25 красавiка 2024, Чацвер, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвежскіх палітыкаў не ўпусцілі ў Беларусь

11
Нарвежскіх палітыкаў не ўпусцілі ў Беларусь

Двум нарвежскім палітыкам на мяжы адмовілі ва ўездзе ў Беларусь.

Пра гэта паведаміла прэс-служба аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Інцыдэнт адбыўся 8 траўня. Лідар «Моладзі Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі» Эміль Андрэ Эрстад і міжнародны дарадца арганізацыі Лінэ Нордхаўг прыляцелі ў Вільню, адкуль на цягніку адправіліся ў Менск. Беларускія памежнікі не далі ім уехаць у краіну, нягледзячы на наяўныя квіткі на матч паміж зборнымі Нямеччыны і Казахстана, які адбудзецца 10 траўня. Грамадзян Нарвегіі знялі з цягніка і перасадзілі на цягнік назад у Вільню, заявілі, што яны знаходзяцца ў спісе асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь.

«Мне цяжка ўявіць, якую небяспеку рэжым бачыць у маладых нарвежскіх палітыках. Але ў адзін цудоўны дзень дэмакратыя пераможа. Гэта ведаю і я, і Лукашэнка. Магчыма, менавіта таму ён і спужаўся», - пракаментаваў сітуацыю Эміль Андрэ Эрстад, якому ўжо адмаўлялі ва ўездзе ў Беларусь у 2012 годзе.

7 сакавіка ў Беларусь не пусцілі грамадзяніна Швецыі Марціна Углу - кіраўніка праваабарончай арганізацыі Оstgruppen. Ён быў затрыманы ў транзітнай зоне нацыянальнага аэрапорта Менск. Углу таксама было заяўлена, што ўезд у Беларусь для яго забаронены.

У Беларусі за кратамі знаходзяцца арыштаваныя на працяглыя тэрміны былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі і яшчэ сем палітвязняў. Акрамя таго, на працягу апошніх двух тыдняў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя больш за 20 актывістаў апазіцыі. Праваабаронцы звязваюць арышты з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках