20 красавiка 2024, Субота, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцём Радзькоў: Навошта забараняць бел-чырвона-белы сцяг?

31
Арцём Радзькоў: Навошта забараняць бел-чырвона-белы сцяг?

Абаронца зборнай Беларусі па футболе ганарыцца беларускай мовай.

Пра гэта былы абаронца БАТЭ, а зараз турэцкай «Генчлербірлігі», гулец нацыянальнай зборнай Арцём Радзькоў, які ў свой час вучыў Рэнана Брэсана беларускай мове, распавёў by.tribuna.com.

Футбаліст ганарыцца суграмадзянамі, якія размаўляюць на беларускай мове.

«Ганаруся Беларуссю, калі чую беларускую мову. Калі чую нешта па тэлевізары, радыё на беларускай, разумею - мы маем тое, што адрознівае нас ад іншых людзей. Мне прыемна, калі чую, як нехта на вуліцы размаўляе па-беларуску. Хоць сам яшчэ не гатовы перайсці на родную мову ў паўсядзённым жыцці. Па-добраму зайздрошчу такім людзям, іх смеласці. У нас жа ў краіне стаўленне да беларускамоўных людзей не лепшае. Шмат хто кажа: «Вось дзівакі». Гэта няправільна. Трэба ганарыцца сваёй краінай. Кожны дзень. Можа, тады ўсім стане добра. Многія не разумеюць, што ў нас сапраўды ўсё ў парадку: дарогі, будынкі... Прыехаў у Расею, а там хмарачос, а побач трушчобы, бруд... Гэта адразу кідаецца ў вочы. У нас няма такога расслаення», - сказаў ён.

Футбаліст таксама распавёў пра сваё стаўленне да бел-чырвона-белага сцягу.

«Не люблю , калі ідзе спекуляцыя з гэтай нагоды. Я не вельмі добра ведаю гісторыю, каб адназначна казаць, які сцяг больш правільны. Не хачу, каб дзяржаўны сцяг стаў падставай для падзелу людзей. Адны скажуць - мы за бел-чырвона-белы, а другія будуць за чырвона-зялёны. Гэта няправільна. Чаму не дазволіць два сцягі? Нельга забараняць адзін з іх.

Згодны, трэба ведаць гісторыю. Мне, можа быць, больш за іншых. Напэўна, прыйшоў час, калі мне стала цікава - што мы за народ. Напэўна, паездзіў па краінах, паглядзеў... Напрыклад, у Турцыі дзеці ў школе два разы на дзень спяваюць дзяржаўны гімн. У нас такога няма. Пасля гэтага пачынаеш задумвацца, нешта аналізаваць», - адзначыў Радзькоў.

Спартсмен прызнаўся, што не спявае гімн, калі гуляе за зборную Беларусі.

«Не спяваю, хоць ведаю словы. Адна справа - спяваць гімн. Іншая - добра ставіцца да сваёй краіны. Не спяваеш гімн - расстраляць? Гэта няправільна. Спяваеш - узнагародзіць ордэнам? Таксама няправільна. Можа быць, у выкінутай у скрыню паперцы больш патрыятызму, чым у гімне», - сказаў ён.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках