25 красавiка 2024, Чацвер, 23:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтар «Малога канспіратара» прадставіў кнігу пра будучыню Польшчы

1

«Ёсць альтэрнатыва» - так называецца кніга польскага публіцыста і палітыка Чэслава Бялецкага.

Яе прэзентацыя, як паведамляе карэспандэнт charter97.org, прайшла 2 чэрвеня ў Варшаве.

«Гэта кніга пра найбольш важныя рэчы, якіх мы не зрабілі за 25 гадоў з часоў падзення камунізму. Пра рэчы, без якіх наша свабода і наша незалежнасць усё яшчэ крохкая», - піша аўтар у прадмове да выдання.

На думку Чэслава Бялецкага, сённяшняя дзяржаўная адміністрацыя Польшчы, судовая сістэма, нацыянальная абарона не гарантуюць краіне таго месца ў Еўропе, да якога яна імкнецца. Выхад ён бачыць, у тым ліку, у падрыхтоўцы новай палітычнай эліты краіны.

«На працягу гэтых 25 гадоў вырасла пакаленне фантастычных людзей, адкрытых для свету. Яны ведаюць і разумеюць гэты свет. У той жа час, Польшча мае адну з самых старых палітычных элітаў у Еўропе. Таму я пішу, што нам патрэбныя лідары класа «А», таму што яны будуць збіраць вакол сябе супрацоўнікаў класа «А плюс». Многія палітыкі класа B, якіх мы бачым на экранах тэлевізараў адчуваюць сябе лепш за ўсё сярод людзей класа C і D. Калі мы хочам моцнай Польшчы, яе трэба абараняць ад тых, хто здавольваецца малым», - заявіў Чэслаў Бялецкі на прэзентацыі сваёй кнігі.

Адной з галоўных тэм мерапрыемства стала сучасная сітуацыя ва Усходняй Еўропе, якая склалася пасля акупацыі Крыма Расеяй. Чэслаў Бялецкі ўпэўнены, што дзеля дабрабыту Польшчы ў будучыні ёй варта больш увагі надаваць пытанням абароны.

«У частцы «Бяспека, дысцыпліна і грамадзянская абарона» гаворыцца, што ўзброеныя сілы зноў павінны стаць другой пасля сярэдняй школы дэмакратычнай пляцоўкай выхавання грамадзяніна, чалавека, які разумее, што такое сукупнасць свабоды і дысцыпліны, правоў і абавязацельстваў. Сёння армія не з'яўляецца арганізацыяй, якая ўдзельнічае ў навучанні маладых людзей абароне айчыны. У той жа час нам можна падрыхтаваць усіх добраахвотнікаў, якія здольныя насіць зброю, да абароны дзяржавы», - сказаў ён.

Чэслаў Бялецкі браў удзел у барацьбе з камуністычным рэжымам у сваёй краіне з 60-ых гадоў мінулага стагоддзя, некалькі разоў быў арыштаваны. Падчас ваеннага становішча ў Польскай Народнай Рэспубліцы Чэслаў Бялецкі напісаў кнігу «Малы канспіратар», якая была перакладзеная на шматлікія мовы і да гэтага часу з'яўляецца адным з лепшых падручнікаў арганізацыі негвалтоўнага супраціву ва ўмовах падполля. Аўтар выдання неаднаразова падвяргаўся арыштам. У 1985 годзе Чэслаў Бялецкі абвясціў галадоўку ў турме. Пасля звяржэння камуністычнага рэжыму ён быў дарадцам прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, а таксама абіраўся ў Сейм краіны.

Фото: charter97.org
Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках