19 красавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэгіёны заклікаюць Менск страйкаваць разам

54
Рэгіёны заклікаюць Менск страйкаваць разам

Прадпрымальнікі з рэгіёнаў заклікаюць ІП Менска падтрымаць іх пратэст.

Старшыня арганізацыйнай групы для стварэння беларускага прафзвяза «Разам» Ірына Яцкевіч патэлефанавала ў рэдакцыю сайта charter97.org і папрасіла даць ёй магчымасць выказацца ў адказ на нядаўнюю публікацыю думкі менскага прадпрымальніка Аляксандра Макаева аб тым, што Менск і рэгіёны не выступяць адзіным фронтам супраць указу №222, які абавязвае ІП мець з 1 ліпеня сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь.

Так, прадпрымальнікі мелі намер да 30 чэрвеня падаць «нулявыя дэкларацыі», 1 ліпеня - сустрэцца з кіраўніцтвамі гарвыканкамаў і заявіць аб немагчымасці далей працаваць, 2 ліпеня - зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных, а 3 ліпеня - выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб выказаць пратэст супраць указу №222.

- Можа быць, Аляксандр Макаеў паспяшаўся з такімі заявамі? Нам і так цяжка трымаць раўнавагу, а пасля такіх заяў я не ведаю, напраўду, што рабіць. Калі ты не можаш паўплываць на тых, хто ў Менску, не «таўчы» тых, хто нешта робіць. Тым больш, я думаю, што і Менск часткова будзе падтрымліваць гэтую ініцыятыву, не трэба казаць за ўсіх.

- Што вы рабілі для таго, каб аб'яднаць прадпрымальнікаў у Віцебску?

- Мы правялі ў Віцебску два сходы: на Полацкім і на Смаленскім рынку. Мы ведаем, што ёсць праблемы, у тым ліку і з перавозкай тавараў. Пакуль пытанняў больш, чым адказаў.

Таксама мы накіравалі звароты ў Саўмін і Лукашэнку, нам даслалі ў адказ тры паперкі, дзе напісана «чакайце, вам адкажуць». Мы чакаем. Там выразна напісана, што калі да 1 ліпеня не будзе тлумачэння, як працаваць далей, то мы не можам і не будзем працаваць. А Менск, напэўна, верыць у запэўніванні чыноўнікаў, або яны ўклалі нейкі «пакт аб ненападзе».

30 чэрвеня - дзень, на які прызначаны форум прадпрымальнікаў у сталіцы - ужо нічога не вызначыць. Я думаю, гэта злачынства прызначаць правядзенне мерапрыемстваў так позна, бо няма ніводнага лішняга дня, няма 31 чэрвеня, калі можна было б хоць неяк паспець з чымсьці вызначыцца і паўплываць на сітуацыю. Людзі павінны вызначыць усё для сябе ўжо на момант правядзення форуму.

Заўтра мы будзем збірацца актывам. У мяне ўжо цяпер пытаюцца: «Што мы будзем рабіць?». У мяне такое пачуццё, што мы нейкія іншапланетнікі, што ў Менска нейкае сваё пэўнае заканадаўства.

- Што б вы хацелі сказаць менскім прадпрымальнікам?

- Ад вас вельмі б хацелася разумення. Нам вельмі патрэбная вашая падтрымка, а не канстатаванне таго, што «віншуем, рэгіёны, вы - самотныя!». Я ў паніцы, мне тэлефануюць іншыя прадпрымальнікі, пытаюцца, што гэта такое і, маўляў, чаму той, хто не ў стане паўплываць ні на што нават на адным рынку, «дабівае» астатніх.

Мы спадзяемся, што Менск уважліва пачытае дакументы, што ён зразумее, што на сёння няма ніводнага дазваляльнага дакумента, а ёсць абяцанні. Але калі цябе правяраюць, тваім абяцанням ніхто не верыць. Ва ўладаў ёсць інструкцыі, і яны будуць імі карыстацца.

Канстатацыя нібыта адсутнасці салідарнасці не дасць нічога добрага. Я не кажу, што Аляксандр Макаеў - дрэнны чалавек, але ж трэба несці адказнасць за свае словы. Не трэба баяцца здавацца мяккацелым. Калі ты хочаш нешта рабіць, трэба гэта рабіць хутка, тактоўна і не трэба ўсё размазваць па талерцы.

У беларускіх прадпрымальнікаў яшчэ ёсць надзея. Ёсць факты, супраць якіх проста няма чаго сказаць. Мы вельмі талерантныя і даверлівыя, але, на жаль, калі нас правяраюць, да нас гэтак жа не ставяцца.

Нагадаем, згодна з указам №222 з 1 ліпеня ІП абавязаныя мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь. Гаворка ідзе аб першасных уліковых дакументах, што афармляюцца на тэрыторыі іншай краіны, абавязковых рэквізітах касавага чэка і іншых дакументах, якія пацвярджаюць аплату тавараў, а таксама рахунка-фактуры. «Пэрспэктыва» неаднаразова заяўляла, што ўказ №222 дакументальна нежыццяздольны, бо патрабаванне сертыфікацыі з пункту гледжання раздробнага гандлю немагчымае.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках