі ты кідаеш выклік дыктатару, ты павінен аддаваць сабе справаздачу аб верагодных рызыках. Тым не менш, альтэрнатыўныя кандыдаты, кандыдаты ад апазіцыі, правялі даволі актыўную кампанію. Я кажу «альтэрнатыўныя», таму што не ўсе яны былі ў апазіцыі. Было бачна, што Лукашэнка ніяк не мог набраць падтрымкі, неабходнай для перавыбрання. Ён спалохаўся, паколькі людзі былі супраць яго. Настолькі спалохаўся, што жорстка разагнаў абсалютна мірную дэманстрацыю. Амаль усе апазіцыйныя кандыдаты апынуліся ў турме, як і каля тысячы чалавек простых дэманстрантаў.

- Апазіцыя нясе адказнасць за сітуацыю ва Украіне з-за таго, што яны не змаглі прыйсці да адзінага падыходу?

- Для таго, каб змагацца з дыктатурай, не абавязкова павінна быць адзінства. Часам значна больш карысная дэцэнтралізацыя, як відаць на прыкладзе прэзідэнцкай кампаніі 2010 года ў Беларусі. Вядома, у любой сітуацыі няма толькі адной вінаватага боку. Але, трэба памятаць, што гэта дыктатура, самая жорсткая дыктатура ў Еўропе, існуе ўжо дваццаць гадоў, і лідараў апазіцыі забівалі.

Таму я ўвесь час заклікаю Еўропу рэагаваць неадкладна і сур'ёзна. У нас былі людзі, якія з'яўляліся рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку. Іх забілі ў 1999 годзе. Гэтыя выпадкі да гэтага часу не расследаваныя. Рада Еўропы распрацавала толькі адзін дакумент у 2004 годзе, але ўсё яшчэ застаюцца меры, якія можна прыняць.

- Гэта значыць, з боку Еўропы было асуджэнне на словах, але не больш...

- Не толькі на словах - я ўжо згадаў справаздачу Рады Еўропы, якая з'яўляецца досыць вылікай базай для далейшых дзеянняў. Вельмі важна тое, што зрабіў Біл Браўдэр у выпадку Магніцкага. Калі мы гаворым пра санкцыі, яны ўяўляюць сабой свайго роду акт палітычнай волі - калі ёсць канфлікт, яны ўводзяцца, калі няма канфлікту, яны здымаюцца, але ад гэтага вінаватыя не становяцца невінаватымі ў тых злачынствах, якія яны здзейснілі. Таму патрэбны закон.

- Вернемся да пытання адзінства апазіцыі. Ці не з'яўляецца гэта праблемай, калі частка апазіцыі кажа «мы павінны байкатаваць выбары», а іншая частка кажа «не, мы павінны ўдзельнічаць і быць пачутымі нават у цяжкіх умовах»?

- У нас быў вопыт, калі мы былі адзіныя ў байкоце - у 2000 годзе падчас парламенцкіх выбараў. У нас былі адзіныя кандыдаты ў 2001 і 2006 гадах, калі апазыцыя вылучыла аднаго кандыдата.

Але гэта дыктатура. Часам ёсць канцэптуальнае неразуменне: Захад чакае, што нейкія дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі спрацуюць. Не спрацуюць. Самы важны дэмакратычны інстытут - выбары - быў сумленным толькі аднойчы, у 1994 годзе, калі Лукашэнка апынуўся абраным у выніку пратэстнага галасавання. Але гэты дэмакратычны інстытут знішчаны. Ён яго адразу знішчыў. Таму не варта чакаць юрыдычна зразумелых паводзінаў дыктатуры.

- Як тады прыйдуць перамены? Апазіцыя не змагла адхіліць Лукашэнку ад улады за дваццаць гадоў, Еўропа не можа асабліва нічога зрабіць. Дзе адказ?

- Я думаю, што калі мы хочам дабра для Беларусі, мы павінны сканцэнтравацца на тым, каб пазбавіцца ад дыктатуры. Зараз, ва ўмовах расейскай агрэсіі супраць Украіны, мы павінны ўбачыць не толькі трагедыю і канфлікт, але і магчымасці. Шмат што зараз залежыць ад Захаду. Вы выразна сфармулявалі праблему - яна ў каштоўнасцях. Давайце не шкадаваць сіл на падтрымку гэтых каштоўнасцяў, і тады ўсё будзе магчыма і ва Украіне, і ў Беларусі, і з часам у Расеі.

- І апошняе пытанне. Ці не падаецца вам, што нават калі Лукашэнка сыдзе (бо гэта так ці інакш здарыцца), Беларусь застанецца памежнай тэрыторыяй паміж Расеяй і Захадам і будзе прадметам дзяльбы, як Украіна?

- Я не прымаю такую ​​логіку. Трэба нешта рабіць з падыходам, згодна з якім адна краіна вырашае лёс іншай. Калі Захад гатовы жыць побач з агрэсіўнай імперскай Расеяй, якая лічыць Украіну, Беларусь і іншыя краіны былога Савецкага Саюза сваімі сатэлітамі або нават сваімі тэрыторыямі, тады няма будучыні і ў Еўропы. Гэта трэба разумець.

Я хачу вырашаць свой уласны лёс сам. Калі Лукашэнка сыдзе, наступіць час для таго, каб выбраць іншы напрамак, які будзе адрознівацца ад дыктатуры і таталітарызму.

- Гэта значыць, у выніку еўрапейскія каштоўнасці пакладуць гэтаму канец. Дзякуй за ўдзел у праграме.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках