20 красавiка 2024, Субота, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Індывідуальных прадпрымальнікаў чакаюць чарговыя «сюрпрызы» ад улад

37
Індывідуальных прадпрымальнікаў чакаюць чарговыя «сюрпрызы» ад улад

Інстытут спецімпарцёра - не апошняя скандальная ініцыятыва ўрада.

30 чэрвеня ў менскім гатэлі «Беларусь» пройдзе форум індывідуальных прадпрымальнікаў, на якім плануецца абмеркаваць умовы працы пасля 1 ліпеня. Арганізатарам форуму выступае рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва», паведамляюць «Беларускія навіны».

Нагадаем, згодна з указам № 222 з 1 ліпеня ІП абавязаны мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь. Гаворка ідзе аб першасных уліковых дакументах, што афармляюцца на тэрыторыі іншай краіны, абавязковых рэквізітах касавага чэка і іншых дакументах, якія пацвярджаюць аплату тавараў, а таксама аб рахунку-фактуры. «Пэрспэктыва» неаднаразова заяўляла, што ўказ № 222 паводле дакументаў нежыццяздольны, так як патрабаванне сертыфікацыі з пункту гледжання рознічнага гандлю немагчымае.

«Мы ўпэўненыя - ва ўказ і іншыя дакументы давядзецца ўносіць карэктывы. Пытанне ў тым, якую цану заплацяць прадпрымальнікі і якую цану заплаціць дзяржава», - адзначаецца ў каментары «Перспектывы». Арганізатары форуму спадзяюцца «быць пачутымі» ўладамі і падкрэсліваюць: мэта мерапрыемства - пошук вырашэння праблем ІП з дапамогай канструктыўнага дыялогу з урадам.

На форуме таксама плануецца абмеркаваць праект указа аб увядзенні інстытута спецімпарцёра на ўвоз шэрагу імпартных тавараў. Згодна з гэтым дакументам дзяржаве на паўгода (з 1 ліпеня 2014 года да 1 студзеня 2015 года) перадаецца выключнае права на здзяйсненнне імпарту цэлага пераліку тавараў, у тым ліку - радыё-, тэле-, відэа-і бытавой тэхнікі. Прыняцце ўказа ягоныя распрацоўшчыкі тлумачаць неабходнасцю абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы.

У сваю чаргу старшыня РГА «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка заяўляе: новаўвядзенні зноў-такі ўдараць па ІП, імпарт для якіх можа быць забаронены альбо абмежаваны.

«У якасці мэт прыняцця ўказа прапісаныя дзве мэты, якія ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі фактычна выключаюць адна адну, - гэта «задавальненне патрэбнасці на ўнутраным рынку Беларусі некаторымі імпартнымі таварамі ў шырокім асартыменце» і «абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы». Таму не выклікае сумневу, што складальнікі дакумента хітруюць і сапраўдная мэта дакумента - фактычна звесці да нуля імпарт тавараў, аналагі якіх вырабляюцца ў Беларусі. Калі будзе падпісаны гэты ўказ, то ІП прымусяць уносіць у абавязковым парадку ў асартыментную пералічку гандлю толькі альбо часткова беларускі тавар», - адзначае Шумчанка.

На думку кіраўніка «Перспектывы», «гэта не апошнія сюрпрызы ўрада»: «Сітуацыя ў эканоміцы ў пытаннях разгрузкі складоў цяжкая, таму будзе скарыстаны ўвесь набор сродкаў абароны ўнутранага рынку ад знешняй экспансіі тавараў. Ва ўмовах прымусовага гандлю беларускай прадукцыяй не думаю, што дзяржаву будзе хваляваць, як ІП пры гэтым прадаваць і плаціць арэнду і падаткі».

Лідар прадпрымальніцкага саюза звяртае ўвагу на тое, што галоўным дарадцам прэзідэнта ў пытаннях ІП з'яўляецца віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч і «усё, што сёння прымаецца ў дачыненні да малога бізнэсу, - гэта ягоныя ініцыятывы». «Чуць і прымаць пазіцыю малога бізнэсу дзяржава пакуль не жадае. Таму нам неабходна быць пачутымі», - падкрэсліў Шумчанка.

Фота: s13.ru

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках