23 красавiка 2024, aўторак, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Трусаў: Расейскія цэнтры ў Берасці і Гомелі - падрыхтоўка да анэксіі

73
Алег Трусаў: Расейскія цэнтры ў Берасці і Гомелі - падрыхтоўка да анэксіі

Беларусы крытыкуюць адкрыццё ў краіне «Расейскіх цэнтраў навукі і культуры».

Адзін з іх адкрылі ў Берасці. На ўрачыстую імпрэзу прыязджаў маршалак Дзяржаўнай думы Расеі Сяргей Нарышкін. Адкрыццё прайшло пры ўдзеле берасцейскіх улад і шырока рэкламавалася ў мясцовых СМІ, паведамляе «Радыё Свабода».

Берасцейскі «Расейскі цэнтр навукі і культуры» - пакуль першы ў Беларусі. Аднак плануецца адкрыць гэткі яшчэ і ў Гомелі. Са слоў стваральнікаў, гэткія ўстановы адкрываюцца ў розных краінах свету на асабістае распараджэнне Уладзіміра Пуціна.

Адкрыццё цэнтра выклікала ўстурбаванасць сярод грамадскіх дзеячаў у Беларусі. Вядомая архітэктарка берасцейска Ірына Лаўроўская выказала меркаванне, што «Расейскі цэнтр» будзе спрыяць русіфікацыі Берасця:

«Я не разумею нашых кіраўнікоў мясцовых, якія так бяздумна дазваляюць рабіць такія пампезныя адкрыцці... Трэба яшчэ згадаць, што ў нас у Берасці і так усё зрусіфікаванае. Аб якой нястачы расейскай культуры тут клапоцяцца расейцы, я не ведаю, тут усё зрусіфікаванае. Увогуле, тут трэба казаць аб экспансіі. Мяне гэта вельмі хвалюе, вельмі напружвае. Калі сёння я бачу ў Берасці дзяўчат у какошніках, то брыдка становіцца. Я б вельмі хацела, каб наш горад быў полікультурным, але перш за ўсё ён павінен быць беларускім».

Яшчэ больш катэгарычным быў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Адкрыццё цэнтраў расейскай культуры ў Беларусі адбываецца выключна з мэтай «расшырэння меж» «расейскага свету» і падрыхтоўкі да анэксіі Беларусі», - так адрэагаваў ён на інфармацыю аб адкрыцці цэнтра ў Берасці.

Трусаў мяркуе, што ў Беларусь «цягнуць імпэрскую культуру і праз тэлевізар, і праз царкву, і праз такія цэнтры». А гэтым часам беларусам бракуе як ведаў аб уласнай культуры, так і ведаў аб дэмакратычнай культуры Расеі.

Адкрыццё цэнтраў расейскай культуры - адзін з кірункаў дзейнасці для фармавання «пазітыўнага вобразу Расеі за мяжой». За гэта ў Расеі адказвае спецыяльная структура пад назвай «Россотрудничество». Прэзідэнт Уладзімір Пуцін афіцыйна заклікаў яе стаць галоўным правадніком канцэпцыі «мяккай моцы» - пра што пісаў год таму расейскі «Коммерсант».

«Россотрудничество» атрымлівае з расейскага бюджэту амаль дзевяць з паловай мільярдаў расейскіх рублёў. Прычым павелічэнне бюджэту «Россотрудничества» адбылося паводле спецыяльнага ўказу Уладзіміра Пуціна, калі бюджэт быў павялічаны адразу ў 4,5 разы.

Расейскія экспэрты называюць «Россотрудничество» аналагам амерыканскага USAID - агенцтва міжнароднага развіцця ЗША. Мяркуючы з некаторых выказванняў кіраўніка «Россотрудничества» Канстанціна Касачова, дзейнасць сваёй структуры ён успрымае як частку ідэалагічнай вайны за ўплыў.

З ЗША звязаны і самы гучны скандал у дзейнасці «Россотрудничества». Юрый Зайцаў, кіраўнік яго вашынгтонскага аддзялення, быў западозраны ФБР у шпіянажы і вэрбаванні амэрыканскіх грамадзян.

Касачоў асабліва вітаў адкрыццё Цэнтра расейскай культуры ў Берасці, ужо 60-га лікам: «Гэты цэнтр адкрывае прынцыпова новы этап у нашай дзейнасці. Адназначным прыярытэтам для нас робіцца прастора СНД, дзе мы пераходзім ад дэманстрацыі сцягоў на ўзроўні сталіц да рэальнай штодзённай працы на ўсёй гуманітарнай прасторы, якая аб'ядноўвае нашы краіны і народы», - заявіў ён.

У Беларусі «Россотрудничество», акрамя конкурсаў настаўнікаў і выдання зборнікаў расейска-беларускай паэзіі, актыўна падтрымлівае разнастайныя прарасейскія арганізацыі. Банэр на сайт «Вместе с Россией» стаіць проста на старонцы пасольства Расеі ў Беларусі. Падзяку «Россотрудничеству» за падтрымку яны выказалі ў адпаведнай рэзалюцыі, падпісанай Андрэем Герашчанкам, старшынём грамадскага аб'яднання «Расейскі дом».

Ультранацыяналістычна прарасейская «Русь молодая» таксама карыстаецца падтрымкай «Россотрудничества». Менавіта «Россотрудничество» стала арганізацыйных партнёрам правядзення ў Менску нацыяналістычнага спартовага турніру «Русский жим», які адбыўся ў траўні і адзначыўся канфліктам з ультрас клуба «Партызан».

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках