Расейскае ТВ: Лукашэнка мог весці перамовы пра прытулак для Януковіча
24- 23.06.2014, 8:46
- 44,260
Размова дыктатара і сына зрынутага прэзідэнта Украіны сапраўды магла адбыцца.
Такую версію выставіў расейскі тэлеканал РЕН-ТВ, які закрануў тэму аб розыгрышы Лукашэнкі пранкерам Ваваном. Сюжэт пра гэта выйшаў у праграме «Тыдзень з Мар'янай Максімоўскай».
«Кажуць, што, даведаўшыся пра розыгрыш, Лукашэнка раз’юшыўся. З'явілася, праўда, і іншая версія - пра тое, што размова Лукашэнкі і Януковіча-малодшага была рэальнай. Яе запісалі нейкія спецслужбы і «злілі» у прэсу. Версію пра званок пранкера проста прыдумалі потым для адводу вачэй», - кажа вядоўца праграмы.
У інтэрв'ю РЕН-ТВ пранкер адзначыў, што пакуль «пачакае з візітам у Беларусь», бо асцерагаецца арышту і помсты з боку дыктатара.
Нагадаем, тыдзень таму аб'ектам розыграша тэлефоннага хулігана стаў беларускі дыктатар: прадставіўшыся сынам экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, жартаўнік папрасіў у Лукашэнкі палітычнага прытулку для бацькі, а той пагадзіўся яго даць.
Паводле факту розыгрышу правадыр загадаў знайсці і пакараць хулігана, які яго разыграў. Пры гэтым ён запатрабаваў адправіць яго на нарыхтоўку кармоў. Лукашэнка папярэдзіў падначаленых, што калі гэтага не адбудзецца, то на палявыя работы адправяць кіраўніка КДБ і прэзідэнцкай адміністрацыі. Ад'ютант жа, які злучыў Лукашэнку з пранкерам, ужо пакараны.