25 красавiка 2024, Чацвер, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Мікалаем Статкевічам штомесяц праводзяць «выхаваўчыя гутаркі»

20
З Мікалаем Статкевічам штомесяц праводзяць «выхаваўчыя гутаркі»

На думку адміністрацыі турмы, палітвязень «схільны да нападу і ўцёкаў».

«Увесь час забываю табе паведаміць - я ўсё яшчэ «схільны да нападу і ўцёкаў». Таму штомесяц са мной павінны праводзіць выхаваўчыя гутаркі», - пра гэта напісаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень Мікалай Статкевіч у лісце жонцы, паведамляе сайт statkevich.org.

«Неўзабаве пасля пераводу Мікалая з калоніі ў турму ў студзені 2012 года стала вядома, што, акрамя таго, што ён быў у экстраным парадку аб'яўлены злосным парушальнікам рэжыму, «які не стаў на шлях выпраўлення і мае намер пасля турмы весці злачынны лад жыцця», што і стала, уласна, падставай для пагаршэння рэжыму пакарання, яго яшчэ абвясцілі і «схільным да нападу і ўцёкаў», што яшчэ больш пагаршае становішча зняволенага, так як над ім устанаўліваецца дадатковы нагляд.

Прайшло больш за два гады і на днях, знаходзячыся каля турмы, я задала сабе пытанне: «А што ж з гэтымі дадатковымі абвінавачваннямі, ці адмянілі іх?». І літаральна праз дзень атрымала адказ, што Мікалай ўсё яшчэ «схільны да нападу і ўцёкаў» і штомесяц з ім праводзяць «выхаваўчыя гутаркі». Да таго ж, гэта дазваляе адміністрацыі ўстанаўліваць больш шчыльнае назіранне ў камеры і праз «акенца», і па-іншаму. Але ён жартуе, што «абяцае ні на каго тут не нападаць». Такія вось новыя старыя навіны», - распавяла жонка палітвязня.

Акрамя таго, Марына Адамовіч адзначыла, што Мікалай Статкевіч, як і Мікалай Дзядок, якога трымаюць у той жа турме, пісалі пра спякоту ў камеры. «Яго камера выходзіць, як я ведаю з лістоў, на поўнач, і сонца там бывае рэдка, толькі вясной і летам, але ў спякоту і там было душна. Таму Мікалай перажывае за тых, чые камеры выходзяць вокнамі на поўдзень, і адзначае, што гэта - «сур'ёзная плата за магчымасць бачыць сонца восенню і зімой», - распавяла Марына Адамовіч.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.

26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках