25 красавiка 2024, Чацвер, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН ужо больш двух гадоў не разглядае справу Бяляцкага

14
ААН ужо больш двух гадоў не разглядае справу Бяляцкага

Разгляд справы палітвязня блакуюць беларускія ўлады.

Гендырэктар Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Антуан Бернар і жонка асуджанага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук просяць Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН паскорыць разгляд скаргі, якую яны падалі ад імя Бяляцкага два гады таму.

Просьба змяшчаецца ў адкрытым лісце, з якім Антуан Бернар і Наталля Пінчук звярнуліся да КПЧ ААН, паведамляе БелаПАН.

Скарга на неправамернае пазбаўленне Бяляцкага волі была пададзеная ў КПЧ 12 красавіка 2012 года. Яе аўтары пісалі ў камітэт аб парушэнні правоў Бяляцкага на асацыяцыю, на свабоду і асабістую недатыкальнасць і на справядлівае судовае разбіральніцтва (на падставе артыкулаў 9, 14, 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Парушэннем гэтых правоў з'яўляліся адмовы ў дзяржрэгістрацыі грамадскага аб'яднання «Вясна» ў 2007 і 2009 гадах, папярэджанне пракуратуры аб недапушчальнасці дзеяння ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксама крымінальны пераслед і асуджэнне Бяляцкага ў 2011 годзе.

«Па працэдуры разгляду справы ў камітэце, дзяржава павінна была прадставіць у адказ свае аргументы па дадзеным паведамленні. Але ўжо ў ліпені 2012 года пастаянная місія Рэспублікі Беларусь пры офісе ААН у Жэневе накіравала ў КПЧ ноту, у якой адназначна заявіла пра адмову дзяржавы супрацоўнічаць з камітэтам па гэтай справе і пра спыненне далейшых камунікацый у гэтай сувязі. З тых часоў дзяржава кіруецца дадзенай пазіцыяй, не падаючы ніякіх паведамленняў па справе, хоць КПЧ накіраваў Беларусі ўжо два нагадванні з прапановай даць каментары па сутнасці», - пракаментаваў сітуацыю Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна».

Такой жа пазіцыі, адзначыў ён, беларуская дзяржава прытрымліваецца на працягу апошніх некалькіх гадоў і па іншых справах, якія знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ ААН. Тым самым улады Беларусі парушаюць абавязацельствы, узятыя на сябе ў рамках Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У сувязі з гэтым, лічаць праваабаронцы, «няма ніякіх падстаў чакаць адказу дзяржавы па справе Бяляцкага і адкладаць па гэтай прычыне яе разгляд у КПЧ ужо больш за два гады».

«Той факт, што дзяржава адмовілася ад камунікацый з камітэтам, не з'яўляецца перашкодай да разгляду скаргі, і прадстаўнікі Бяляцкага звяртаюцца да камітэта з просьбай паскорыць гэты працэс», - патлумачыў Стэфановіч.

Алесь Бяляцкі ўжо амаль тры гады «знаходзіцца ў цяжкіх умовах папраўчай калоніі». «Магчымасці яго прававой абароны ўнутры дзяржавы вычарпаныя, і нават вельмі сур'ёзная міжнародная кампанія за яго вызваленне не прывяла да змены яго становішча. Рашэнне Камітэта па правах чалавека як органа, кампетэнцыю якога Беларусь прызнала па міжнароднай дамове, павінна даць ацэнку яго справе з пункту гледжання міжнароднага права. Калі камітэт прызнае парушэнне правоў Бяляцкага дзяржавай, то на апошнюю будзе ўскладзены юрыдычны абавязак ліквідаваць гэта парушэнне, на падставе артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах», - лічыць Валянцін Стэфановіч.

Старшыня цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прысуджаны нібыта за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, так як «Вясна» працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення. Тры гады запар Алесь Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках