29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкладчыкі ЕГУ выйшлі на пікет у Вільні

2

У Вільні сем выкладчыкаў ЕГУ пікетавалі будынак гатэля «Domus Maria», дзе праходзіла сустрэча кіраўніцтва ўніверсітэта з інвестарамі.

Як паведаміў «Радыё Свабода» адзін з удзельнікаў пікету Максім Жбанкоў, выкладчыкі, сярод якіх тры сенатара, а таксама прадстаўнікі прафсаюза, трымалі плакаты, напісаныя па-англійску і па-літоўску: «Аўтарытарны ўніверсітэт для дэмакратычнай Беларусі?», «Мы - не гастарбайтэры», «Падроблены конкурс - падробленыя факультэты», «Дзе мае правы?», «Сустрэнемся ў судзе», «ЕГУ лічыць, што можа існаваць па-за літоўскага права?».

«Мы лічым, што самі прынцыпы арганізацыі конкурсу выкладчыкаў былі несправядлівымі, з яго былі выключаны тыя, хто павінен быў актыўна ўдзельнічаць паводле статута ўніверсітэта, - Сенат і студэнцкае прадстаўніцтва. Мы маем справу з адміністрацыйным выбарам лаяльных выкладчыкаў, які не мае нічога агульнага з акадэмічнымі свабодамі. Фактычна, ніякага конкурсу не было, было размеркаванне лаяльных супрацоўнікаў на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі. Ніякіх новых асоб не з'явілася, як было абяцана перад пачаткам конкурсу. Па-за вынікаў конкурсу засталіся тыя, хто не згодны з пазіцыяй адміністрацыі. Мы лічым конкурс падробленым, ён супярэчыць фундаментальным прынцыпам самога існавання ЕГУ. У выніку конкурс, які быў абвешчаны як сродак для вырашэння нашых пытанняў, загнаў універсітэт у яшчэ больш глыбокі ўнутраны крызіс. Гэта сведчыць аб тым, што адміністрацыя няздольная на тое, каб нешта зрабіць у справе вырашэння крызісу. Наша канчатковая мэта - ратацыя топ-мэнэджмэнту», - сказаў Максім Жбанкоў.

Па выніках конкурсу, які прайшоў у два этапа - папярэдні адбор заявак кандыдатаў і індывідуальныя размовы - выбралі 17 выкладчыкаў, з якімі падпішуць працоўную дамову на 5-гадовы тэрмін з поўнай занятасцю. Усяго разглядалася больш за 120 заявак.

 Максім Жбанкоў, які прапрацаваў ва ўстанове 8 гадоў і не трапіў у спіс 17 абраных выкладчыкаў, так ацаніў свой цяперашні статус у ЕГУ:

«Я цяпер ніхто. Ужо зараз адбываецца размеркаванне вучэбнай нагрузкі на наступны год. Але да гэтага часу невядома, хто будзе працаваць. Ужо нібыта адбыўся другі раўнд конкурсу, якога наогул не павінна было быць, але яго вынікаў мы не ведаем. Адміністрацыя адмаўляецца з намі размаўляць і што-небудзь дакладна тлумачыць. Сітуацыя непразрыстая і вельмі драматычная для значнай часткі тых, хто працаваў і хацеў працаваць яшчэ ў ЕГУ. Я працаваў у гэтай інстытуцыі 8 гадоў, на працягу якіх не было ні адпачынкаў, ні медыцынскай страхоўкі, быў абсалютна безабаронны. А зараз я не маю ніякіх перспектыў, звязаных з працай у ЕГУ. Я так разумею, што цяпер варта шукаць іншае месца працы».

Канфлікт адміністрацыі ўніверсітэта і выкладчыкаў ЕГУ, аб'яднаных у прафсаюз выкладчыкаў «Платформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

«Платформа» хоча вярнуць праекту ЕГУ яго першапачатковы сэнс - эфектыўнага беларускага гуманітарнага ВНУ з еўрапейскай якасцю адукацыі і навуковай працы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках