20 красавiка 2024, Субота, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфляцыя ў Беларусі перавысіць 20% у год

37
Інфляцыя ў Беларусі перавысіць 20% у год

Беларусаў чакае яшчэ большы рост коштаў на тавары і паслугі.

Чаму ў Беларусі імкліва растуць кошты, каментуе выданню «Завтра твоей страны» фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб.

- Паводле прагнозаў урада, інфляцыя за ўвесь гэты год павінна скласці 11%. За пяць месяцаў, яна дасягнула амаль 9%. Чаму правальваюцца планы Саўміна?

- Яны першапачаткова мала ў каго выклікалі давер. А змякчэнне грашова-крэдытнай палітыкі, зніжэнне стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, адсоткаў па крэдытах яшчэ больш пагоршылі сітуацыю. Але выпраўляць становішча, падобна, ніхто не спяшаецца. Ужо прынятыя рашэнні жорстка не абмяжоўваць прырост крэдытавання. Першапачаткова лічылася, што ён павінен павялічвацца не больш чым на 0,7% у месяц. У выніку рост заробкаў у чарговы раз перавышае тэмпы прадукцыйнасці працы. Пустыя грошы разаграваюць кошты.

Яшчэ адзін стымулятар інфляцыі - неэфектыўнасць эканомікі. Яна стратная, знішчае дабаўленую вартасць замест таго, каб яе ствараць.

- Якім чынам можна знізіць рост інфляцыі?

- Трэба вырашыць дзве праблемы: манетарную і структурную. З манетарнага пункту гледжання неабходна спыніць паэтапнае зніжэнне стаўкі рэфінансавання, а, магчыма, нават яе павысіць. Але, у любым выпадку, без структурных рэформаў эканомікі праблемы не вырашыць. У лепшым выпадку, калі будзе палітычная воля, для гэтага спатрэбіцца не адзін год.

Зрэшты, пакуль улады спрабуюць вырашыць усе бягучыя праблемы з дапамогай знешніх крэдытаў.

- Колькі яшчэ можа пратрымацца краіна, жывучы ў доўг?

- Пакуль будуць даваць. Расейскія крэдыты больш падобныя на плату за палітычную лаяльнасць. Наколькі доўга Расея будзе падтрымліваць Беларусь як палітычнага саюзніка, прагназаваць вельмі складана.

- А які ваш прагноз адносна інфляцыі па выніках года?

- Калі б працягвалася досыць жорсткая палітыка, якая была ў пачатку года, інфляцыя не перавысіла б 15%. Але, паколькі ўрад пастаянна агучвае свае пажаданні па далейшым зніжэнні стаўкі рэфінансавання, цалкам рэальна, што паказчык інфляцыі можа апынуцца на ўзроўні 20% і нават вышэй.

Як паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта, харчовыя тавары ў траўні гэтага года ў параўнанні з красавіком падаражэлі на 3,5%, са снежнем 2013 года - на 12%. Кошты і тарыфы на платныя паслугі ў траўні ў параўнанні з красавіком павялічыліся на 2%, а з пачатку года выраслі на 14%. У гадавым вылічэнні да траўня 2013 года інфляцыя склала 19%.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках