29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грамадзяне Беларусі і Ізраіля просяць адклікаць з Менска амбасадара Шагала

41
Грамадзяне Беларусі і Ізраіля просяць адклікаць з Менска амбасадара Шагала

Петыцыя з патрабаваннем адклікаць Ёзэфа Шагала з Беларусі з'явілася ў інтэрнэце.

Яна размешчаная на платформе Change.org. Аўтары дакумента, як стала вядома charter97.org, звярнуліся да прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху.

«8 лютага гэтага года Ёзэф Шагал у сваім інтэрв'ю тэлеканалу RTVi назваў грамадзян Беларусі - праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, асуджаных паводле палітычных матываў, крымінальнікамі. На пытанне аб пазіцыі Ізраіля, як адзінай дэмакратычнай дзяржавы на ўсім Блізкім Усходзе, у дачыненні да пытання палітвязняў у Беларусі, Шагал адказаў наступным чынам: «Як мы, па-вашаму, паставіліся б да палесцінца, які кінуў камень у Кнэсет? Хто ён - крымінальнік або палітвязень? Усе яны адбываюць тэрмін не паводле палітычнага, але паводле крымінальнага артыкула. Усё. За кіданне камянёў, атаку парламента». На ўдакладняючае пытанне аб тым, кім з'яўляюцца гэтыя людзі з пазіцыі Ізраіля, Шагал адказаў так: "З нашага пункту гледжання, яны з'яўляюцца крымінальнікамі, паколькі ў іх ёсць артыкул за абразу улад, хуліганства, за кіданне камянёў, і таму падобнае».

Між іншым, словы Шагала з абвінавачваннямі ў адрас Польшчы, якія прагучалі ў тым жа інтэрв'ю, былі неўзабаве абвергнутыя ізраільскім МЗС, паколькі гэта выклікала наймацнейшы гнеў у сяброўскай краіне, а тое, што сабе гэты ж спадар дазволіў на адрас змагароў з беларускім дыктарскім рэжымам, так нікога і не трывожыць», - адзначаюць аўтары заявы.

Яны адзначаюць, што за кратамі ў беларускіх турмах застаецца шэраг вядомых палітыкаў і грамадскіх актывістаў, у тым ліку экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

"Зыходзячы з выкладзенага, мы, - грамадзяне Ізраіля, Беларусі, а таксама іншых дзяржаў, - лічым такое становішча спраў вельмі недапушчальным і звяртаемся да Прэм'ер-міністра з просьбай даручыць МЗС афіцыйна дэзавуяваць выказванні амбасадара Шагала, дадзеныя ім у інтэрв'ю тэлеканалу RTVi і неадкладна адклікаць яго з Рэспублікі Беларусь, а таксама разгледзець пытанне прызначэння новай асобы, здольнай у сваіх прафесійных і маральна-дзелавых якасцях годна і эфектыўна прадстаўляць Дзяржаву Ізраіль», - гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, некалькі месяцаў таму з падобным зваротам да ўлад Ізраіля выступілі беларусы, якія прайшлі з палітычных прычын праз турмы і катаванні, а таксама сваякі вязняў сумлення. Такім чынам адрэагавалі на скандальную заяву амабсадара Ізраіля ў Беларусі Ёзэфа Шагала, які назваў беларускіх палітвязняў «крымінальнікамі».

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках