20 красавiка 2024, Субота, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мясніковіч: Гэта не я

32
Мясніковіч: Гэта не я

Прэм'ер заяўляе, што не даваў даручэнняў увесці забаронныя захады на ўвоз тавараў.

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заяўляе, што ўрад не планаваў бліжэйшым часам уводзіць у краіне выключнае права для дзяржпрадпрыемстваў імпартаваць прадукцыю, аналагі якой вырабляюцца ў краіне.

"Урад не даваў даручэнняў аб увядзенні гэткіх захадаў і іншых загараджальных мер на ўвоз тавараў", - заявіў Мясніковіч, наведваючы напрыканцы мінулага тыдня Навагрудскі раён Гарадзенскай вобласці.

Выказванні прэм'ер-міністра цытуе прэс-служба беларускага ўрада.

У прэс-службе дадалі, што Мясніковіч назваў інфармацыю неадпаведнай рэчаіснасці, што з'явілася раней у некаторых інтэрнэт-СМІ краіны.

Раней планы органаў дзяржкіравання аб увядзенні інстытута спецімпарцёраў зняпраўдзілі ў міністэрстве прамысловасці Беларусі.

"Міністэрства прамысловасці пасля разгляду з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання пытання аб наданні выключнага права дзяржаве на рэгуляванне імпарту шэрагу прамысловых тавараў, працу ў падрыхтоўцы нарматыўнага дакумента ўважае за немэтазгодную", - паведамілі ў Мінпраме.

Там падкрэслілі, што "увядзенне спецімпарцёраў надалей не плануецца".

Як паведамлялася, у Беларусі быў распрацаваны праект дзяржаўнай пастановы, згодна з якой з 1 ліпеня ў краіне плануецца ўстанавіць выключнае права дзяржавы на ўвоз тавараў, аналагі якіх вырабляюцца на тэрыторыі рэспублікі.

Гэты дакумент распрацоўваўся Саветам міністраў і Мінпрамам. У адпаведнасці з дакументам, планавалася надаць тэрмінам на паўгода статус спецімпарцёра 12 прамысловым прадпрыемствам, у тым ліку адкрытым акцыянерным таварыствам "МАЗ", МТЗ, "Белшына", "Гарызонт", "Атлант", "Гомсельмаш" і некаторым іншым.

На мінулым тыдні прадстаўнікі бізнэс-супольнасці рэспублікі выступілі з рэзкай крытыкай дакумента, адзначаючы неадназначнасць прапанаваных дзяржорганамі захадаў у абароне ўнутранага рынку і ўласнага вытворцы.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках